2008-03-14 13:20:02

Апостальская Адгартацыя "Sacramentum Caritatis"- працяг


Адарацыя і эўхарыстычная пабожнасцьУнутраная сувязь паміж цэлебрацыяй і адарацыяй RealAudioMP3 66. Кульмінацыйным момантам Сіноду была супольная, разам са шматлікімі вернікамі, эўхарыстычная адарацыя ў базыліцы св. Пятра. Гэтай малітвай сход біскупаў хацеў звярнуць увагу, не толькі словамі, на значнасць унутранай сувязі паміж эўхарыстычнай цэлебрацыяй і адарацыяй. У гэтым важным аспекце веры Касцёла знаходзіцца адзін з вырашальных момантаў касцёльнага шляху, здзейсненага пасля літургічнай адновы, пажаданай Другім Ватыканскім Саборам. У той час, як літургічная рэформа рабіла першыя крокі, унутраная сувязь паміж св. Імшой і адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту часам разумелася недастаткова ясна. Закіды, якія распаўсюджваліся, паходзілі з таго погляду, што эўхарыстычны Хлеб быў нам дадзены не для таго, каб яго сузіраць, але каб спажываць. Насамрэч, у святле досведу малітвы Касцёла гэтае супярэчанне беспадстаўна. Ужо св. Аўгустын сказаў: «Nemo autem illam carnem manducat, nisi prius adoraverit; peccemus non adorando»191 (няхай ніхто не есць гэты хлеб, калі папярэдне яго не адараваў; грашылі б мы, калі б яму не пакланяліся). У Эўхарыстыі Сын Божы сапраўды ідзе нам насустрач і прагне з’яднацца з намі; эўхарыстычная адарацыя нішто іншае, як відавочнае развіццё эўхарыстычнай цэлебрацыі, якая сама ў сабе з’яўляецца найвялікшым актам адарацыі Касцёла192. Прымаць Эўхарыстыю – значыць мець паставу адарацыі перад тым, каго прымаем. Менавіта так і толькі так мы становімся з Ім адно і смакуем нейкім чынам наперад прыгажосць нябеснай літургіі. Акт адарацыі па-за св. Імшой працягвае і ўзмацняе ўсё, што адбывалася падчас самой літургічнай цэлебрацыі. «Толькі ў адарацыі можна ўзрасці да глыбокага і сапраўднага прыняцця Хрыста. Менавіта ў гэтым акце асабістай сустрэчы з Панам сталее таксама грамадская місія, якая заключана ў Эўхарыстыі і якая прагне зламаць бар’еры не толькі між Панам і намі, але таксама і перш за ўсё бар’еры, якія раздзяляюць нас»193.
Практыка эўхарыстычнай адарацыі
67. Таму разам з сінадальным сходам горача заклікаю пастыраў Касцёла і Божы народ да практыкавання эўхарыстычнай адарацыі, як асабістай, так і супольнай194. У сувязі з гэтым вельмі карыснай будзе адпаведная катэхеза, якая б тлумачыла вернікам значэнне гэтага акту культу, які дазваляе больш глыбока і плённа ўдзельнічаць у літургічнай цэлебрацыі. У найбольш населеных цэнтрах, наколькі гэта магчымага, было б дарэчным вызначыць касцёлы ці капліцы, прыдатныя для няспыннай адарацыі. Акрамя таго, заклікаю, каб ў катэхетычнай фармацыі дзяцей, асабліва ў межах падрыхтоўкі да першай св. Камуніі, было раскрыта для іх значэнне і прыгажосць знаходжання з Езусам, каб павялічвалася іх захапленне адносна Яго прысутнасці ў Эўхарыстыі.
Прагну выказаць павагу і падтрымку ўсім інстытутам кансэкраванага жыцця, чые члены прысвячаюць значную частку свайго часу эўхарыстычнай адарацыі. Такім чынам яны з’яўляюцца для ўсіх прыкладам асобаў, якіх фарміруе рэальная прысутнасць Пана. Таксама хачу падбадзёрыць тыя аб’яднанні вернікаў і брацтвы, якія лічаць гэтую практыку сваім асаблівым абавязкам, становячыся такім чынам рошчынай кантэмпляцыі для ўсяго Касцёла і нагадваючы пра цэнтральнае месца Хрыста ў жыцці паасобных людзей і супольнасцяў.
Формы эўхарыстычнай пабожнасці
68. Асабістая сувязь, якую кожны вернік устанаўлівае з Езусам, прысутным у Эўхарыстыі, скіроўвае яго заўсёды да касцёльнай супольнасці, павялічваючы свядомасць яго прыналежнасці да Цела Хрыста. Таму, акрамя запрашэння паасобных вернікаў, каб яны асабіста знаходзілі час для малітвы перад сакрамэнтам алтара, лічу, што маім абавязкам з’яўляецца заахвочванне парафій і розных касцёльных груп да практыкавання сумеснай адарацыі. Зразумела, захоўваюць усю сваю каштоўнасць ужо існуючыя формы эўхарыстычнай пабожнасці. Маю на ўвазе, напрыклад, эўхарыстычныя працэсіі, асабліва традыцыйную працэсію ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, пабожную практыку саракагадзіннага набажэнства, мясцовыя, нацыянальныя і міжнародныя эўхарыстычныя кангрэсы і іншыя падобныя ініцыятывы. Належным чынам дастасаваныя да сучаснасці і да розных абставінаў, гэтыя формы пабожнасці заслугоўваюць на практыкаванне таксама і сёння195.
Месца табэрнакулюма ў касцёле
69. У сувязі з важнасцю захавання Эўхарыстыі і адарацыі, а таксама пашаны да сакрамэнту Ахвяры Хрыста, Сінод Біскупаў паставіў перад сабой пытанне наконт адпаведнага размяшчэння табернакулюма ў нашых касцёлах196. Яго правільнае размяшчэнне дапамагае ў выяўленні рэальнай прысутнасці Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Таму неабходна, каб месца, дзе захоўваюцца эўхарыстычныя постаці, з лёгкасцю заўважалі ўсе, хто ўваходзіць у касцёл, дзякуючы таксама лампадзе, якая павінна заўсёды гарэць. Для гэтага неабходна браць пад увагу архітэктуру сакральнага будынку: у касцёле, дзе няма капліцы для Найсвяцейшага Сакрамэнту, але ёсць галоўны алтар з табернакулюмам, трэба выкарыстоўваць гэтую структуру для захоўвання Эўхарыстыі і адарацыі, пазбягаючы размяшчэння ў гэтым месцы крэсла для цэлебранта. У новых касцёлах пажадана прадугледзець капліцу для Найсвяцейшага Сакрамэнту побач з прэзбітэрыем; там, дзе гэта немагчыма, лепш размясціць табернакулюм у прэзбітэрыі, у месцы дастаткова высокім, у цэнтры абсіды або ў іншым месцы, адкуль ён будзе добра бачны. Гэта надае вартасць табернакулюму, аб якой заўсёды трэба клапаціцца таксама з мастацкага пункту гледжання. Зразумела, неабходна зважаць на тое, што прадпісваюць у сувязі з гэтым Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала197. У любым выпадку апошняе рашэнне адносна гэтага пытання належыць дыяцэзіяльнаму біскупу.








All the contents on this site are copyrighted ©.