2008-03-27 12:48:15

"Львоўская газета" прапанавала сваiм чытачам напiсаць лiст Свяцейшаму Айцу ў падтрымку паскорання працэсу беатыфiкацыi мiтрапалiта Андрэя Шэптыцкага.


“Львоўская газета” 13 сакавiка бягучага года пачала унiкальную грамадзянскую iнiцыятыву пад назвай “Напiшы лiст Папе Рымскаму”. Iнiцыятыва накiравана на ўсхваленне мiтрапалiта Андрэя Шэптыцкага. У гэтым годзе спаўняецца 53 гады ад пачатку беатыфiкацыйнага працэса мiтрапалiта Андрэя. Супрацоўнiкi газеты “запрашаюць усiх жадаючых, незалежна ад веравызнання i нацыянальнасцi, якiя з павагай ставяцца да духоўнасцi i мудрасцi мiтрапалiта, да яго нястомнай працы i шчырасцi дасылаць лiсты-просьбы, каб быць пачутымi ў Ватыкане, каб Кангрэгацыя да спраў кананiзацыi святых убачыла, як украiнцы паважаюць вялiкiх людзей сваёй Царквы”.
Яшчэ да падарожжа Свяцейшага Айца Яна Паўла II° ва Украiну, якое адбылося 23 – 27 чэрвеня 2001 года, духавенства УГКЦ заявiла, што будуць беатыфiкаваны 27 пакутнiкаў. Вернiкi, як пiша “Львоўская газета”, спадзявалiся, што тады ж будзе завершаны працэс беатыфiкацыi Слугi Божага Андрэя Шэптыцкага. Аднак гэтага не адбылося.
Iнiцыятары сёлятняй акцыi пытаюцца, цi дастаткова сёння робяць вернiкi УГКЦ для таго, каб у Ватыкане адчулi, якой велiчнай асобай Царквы, Дзяржавы i Народа з’яўляецца Слуга Божы Шэптыцкi?
Бiаграфiя мiтрапалiта Андрэя, звароты грамадскасцi да Свяцейшага Айца Бенедыкта XVI° i ўзор лiста надрукаваны на старонках чацьвёртага номера “Львоўскай газеты”. Акрамя таго, чытачы будуць мець магчымасць надрукаваць узор лiста Папе з сайта выдання.







All the contents on this site are copyrighted ©.