2008-04-19 10:12:35

З нашага цыклу "Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус"- працяг


Мне ведама, што цяпер у Польшчы выдаецца Ніва, друкуюцца беларускія кніжкі, ёсьць там выдатныя пісьменьнікі: Сакрат Яновіч, Алесь Барскі, Паўлючук i шмат іншых. Толькі ў Польшчы не чуваць, каб хоць адзін быў сьвятар, які заняўся б беларусамі. A статыстыкі падаюць на тысячы беларусаў аўтахтонаў у Беласточчыне... Чаму дагэтуль у Драгічынскай i Беластоцкай сэмінарыях няма беларускай мовы, як прадмету? Спадзяюся, што часы Бацянскіх i ім падобных даўным мінулі, а можа я памыляюся? Нам ведама, што на Беларусь час-ад-часу езьдзяць “місіянеры”, якія ўважаюць, што зрабілі вялікую рэч, калі нейкай дэвотцы завезьлі польскі малітаўнік ці ружанец. Аднак я ніколі ня чуў, каб якісьці польскі сьвятар паважна жадаў пазнаць гісторыю беларускага Касьцёла, літаратуру, мову. Сяньня ў БССР пішуцца паважныя навуковыя працы, выдаюцца слоўнікі, шмат новых пісьменьнікаў i паэтаў – а хто ж з вас ix ведае. Вы ўспомнілі аб супольнасьці польскай, літоўскай i беларускай культуры ў Гродзеншчыне i Віленшчыне. Трэба перш пазнаць Беларусь, каб гаварыць аб ейнай культуры. На жаль, вашыя сьвятары гэтым не цікавяцца. Калі місіянеры маюць ехаць да Афрыкі ці ў Бразылію, яны перш імкнуцца пазнаць гэтыя народы, іхнюю мову. A адносна Беларусі i беларусаў?»
Пяткун адказаў толькі на Каляды 1980/81 году: «Шчыра дзякую за гэты ліст i за тое, што ён напісаны на беларускім дыялекце. Аказваецца, што пасля столькіх гадоў я ня ўсё забыўся... Прашу прабачыць мне, але нацыянальнае пытаньне на стыку Эўропы Ўсходняй з Заходняй сёньня належыць да анахранізмаў. Мы былі пасланыя з эвангельскім служэньнем да ўсіх народаў, а сёньня Госпад прыслаў да нас розныя народы. Гэта гістарычная нагода для спаўненьня збавеннага пасланства пад умоваю, што пытаньні нацыянальныя i культурныя агульнага характару пакінем супольнасьцям сьвецкіх людзей, лепш да гэтага падрыхтаваных»153.
Іншымі словамі, хай сабе сьвецкія спрачаюцца пра “беларускі дыялект”, а мы, сьвятары, будзем рабіць, як рабілі...
Было ясна, што далейшая перапіска ня мела сэнсу. Так сталася, што а. Пяткун памёр у красавіку 1981 году, a празь пяць месяцаў – біскуп Сіповіч. Ці знайшлі яны супольную мову ў небе?
Раздзел: Пісьменьнік і вучоны
Уладыка Чэслаў ня быў схільны да абстрактных разважаньняў: усё, што ён рабіў, мела нейкую канкрэтную, практычную мэту. Toe можна сказаць і пра ягоную пісьменьніцкую спадчыну, дзе ён заставаўся перш за ўсё сьвятаром i пастырам.
Пра першыя пісьменьніцкія спробы Сіповіча ў віленскі i рымскі пэрыяды ягонага жыцьця згадвалася ўжо вышэй (гл. разьдзелы “Вільня”, “У Вечным Горадзе”, “Пачатак апостальскай дзейнасьці”). У Лёндане ён рэгулярна супрацоўнічаў з часопісамі На шляху i Беларус на чужыне (1947–1950). Першы артыкул Сіповіча “Асновы беларускага патрыятызму” зьявіўся ў сьнежаньскім нумары часопісу Божым шляхам за 1947 год154. Артыкул, напісаны даволі кампэтэнтна, нагадвае студэнцкае практыкаваньне на зададзеную тэму, з абавязковай цытатай зь сьв. Тамаша Аквінскага пра герархічныя ступені нашых абавязкаў перад Богам, бацькамі i Бацькаўшчынай; i з параўнаньнем буржуазнага касмапалітызму, камуністычнага інтэрнацыяналізму i хрысьціянскага ўнівэрсалізму. Ёсьць думкі, якіх аўтар будзе трымацца праз усё жыцьцё, напрыклад: «Бываюць часам абставіны, што чалавек у імя дабра той жа самай бацькаўшчыны ёсьць змушаны прамаўчаць сапраўднае імя свае народнасьці ці бацькаўшчыны, але гэта толькі ў выняткавых выпадках. Аднак доўгае замоўчваньне свайго народнага імені i свае бацькаўшчыны, асабліва калі яе крыўдзяць i калі трэба выступаць у абароне яе правоў, сьведчыла б ня толькі аб малавартаснасьці таго, хто так паступаў бы, але было б для яго ганьбаю». Наагул артыкул цікавы ня гэтулькі зьместам, колькі як паказьнік спосабу мысьленьня аўтара i ягонага зацікаўленьня ў практычным ужываньні прынцыпаў веры. Гэта пацьвярджаюць наступныя артыкулы. Вось тытулы некаторых зь ix: “Часы Хрыста i нашы”155, “Сьвецкае апостальства”156, чатыры артыкулы пад агульным назовам “Рэлігійныя крывулі нашай інтэлігенцыі”157 ды інш. Нават артыкул “1054–1954”158 пра гісторыю i прычыны разрыву між Рымам i Канстантынопалем сканчаецца практычнымі высновамі: «Сёньня, дзякаваць Богу, адчуваецца ўсюды зразуменьне патрэбы адзінага хрысьціянскага фронту. Да чыста рэлігійных матываў, якія дыктуюць людзям неабходнасьць стараньня аб устанаўленьні адзінства, далучаецца яшчэ i дачасны матыў. Бязбожны камунізм ёсьць ворагам усіх рэлігіяў, але асабліва хрысьціянскіх; было б шмат лягчэй змагацца з гэтым ворагам, калі б было адзінства ў духу, праўдзе i на дзеле». Думка пра еднасьць хрысьціянаў ніколі не пакідала Ўладыку Чэслава, i яна так ці іначай прачытвалася амаль ва ўсіх ягоных артыкулах, казанях, справаздачах з Ватыканскага Сабору. Некаторыя зь ix цалкам прысьвячаліся гэтай тэме, напрыклад ягоная казань “Каб усе былі адно”159 ў Ўэстмінстэрскай катэдры 19 студзеня 1965 году з нагоды васьмідзённых малітваў за царкоўную еднасьць. Уладыка быў добрым прамоўцам, ён гаварыў жыва i займальна i ўмеў усталяваць непасрэдны кантакт з слухачамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.