2008-03-06 14:05:14

Сусветны Патрыярх Барталамей I° знаходзiцца з вiзiтам у Iталii.


4 сакавiка на факультэте мiжнародных спраў i дыпламатыi унiверсiтэта г. Трыест Сусветнаму Патрыярху Барталамею I° было прысвоена ганаровае званне “honoris causa”.
У прамове, сказанай у адказ, Патрыярх звярнуў увагу на значэнне дыялогу рэлiгiй i культур у пабудове будучынi Еўропы. Пры гэтым ён зазначыў, што “Божая дыпламатыя рашуча адрознiваецца ад чалавечай дыпламатыi”. “Бог у сваёй метадалогii не трактуе як супрацiўнiка цi ахвяру, якую трэба да чагосцi прымусiць, але як сына, якога Ён вучыць любовi” – сказаў галава Канстантынопальскага Патрыярхата.
6 сакавiка, а 12 гадзiне, Барталамей I°, разам з суправаджаючымi яго асобамi, сустрэўся з Бенедыктам XVI°. Пад час спаткання былi абмеркаваны агульныя пытаннi злучаныя з праблемамi зносiнаў памiж праваслаўнымi i католiкамi.
У другой палове дня, а 17 гадзiне, высокi госць з Канстантынопаля прыняў удзел у святкаваннi 90-гадавiны з моманту заснавання Папскага Усходняга iнстытута, у якiм ён сам некалi вучыўся. Ва ўрачыстасцi з боку Каталiцкай Царквы прынялi ўдзел: Прэфект Кангрэгацыi да спраў Усходнiх Цэркваў i Вялiкi канцлер Папскага Усходняга iнстытута кардынал Леонардо Сандрi; Старшыня Папскай рады да спраў па спрыянню еднасцi хрысцiянаў кардынал Вальтэр Каспер; выкладчыкi згаданага iнстытута на чале з рэктарам айцом-езуiтам Чырылам Васiлем; студэнты iнстытута, якiя, дарэчы, належаць да розных хрысцiянскiх канфесiй.
Пасля абмена прывiтальнымi словамi Барталамей I° звярнуўся да прысутных з прамовай. У ёй Барталамей I° адзначыў уклад iнстытута, заснаванага Свяцейшым Айцом Бенедыктам XV°, у развiццё царкоўных навук, перад усiм тэалогii i кананiчнага права; высока ацанiў шматлiкiя публiкацыi акадэмiчнага характара, якiя ўбачылi свет дзякуючы навуковым даследванням выкладчыкаў i навучэнцаў Папскага Усходняга iнстытута. У далейшай частцы сваёй прамовы Канстантынопальскi Патрыярх звярнуў увагу на розныя аспекты тэалагiчнага i лiтургiчнага характара, якiя вывучаюцца ва Усходнiм iнстытуте, што служаць справе лепшага паразумення памiж Захадам i Усходам, а значыць да экуменiчнага наблiжэння.
Потым, як i было запланавана, адбылася канфярэнцыя з удзелам праваслаўнага ерарха. Адкрыў яе дэкан факультэта Усходнiх царкоўных навук айцец-езуiт Эдвард Фаруджа. Пад час канфярэнцыi прысутныя ў залi выкладчыкi i студэнты задалi Барталамею I° розныя пытаннi, якiя тычылiся ў асноўным экуменiчных праблем.
Трэба адзначыць, што спатканне з Сусветным Патрыярхам у яго “alma mater” прайшло ў шчырай сяброўскай атмасферы.







All the contents on this site are copyrighted ©.