2008-04-05 08:52:21

З нашага цыклу "Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус"- працяг


Часам Уладыка Чэслаў меў радасьць вітаць сяброў сваёй маладосьці, як, напрыклад, Віктара Жаўняровіча, у мінулым вучня Друйскай гімназіі. Пасьля вайны ён застаўся ў Парыжы, дзе стаў вядомым мастаком. Уладальнік прыгожага голасу, ён любіў сьпяваць у царкве. У 1979 годзе Жаўняровіч наведаў Лёндан i пакінуў для бібліятэкі некалькі сваіх працаў, сярод якіх малюнак Друйскага кляштару.
Найменшую групу наведнікаў у 1970-х гадох складалі беларусы з савецкай Беларусі. Гэта зразумела, бо, каб паехаць за мяжу, грамадзяне Савецкага Саюзу мусілі пераадолець вялікія цяжкасьці. Часам некаторыя атрымлівалі дазвол адведаць сваякоў у Англіі. Перад выездам звычайна ix папярэджвалі ня мець ніякіх кантактаў зь “беларускімі буржуазнымі нацыяналістамі”. Іншыя прыяжджалі з турыстычнымі групамі i знаходзіліся пад пільным наглядам сваіх праваднікоў. Зрэдку маглі завітаць студэнты ці выкладчыкі, якія прыяжджалі ўдасканаліцца ў ангельскай мове i неяк знаходзілі спосаб наведаць Марыян Гаўз i Бібліятэку Ф. Скарыны. З зразумелых прычынаў яны не жадалі ніякага розгаласу. Тым ня менш яны былі важнай крыніцай інфармацыі пра палітычнае, нацыянальнае i рэлігійнае становішча ў Беларусі.
Часам у некаторых беларусаў атрымлівалася падмануць пільнасьць “анёлаў-ахоўнікаў”. Напрыклад, малады мастак Мікола Паўлоўскі ў 1979 годзе прыехаў з групай беларускіх мастакоў у Парыж і папрасіў палітычнага прытулку. Як ён пасьля вытлумачыў, ён не лічыў сябе палітычным дысыдэнтам, толькі захлынаўся ва ўдушлівай палітычнай атмасфэры, што панавала ў Савецкім Саюзе i не давала яму свабоды мастацкай творчасьці. Неўзабаве пасьля ўцёкаў Паўлоўскі пазнаёміўся з айцом Надсанам, які запрасіў яго ў Лёндан. Біскуп Сіповіч апісаў сустрэчу з Паўлоўскім у сваім дзёньніку 20 лютага 1980 году: «Прыехаў да нас з Парыжа мастак Мікола Паўлоўскі. Народжаны ён у Друі ў 1948 г. Праваслаўны. Кажа, што сярод людзей жыве яшчэ памяць пра айцоў марыянаў беларусаў. Ён сам знае прозьвішчы айцоў нашых Цікоты, Германовіча, Смулькі. Сам ён робіць уражаньне чалавека спакойнага, сканцэнтраванага, поўнасьцю аддадзенага мастацтву». На наступны дзень, 21 лютага, Паўлоўскі зрабіў у бібліятэцы даклад на тэму “Сучасныя плыні ў беларускай графіцы” i наладзіў невялікую выставу сваіх працаў, многія зь якіх ён стварыў пад уплывам паэзіі Максіма Багдановіча.
Выехаць на Захад з Польшчы, нягледзячы на камуністычны рэжым, было заўсёды лягчэй, чым з Савецкага Саюзу. Пасьля Другой сусьветнай вайны ў межах Польскай рэспублікі засталіся этнаграфічныя беларускія тэрыторыі зь некалькімі сотнямі тысяч жыхароў. Яны ўваходзілі ў склад Беластоцкага ваяводзтва i на ўсходзе межавалі зь Беларускай ССР. У яе паўночнай частцы (цэнтар – горад Саколка) жыло шмат каталікоў, a на поўдні пераважала праваслаўнае насельніцтва. Ад 1955 году беларусы ў Польшчы мелі свае школы, а таксама арганізацыі з цэнтрам у Беластоку, дзе выходзіла газэта Ніва з дадаткам для дзяцей Зорка. Апрача этнічных беларусаў трапляліся таксама г. зв. “рэпатрыянты”, г. зн. беларусы з савецкай Беларусі, якія падавалі сябе за палякаў, каб выехаць у Польшчу. Яны сяліліся пераважна ў заходніх правінцыях – тых, што перад вайною належалі да Нямеччыны. З малымі выняткамі яны зусім не ўсьведамлялі сябе беларусамі.
Беларускае жыцьцё ў Польшчы наймацней праяўляла сябе ў паўднёва-ўсходняй частцы Беласточчыны з цэнтрамі ў гарадох Бельск-Падляскі, Гайнаўка i Белавежа. Паўночная частка, Сакольшчына, была таксама беларускай. Адтуль у сваім часе выйшлі такія беларускія дзеячы, як айцец Язэп (Апанас) Рэшаць, аўтар Катэхізму на беларускай мове i кніг Сьвятыя i З гісторыі апалягетыкі хрысьціянскай; айцец Язэп Дашута, адзін з марыянаў, выселеных палякамі з Друі; айцец Казімер Кулак, арганізатар першых вунійных канфэрэнцыяў у Пінску; айцец Францішак Грынкевіч, які ў 1910 годзе заснаваў у Горадні гурток беларускай моладзі; доктар Станіслаў Грынкевіч, перакладчык на беларускую мову клясычнага твору асцэтычнай літаратуры Сьледам за Хрыстусам Тамаша Кэмпійскага. Айцец Антон Неманцэвіч, першы беларускі грэка-каталіцкі экзарх, нарадзіўся ў Пецярбурзе, але ягоныя бацькі паходзілі з Сакольшчыны. У 1918–1939 гадох польскія ўлады з дапамогаю Каталіцкай Царквы рабілі ўсё, каб зьнішчыць беларускасьць на гэтых землях. Беларускі сьвятар Віктар Шутовіч, вікарны ў парафіі Харошч, пісаў 25 красавіка 1939 году айцу Яну Тарасэвічу ў Чыкага: «Нас трымаюць цяпер, што вы ня маеце паняцьця! Пра беларускасьць ня можна слова сказаць, па-беларуску ксяндзом ня можна гаварыць i пісаць. Ha гэтыя тэмы забаронена пісаць i ў газэтах. Так далікатная цяпер у нас беларуская справа!» Перад вайною Беласток належаў да Віленскай дыяцэзіі, на чале якой ад 1926 году стаяў вядомы архібіскуп Ялбжыкоўскі. Той самы Ялбжыкоўскі зрабіўся адміністратарам часткі Віленскай дыяцэзіі, з цэнтрам у Беластоку, якая пасьля вайны засталася ў межах Польскай рэспублікі. Ён захоўваў гэтую пасаду да самай сьмерці ў 1955 годзе. У сьвеце, дзе ўсё так хутка мянялася, некаторыя рэчы трывалі нязьменнымі – прыкладам, стаўленьне Ялбжыкоўскага да беларусаў.
У 1971 годзе ў Лёндане памёр Дамінік Аніська родам з Сакольшчыны, стары беларус i пабожны каталік, які пісаў яшчэ перад Першай сусьветнай вайною ў Нашу Ніву, а пасьля вайны – у Хрысьціянскую Думку. З Саколкі прыехала дачка ягонай пляменьніцы, маладая дзяўчына, узгадаваная ў пасьляваеннай Польшчы. Яна зьдзівілася, калі пачула, як каталіцкія сьвятары размаўлялі па-беларуску. Але i ўсьцешылася, бо магла сама размаўляць “як у нас у хаце”.








All the contents on this site are copyrighted ©.