2008-02-27 13:51:47

Прэс-канфэрэнцыя, прысьвечаная тэлемосту Мінск-Ватыкан


26 лютага 2008 г. у мінскай мітрапалітальнай курыі адбылася прэс-канферэнцыя з удзелам арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча, прысвечаная тэлемосту «Еўропа і Амерыкі разам для пабудовы цывілізацыі любові», які 1 сакавіка ўпершыню злучыць студэнцкую моладзь Беларусі з Ватыканам і яшчэ дзевяццю краінамі Еўропы і абедзвюх Амерык. У прэс-канферэнцыі бралі ўдзел адказны за сродкі масавай інфармацыі пры cакратарыяце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кс. Аляксандр Амяльчэня і прадстаўнікі прэсы.
Напачатку арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прывітаў усіх прысутных і падзякаваў прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі за асвятленне падзеяў з жыцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.
Мітрапаліт распавёў пра гісторыю ўзнікнення традыцыі «віртуальнай малітвы са Святым Айцом», што была закладзена Слугою Божым Янам Паўлам ІІ, які таксама з’яўляецца арганізатарам сусветных моладзевых сустрэчаў.
«Ян Павел ІІ, які вельмі клапаціўся пра духоўную фармацыю моладзі (...), арганізаваў малітоўныя ружанцовыя сустрэчы са студэнтамі Рыма, якіх Святы Айцец запрашаў у Ватыкан, дзе і адбывалася гэтая малітва. Я чуў пра гэта, аднойчы мне нават пашчасціла стаць удзельнікам такой малітвы. Я быў запрошаны на вячэру да Яна Паўла ІІ, пасля якой Святы Айцец запрасіў мяне на малітву ў залу святога Клімэнта, дзе Папу ўжо чакала мноства студэнтаў. (...) Гэта было прыкладна дзесяць гадоў таму назад. У той час малітва транслявалася толькі па радыё Ватыкана. Пазней у гэтай малітве пажадалі прымаць удзел студэнты з іншых краінаў свету. (...) У 2002 годзе трансляцыя малітвы была арганізавана па тэлебачанні. Да малітвы далучылася некалькі краінаў Еўропы, у тым ліку і Масква», — паведаміў арцыбіскуп.
На пытанне журналістаў ці ведае Мітрапаліт рэальныя выпадкі, калі тэлемост са Святым Айцом карэнным чынам змяніў жыццё чалавека, арцыбіскуп адказаў: «Падчас першага тэлемосту ў 2002 годзе Ватыкан выказаў жаданне, каб сведчанні прагучалі з Масквы (...). Выступіў прафесар маскоўскага універсітэта, выкладчык філасофіі, які меў каля шасцідзесяці гадоў. Ён сказаў сваё сведчанне, а на заканчэнне — гэта не было запланавана — перад усімі камерамі прамовіў: „А цяпер я прашу прыняць мяне ў супольнасць Касцёла“. Гэты чалавек разам са сваёю сям’ёю на працягу цэлага года наведваў заняткі па катэхезацыі, а ў наступным годзе на Вялікдзень я яго ахрысціў».
Іерарх падкрэсліў вялікае значэнне гэтай падзеі для Каталіцкага Касцёла на Беларусі: вернікі, якія заўсёды прагнуць вітаць Святога Айца на сваёй Радзіме, змогуць памаліцца разам з ім дзякуючы тэлемосту. Мітрапаліт адзначыў таксама вялікае значэнне гэтага мерапрыемства для беларускага Касцёла ў сусветным і грамадскім кантэксце, якое паслужыць «папулярызацыі нашай краіны» — увесь свет даведаецца пра Касцёл у Беларусі.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і кс. Аляксандр Амяльчэня пазнаёмілі прысутных з праграмай правядзення тэлемосту і запрасілі ўзяць удзел у ружанцовай малітве з Бэнэдыктам XVI, на заканчэнне якой Святы Айцец удзеліць сваё пастырскае благаслаўленне.
Падчас тэлемосту будзе забяспечаны яго сінхронны пераклад на беларускую мову.
Паводле Catholic.By







All the contents on this site are copyrighted ©.