Сустрэча арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з журналістамі
За тыдзень да Пасхальнага Трыдуума, найсвяцейшага для хрысціянаў часу на працягу ўсяго
года, — арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч правёў чарговую
сустрэчу з прадстаўнікамі беларускіх СМІ. На гэтай сустрэчы Мітрапаліт расказаў
пра бліжэйшыя падзеі ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якія запланаваны ў гэтым годзе.
«12 сакавіка адбылася Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Як найвышэйшая душпастырская
рада, яна збіраецца чатыры разы на год для вырашэння праблемаў мясцовага касцёла і
для вызначэння планаў на будучыню», —паведаміў Мітрапаліт. Самай значнай з планаваных
сустрэч з’яўляецца правядзенне ў другой палове ліпеня бягучага года ў Івянцы першай
сустрэчы каталіцкай моладзі. Адбудзецца яна ў тыя самыя дні, калі ў Сіднэі (Аўстралія)
будзе праходзіць Сусветны дзень моладзі. «Мы хочам, каб нашая моладзь перажывала гэты
ўрачысты дзень разам са сваімі аднагодкамі, магла духоўна яднацца са Святым Айцом
і моладдзю ў Сіднэі, — а таму паспрабуем правесці чарговы тэлемост. Мяркуем, што збярэцца
прыкладна каля чатырох тысяч маладых людзей з усіх дыяцэзій Беларусі», — сказаў арцыбіскуп
Тадэвуш Кандрусевіч. Наступнай па значнасці падзеяй, як адзначыў Мітрапаліт, стане
канферэнцыя, прысвечаная мучанікам, якая пройдзе напярэдадні свята Божай Міласэрнасці
28-29 сакавіка ў магілёўскім катэдральным касцёле святога Станіслава. «Плануецца таксама
восенню арганізаваць канферэнцыю, прысвечаную 30-годдзю абрання Караля Вайтылы Святым
Айцом. Гэты год у пастырскай праграме Каталіцкага Касцёла ў Беларусі — год слова Божага,
як крыніцы надзеі, таму ў Ватыкане адбудзецца чарговы сінод біскупаў, прысвечаны слову
Божаму ў жыцці і місіі Касцёла. Пасля яго заканчэння ў Беларусі плануецца канферэнцыя,
прысвечаная слову Божаму, на якую хочам запрасіць праваслаўных і пратэстантаў, бо
слова Божае для ўсіх — крыніца веры і надзеі», — адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Завяршыцца духоўны год снежаньскай канферэнцыяй, тэма якой — барацьба са СНІДам. Паводле
Cftholic.By