2008-05-02 13:00:36

Апостальская Адгортацыя "Sacramentum Caritatis"- працяг


Эўхарыстыя, таямніца, ахвяраваная светуЭўхарыстыя – ламаны хлеб дзеля жыцця свету RealAudioMP3
88. «Хлеб, які Я дам, гэта цела Маё дзеля жыцця свету» (Ян 6, 51). Гэтымі словамі Пан раскрывае праўдзівае значэнне дару з уласнага жыцця для ўсіх людзей. Яны паказваюць таксама ўнутранае спачуванне, якое Хрыстус мае да кожнай асобы. Шмат разоў Евангеллі перадаюць нам пачуцці Езуса адносна людзей, асабліва да церпячых і грэшнікаў (пар. Мц 20, 34; Мк 6,34; Лк 19, 41). Праз глыбокае чалавечае пачуцце Ён выражае збаўчы намер Бога адносна кожнага чалавека, каб той дасягнуў сапраўднага жыцця. Кожная эўхарыстычная цэлебрацыя сакрамэнтальным чынам актуалізуе дар, які Езус учыніў з уласнага жыцця праз смерць на Крыжы для нас і ўсяго свету. У той жа час у Эўхарыстыі Езус робіць нас сведкамі спачування Бога адносна кожнага брата і сястры. Такім чынам вакол эўхарыстычнай таямніцы нараджаецца служэнне любові адносна бліжняга, якое «заключаецца ў тым, што я люблю ў Богу і з Богам іншага чалавека, якога ў дадзены момант, магчыма нават і не ведаю або да якога не адчуваю сімпатыі. Такая любоў можа ажыццявіцца толькі тады, калі яна зыходзіць з інтымнай сустрэчы з Богам, сустрэчы, якая стала еднасцю волі і якая абуджае пачуцці. Менавіта тады я вучуся глядзець на іншую асобу не толькі маімі вачыма і праз мае пачуцці, але таксама з перспектывы Езуса Хрыста»240. Такім чынам я распазнаю ў асобах, якіх сустракаю, братоў і сясцёр, для якіх Пан аддаў сваё жыццё, любячы іх «дарэшты» (Ян 13,1). Як вынік, нашы супольнасці, калі цэлебруюць Эўхарыстыю, павінны ўсё больш разумець, што ахвяра Хрыста, прынесена за ўсіх, і таму Эўхарыстыя пабуджае кожнага веруючага стаць “хлебам ламаным” для іншых і прысвяціць сябе больш справядліваму і братэрскаму свету. Разважаючы пра размнажэнне хлеба і рыбы, мы павінны зразумець, што Хрыстус таксама і сёння працягвае заахвочваць сваіх вучняў асабіста ўзяць на сябе абавязак: «Вы дайце ім есці» (Мц 14,16). Сапраўды, пакліканне кожнага з нас – быць разам з Езусам хлебам, ламаным для жыцця свету.
Грамадскія вынікі эўхарыстычнай таямніцы
89. З’яднанне з Хрыстом здзяйсняецца ў сакрамэнце, які рыхтуе нас таксама да ўвядзення навізны ў грамадскія адносіны. «“Містыка” гэтага сакрамэнту мае грамадскі характар», бо «яднанне з Хрыстом з’яўляецца адначасова яднаннем з усімі, каму Ён дае сябе. Я не магу мець Хрыста толькі для сябе самога; я магу прыналежыць да Яго толькі ў еднасці з усімі, хто ўжо стаў або стане Ягоным»241. У сувязі з гэтым неабходна высветліць адносіны паміж эўхарыстычнай таямніцай і грамадскім абавязкам. Эўхарыстыя – гэта сакрамэнт камуніі паміж братамі і сёстрамі, якія згаджаюцца на паяднанне з Хрыстом. Ён з габрэяў і язычнікаў учыніў адзіны народ, разбураючы мур варожасці, што раздзяляў іх (пар. Эф 2, 14). Толькі няспыннае імкненне да паяднання дазваляе годна злучыцца з Целам і Крывёю Хрыста (пар. Мц 5, 23-24)242. Праз успамін сваёй ахвяры Ён узмацняе камунію паміж братамі і асабліва заахвочвае тых, хто канфліктуе, прыспешыць паяднанне, адкрываючыся на дыялог і на здзяйсненне справядлівасці. Несумненна, умовамі стварэння сапраўднага спакою ёсць аднаўленне справядлівасці, паяднання і прабачэння243. З гэтага нараджаецца імкненне перамяніць таксама несправядлівыя структуры, каб аднавіць пашану да чалавечай годнасці, створанай на вобраз і падабенства Бога. Праз канкрэтнае ажыццяўленне гэтай адказнасці Эўхарыстыя становіцца ў жыцці тым, што азначае ў цэлебрацыі. Як ужо меў магчымасць сцвярджаць, уласцівым абавязкам Касцёла не з’яўляецца ўдзел у палітычным змаганні дзеля стварэння больш справядлівага грамадства; аднак ён не можа і нават не павінен заставацца па-за барацьбой за справядлівасць. Касцёл «павінен удзельнічаць у ёй, маючы разумную аргументацыю, і абуджаць духоўныя сілы, без якіх справядлівасць, якая заўсёды патрабуе вырачэнняў, не можа ўсталявацца і развівацца»244.
У перспектыве грамадскай адказнасці ўсіх хрысціянаў Айцы Сіноду нагадалі, што ахвяра Хрыста ёсць таямніцай вызвалення, якая абуджае нас і няспынна правакуе. Таму звяртаюся з заклікам да ўсіх вернікаў, каб яны сапраўды спрыялі спакою і справядлівасці: «Хто ўдзельнічае ў Эўхарыстыі, абавязаны будаваць спакой у нашым свеце, пазначаным насіллем і шматлікімі войнамі, а сёння асабліва тэрарызмам, эканамічнай карупцыяй і сексуальнай эксплуатацыяй»245. Усе гэтыя праблемы ў сваю чаргу нараджаюць іншыя сумныя з’явы, якія вельмі непакояць. Мы ведаем, што гэтыя сітуацыі не могуць разглядацца павярхоўна. Менавіта ў моцы таямніцы, якую цэлебруем, неабходна выкрываць умовы, якія супярэчаць годнасці чалавека, за якога Хрыстус праліў сваю кроў, пацвярджаючы такім чынам вялікую каштоўнасць кожнага канкрэтнага чалавека.
Спажытак праўды і беднасць чалавека
90. Мы не можам заставацца пасіўнымі перад тымі працэсамі «глабалізацыі», якія нярэдка вядуць да празмернага павелічэння на сусветным узроўні розніцы паміж багатымі і беднымі. Мы павінны выкрываць тых, хто растрачвае багацці зямлі, нараджаючы няроўнасць, якая ўсклікае да неба (пар. Як 5, 4). Немагчыма маўчаць перад «ашаламляльнымі вобразамі вялікіх лагераў бежанцаў ці эмігрантаў у розных частках свету, групамі людзей, якія жывуць у часовых умовах, каб пазбегнуць яшчэ горшага лёсу, і якія маюць патрэбу ва ўсім. Ці ж гэтыя людзі не нашы браты і сёстры? Ці ж іх дзеці прыйшлі ў свет не з тым жа самым справядлівым жаданнем шчасця, як і іншыя?»246. Пан Езус, Хлеб вечнага жыцця, заахвочвае і робіць нас уважлівымі да сітуацый нястачы, у якіх знаходзіцца яшчэ вялікая частка чалавецтва. Гэтыя сітуацыі выкліканы страшнай безадказнасцю людзей. «На падставе даступных статыстычных дадзеных можна сцвердзіць, што меншая палова велізарных сум, прызначаных ва ўсім свеце на ўзбраенне, была б больш, чым дастатковай, каб пастаянна пазбаўляць нястачы вялікую колькасць бедных. Гэта выклік чалавечаму сумленню. Грамадствам, якія жывуць за мяжой беднасці – больш з-за сітуацый, залежных ад міжнародных, палітычных, гандлёвых і культурных адносінаў, чым з-за некантраляваных абставінаў, – нашыя агульныя намаганні на карысць праўды могуць і павінны даць новую надзею»247.








All the contents on this site are copyrighted ©.