2008-05-09 12:02:20

З Апостальскакй Адгортацыі "Sacramentum Caritatis"


RealAudioMP3 Спажытак праўды заахвочвае нас выкрываць сітуацыі, нявартыя чалавека, у якіх людзі паміраюць з-за недахопу ежы, з прычыны несправядлівасці і эксплуатацыі, і дае нам новую моц і мужнасць вытрывала працаваць над стварэннем цывілізацыі любові. Ад пачатку хрысціяне імкнуліся дзяліцца сваімі дабротамі (пар. Дз 4, 32) і дапамагаць бедным (пар. Рым 15, 26). Міласціна, якая збіраецца падчас літургічных сходаў, з’яўляецца жывым напамінам аб гэтым, актуальнай неабходнасцю. Касцёльныя дабрачынныя ўстановы, асабліва Caritas, на розных узроўнях здзяйсняюць каштоўную паслугу дапамогі патрабуючым асобам, у першую чаргу найбольш бедным. Атрымліваючы натхненне з Эўхарыстыі, якая ёсць сакрамэнтам любові, яны становяцца яе канкрэтным выражэннем; таму заслугоўваюць ўсялякага адабрэння і падбадзёрвання за іх салідарную місію у свеце.
Сацыяльнае вучэнне Касцёла
91. Таямніца Эўхарыстыі заахвочвае і робіць нас здольнымі адважна ўдзельнічаць у структурах гэтага свету, каб несці туды гэтую навізну адносінаў, якая мае ў дары Бога сваю невычэрпную крыніцу. Малітва, якую паўтараем на кожнай св. Імшы: «Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння», абавязвае нас рабіць усё магчымае, у супрацоўніцтве з міжнароднымі ўстановамі, дзяржаўнымі і прыватнымі, каб спыніць ці прынамсі зменшыць ў свеце ганебны факт голаду і недастатковага харчавання, ад якога пакутуюць шмат мільёнаў асобаў, асабліва ў краінах, якія знаходзяцца на шляху развіцця. Асабліва свецкія хрысціяне, выхаваныя ў школе Эўхарыстыі, маюць непасрэдную палітычную і грамадскую адказнасць. Каб яны маглі адпаведна выконваць свае заданні, неабходна падрыхтаваць іх праз канкрэтнае выхаванне да любові і справядлівасці. Таму, як было прапанавана Сінодам, неабходна, каб у дыяцэзіях і хрысціянскіх супольнасцях знаёмілі з сацыяльным вучэннем Касцёла і пашыралі яго248. У гэтай каштоўнай спадчыне, якая паходзіць з самай старажытнай касцёльнай традыцыі, мы знойдзем элементы, якія з глыбокай мудрасцю кіруюць паводзінамі хрысціянаў у вырашэнні актуальных грамадскіх пытанняў. Гэтае вучэнне, што фарміравалася на працягу ўсёй гісторыі Касцёла, адзначаецца рэалізмам і раўнавагай, дапамагаючы такім чынам пазбягаць зманлівых кампрамісаў ці пустых утопій.
Асвячэнне свету і абарона стварэння
92. Каб развіць глыбокую эўхарыстычную духоўнасць, здольную значна паўплываць таксама на грамадства, неабходна, каб хрысціянскі народ, які складае падзяку праз Эўхарыстыю, усведамляў, што робіць гэта ў імя усяго стварэння, імкнучыся такім чынам да асвячэння свету і інтэнсіўна працуючы дзеля гэтага249. Сама Эўхарыстыя пралівае магутнае святло на чалавечую гісторыю і на ўвесь сусвет. У гэтай сакрамэнтальнай перспектыве дзень за днём мы даведваемся, што кожная касцёльная падзея мае характар знаку, праз які Бог сам нам ўдзяляецца і кліча нас. Такім чынам эўхарыстычная форма існавання можа сапраўды паспрыяць сапраўднай перамене менталітэту ў разуменні гісторыі і свету. Сама літургія вучыць нас гэтаму падчас ахвяравання дароў, калі святар узносіць да Бога малітву благаслаўлення і просьбы адносна хлеба і віна, «плоду зямлі», «вінаграднай лазы» і «працы рук людскіх». Гэтымі словамі, акрамя далучэння да ахвяравання Богу ўсёй дзейнасці і працы чалавека, абрад заахвочвае нас лічыць зямлю стварэннем Бога, якая нараджае для нас тое, што неабходна для нашага існавання. Яна не з’яўляецца нейтральнай рэчаіснасцю, чыста матэрыяльнай, каб выкарыстоўваць яе без разбору паводле чалавечага інстынкту. Яна мае месца ў добрым намеры Бога, паводле якога ўсе мы пакліканы быць сынамі і дачкамі ў адзіным Сыне Бога, Езусе Хрысце (пар. Эф 1, 4-12). Слушная занепакоенасць экалагічнымі ўмовамі, у якіх знаходзіцца створаны свет у многіх частках свету, знаходзіць суцяшэнне ў перспектыве хрысціянскай надзеі, якая абавязвае нас дзейнічаць адказна для абароны стварэння250. У сувязі паміж Эўхарыстыяй і сусветам мы сапраўды адкрываем еднасць Божага намеру і можам убачыць глыбокую сувязь паміж стварэннем і «новым стварэннем», пачатак якому дало ўваскрасенне Хрыста, новага Адама. Паводле моцы хросту мы ўдзельнічаем у ім ужо сёння (пар. Клс 2,12 і наст.). Такім чынам у нашым хрысціянскім жыцці, якое корміцца Эўхарыстыяй, адкрываецца перспектыва новага свету, новага неба і новай зямлі, дзе новы Ерузалем сыходзіць з неба ад Бога, «падрыхтаваны, быццам нявеста, прыбраная для свайго жаніха» (Ап 21, 2).
Карыснасць «Кампендыя» на тэму Эўхарыстыі
93. На заканчэнне гэтых разважанняў хачу затрымацца над тым, што ўзнікла ў выніку працы Сіноду, згаджаючыся з просьбай Айцоў Сіноду дапамагчы хрысціянскаму народу верыць, цэлебраваць і ўсё лепш асэнсоўваць эўхарыстычную таямніцу. Пры садзейнічанні кампетэнтных ведамстваў будзе падрыхтаваны «Кампендый», які будзе змяшчаць тэксты з «Катэхізіса Каталіцкага Касцёла», малітвы, тлумачэнні эўхарыстычных малітваў Імшала і ўсё, што можа быць карысным для правільнага разумення, цэлебрацыі і адарацыі сакрамэнту алтара251. Спадзяюся, што гэты дакумент паспрыяе таму, каб успамін Пасхі Пана з кожным днём усё больш станавіўся крыніцай і вяршыняй жыцця і місіі Касцёла і стымуляваў кожнага верніка зрабіць з уласнага жыцця сапраўдны духоўны культ.








All the contents on this site are copyrighted ©.