2008-04-14 14:00:28

Дзень сустрэчы духавенства ў Менску


Сустрэча распачалася супольнай малітвай, духоўную канферэнцыю прачытаў дэкан Магілёўскі кс. Раман Факсінскі, які раскрыў тэму духоўнага айцоўства святароў, яго ролю і значэнне ў жыцці парафіі.

Галоўным канцэлебрантам святой Імшы быў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Пасля святой Імшы адбылася арганізацыйная сустрэча, падчас якой былі закрануты надзённыя пытанні з жыцця архідыяцэзіі. Акрамя таго, арцыбіскуп Тадэвуш расказаў пра свой удзел у Першым сусветным апостальскім кангрэсе Божай міласэрнасці, які праходзіў у Рыме 2-6 красавіка. Яго ўдзельнікі былі заахвочаны да правядзення рэгіянальных кангрэсаў. Культ Божай Міласэрнасці шырока распаўсюджаны ў нашай краіне, таму правядзенне падобнага кангрэсу плануецца і ў Беларусі.

Арцыбіскуп распавёў таксама пра сустрэу з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнка, падчас якой Прэзідэнту была прадстаўлена актуальная сітуацыя Каталіцкага Касцёла на Беларусі.

З нагоды IV Велікоднай нядзелі — Сусветнага дня малітвы за пакліканні — Мітрапаліт заахвоціў святароў і сясцёр законных даваць сведчанне аб распазнанні свайго паклікання.

У бліжэйшы час у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі плануецца правядзенне наступных сустрэчаў і мерапрыемстваў:
- 1–3 мая ў в. Лебедзева (Маладзечанскі р-н) — сустрэча для юнакоў, якія адчуваюць пакліканне да святарства або яшчэ не адкрылі свайго паклікання ў жыцці;
- Юбілей 225-годдзя ўстанаўлення Магілёўскай архідыяцэзіі (15 красавіка);
- Юбілей 210-годдзя ўстанаўлення Мінскай дыяцэзіі (9 жніўня);
- 500-годдзе заснавання першага касцёла ў Мінску — мінскай фары. Гэтай падзеі будзе прысвечана канферэнцыя, якая адбудзецца 6–8 чэрвеня.
- 9–11 мая ў цэнтры св. Лукі ў в. Ляскоўка (каля Бараўлянаў) адбудуцца рэкалекцыі на тэму «Як маліцца Божым словам?»

Паводле Catholic.by







All the contents on this site are copyrighted ©.