Раздзел: Старыя і новыя прыяцелі Вярнуўшыся з Рыму ў 1969 годзе, Уладыка
Чэслаў поўнасьцю аддаўся працы сярод беларусаў. Гледзячы на ягоную энэргію i жыцьцярадаснасьць,
ніхто, апрача самых блізкіх, не падазраваў, што ён меў праблемы з здароўем. Ён заўсёды
меў з сабою лекі ад сардэчнай хваробы. Частыя падарожжы самалётам, напэўна, ня йшлі
яму на карысьць. Часам згадкі пра благое самаадчуваньне сустракаюцца ў ягоным дзёньніку,
напрыклад, 11 верасьня 1975 году ў самалёце пa дарозе ў Нью-Ёрк: «Пасьля абеду пачало
ў мяне біцца моцна сэрца, мусіў прыняць пігулку, i то яшчэ доўга не ўспакойвалася».
Між іншага, у Нью-Ёрку ён пытаўся рады ў беларускага лекара, доктара Вітаўта Тумаша
(1910–1998), аднаго з найбольш выдатных дзеячаў беларускай дыяспары. Прыехаўшы ў Амэрыку
на пачатку 1950-х гадоў, ён знайшоў працу ў шпіталі ў адным з найбяднейшых раёнаў
Нью-Ёрку i працаваў там аж покуль не пайшоў на пэнсію. Увесь вольны час ён аддаваў
вывучэньню жыцьця i дзейнасьці свайго слаўнага папярэдніка, доктара лекарскіх навук
Францішка Скарыны. Можна безь перабольшаньня сказаць, што Тумаш – адзін з найбольшых
аўтарытэтаў у галіне скарыназнаўства, а ягоныя шматлікія працы зрабілі паважны ўнёсак
у вывучэньне беларускай культуры эпохі Рэнэсансу. Як лекар ён бязь лішняга розгаласу
быў заўсёды гатовы прыйсьці з дапамогаю тым, хто ў патрэбе. Уладыка Чэслаў меў вялікую
павагу да Тумаша, а таксама давер да ягоных лекарскіх ведаў. У ягоным дзёньніку ёсьць
такі запіс 18 чэрвеня 1975 году: «Па дарозе затрымваемся ў Запруднікаў, каб атрымаць
лякарства, якое прыслаў мне др Тумаш». У пераліку справаў, якія трэба зрабіць у Нью-Ёрку
пасьля Эўхарыстычнага Кангрэсу ў жніўні 1976 году, знаходзім такі пункт: «Др В. Тумаш:
парадзіцца аб здароўі». Уладыка Чэслаў ведаў вартасьць сапраўднай прыязі, паводле
словаў старазапаветнага мудраца: “муж приязливый ко дружбе лепший и больший приятель
будеть нежели брат” (Кніга Прыповесьцяў 18:24. Пераклад Францішка Скарыны).Таму прыязнасьць да сваіх прыяцеляў ён захоўваў праз усё жыцьцё. Такімі прыяцелямі
ў Злучаных Штатах былі Францішак i Вера Бартулі, абое людзі незвычайнай дабрыні. Іхны
дом заўсёды адчыняў свае дзьверы для ўсіх беларусаў, што прыяжджалі ў Нью-Ёрк. Да
1957 году Бартулі жылі ў Лёндане i належалі да парафіі тады яшчэ айца Сіповіча. Часта
бываючы ў Амэрыцы, ён ніколі не абмінаў іхнага гасьціннага дому. 19 чэрвеня 1975 году,
перад тым як пакінуць Нью-Ёрк, Уладыка Чэслаў запісаў у сваім дзёньніку: «Ва ўсіх
маіх паездках i працах шчыра i з любоўю памагалі мне Бартулі. Няхай ім добры Бог за
гэта адплоціць». Пад канец сваёй другой паездкі, 12 кастрычніка таго году, біскуп
Сіповіч занатаваў: «Ф. Бартуль адвозіць мяне на Кэннэды лётнішча... Усе мы ўсхваляваныя
больш чымся заўсёды. Ha вачох сьлёзы. Ultimum vale est acerbum (апошняе разьвітаньне
горкае)». Так атрымалася, што гэта было не апошняе спатканьне: яны яшчэ бачыліся ў
1976 i 1978 гадох. Беларуская грамада ў Нью-Ёрку мела рэпутацыю аднаго з найвялікшых
i найлепш зарганізаваных беларускіх асяродкаў на амэрыканскім кантынэнце. Там знаходзілася
шмат беларускіх установаў i арганізацыяў – моладзевых, навуковых, рэлігійных. Утварылася
таксама адна агульная арганізацыя, Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне (у скароце
БАЗА) з Галоўнай Управай у Нью-Ёрку. Звычайна БАЗА праводзіла прыёмы для больш выдатных
гасьцей зь іншых краінаў. У 1957 годзе прыехаў першы раз у Амэрыку айцец Сіповіч.
Вось што пра гэта сказана ў ягоным дзёньніку 16 верасьня: «Заладзіўшы (мытныя фармальнасьці.
– А.Н.) пайшоў да бар’еры i з прыемнасьцю пазнаў суродзічаў, на мяне чакаючых,
сп. сп. Адамовіча i Шукелайця... Яшчэ па дарозе ў таксі сп. Шукелайць казаў шмат рэчаў
аб тутэйшых амэрыканскіх беларусах. Між іншым аб інцыдэнце, які здарыўся на ўправе
БАЗА. Калі была пастаўлена справа спаткаць мяне i калі сп. Шукелайць жадаў ад усіх
агульнай падтрымкі, Дварэцкі П. запытаў яго: “А вы, сп. Шукелайць, якой рэлігіі?”
Гэта вельмі Шукелайця i ўсіх іншых абурыла». З таго часу Ўладыка Чэслаў шмат разоў
наведаў Нью-Ёрк, прысутнічаў на многіх імпрэзах (некаторыя ладзіліся адмыслова ў ягоны
гонар) такіх установаў, як Беларускі Інстытут Навукі i Мастацтва або Беларускае Акадэмічнае
Каталіцкае Аб’яднаньне “Рунь”. Але яму давялося чакаць 18 гадоў, пакуль БАЗА зарганізавала
нешта падобнае. Прыём у гонар біскупа Сіповіча адбыўся 14 чэрвеня 1975 году ў адным
зь нью-ёрскіх рэстаранаў. Старшыняваў Францішак Бартуль. Першы прамаўляў Др Станіслаў
Станкевіч, рэдактар газэты Беларус, які за два гады да таго гасьцяваў у Бібліятэцы
Ф. Скарыны ў Лёндане. Доктар Тумаш параўнаў дзейнасьць біскупа Сіповіча зь дзейнасьцю
кс. Адама Станкевіча ў Вільні перад вайною. Сп-ня Зінаіда Станкевіч ад імя беларускіх
жанчын гаварыла пра чалавечыя рысы характару біскупа Сіповіча: ён заўсёды імкнуўся
ісьці насустрач кожнаму. Біскуп запісаў у сваім дзёньніку: «Гэта першае афіцыяльнае
прыняцьце для мяне, ладжанае аддзелам БАЗА».