2008-02-22 14:54:13

З Апостальскай Адгортацыі "Sacramentum Caritatis"


Удзел праз сродкі камунікацыі RealAudioMP3

 
57. З прычыны надзвычайнага развіцця сродкаў камунікацыі ў апошнія дзесяцігоддзі слова ÇўдзелÈ набыло больш шырокае значэнне, чым у мінулым. Усе мы з задавальненнем прызнаём, што гэтыя прылады прапануюць новыя магчымасці таксама ў адносінах да эўхарыстычнай цэлебрацыі176. Гэта патрабуе ад пастыраў, якія працуюць у гэтай сферы, асаблівай падрыхтоўкі і жывога пачуцця адказнасці. Св. Імша, якая трансліруецца па тэлебачанні, несумнена мае характар пэўнага прыкладу. Таму неабходна прыкласці асаблівыя намаганні, каб цэлебрацыя, акрамя таго, што адбываецца ў дастойных і добра падрыхтаваных месцах, была згодная з літургічнымі нормамі.
Нарэшце, што датычыць вартасці ўдзелу ў св. Імшы, які стаў магчымым дзякуючы сродкам камунікацыі, то кожны, хто карыстае з такой трансляцыі, павінен ведаць, што ў нармальных умовах ён не выконвае святочнага абавязку. Мова вобразаў прадстаўляе рэчаіснасць, але яе не ўзнаўляе177. Калі пахвальна тое, што пажылыя і хворыя ўдзельнічаюць у святочнай св. Імшы праз радыё і тэлетрансляцыі, то нельга гэтага сказаць пра тых, хто праз такія трансляцыі хацеў бы звольніць сябе ад наведвання касцёла, каб удзельнічаць ва эўхарыстычнай цэлебрацыі ў супольнасці жывога Касцёла.

 
ÇActuosa participatioÈ хворых

 
58. Улічваючы ўмовы тых, хто з прычыны здароўя ці ўзросту не могуць пайсці на месца культу, хацеў бы звярнуць увагу ўсёй касцёльнай супольнасці на пастырскую неабходнасць забеспячэння духоўнай дапамогі хворым, якія застаюцца ў сваіх дамах або знаходзяцца ў шпіталях. Шмат разоў падчас Сіноду біскупы вярталіся да разгляду іх сітуацыі. Неабходна паклапаціцца, каб гэтыя нашы браты і сёстры маглі часта прымаць сакрамэнтальную Камунію. Умацоўваючы такім чынам сувязь з укрыжаваным і ўваскрослым Хрыстом, яны змогуць адчуць уласнае існаванне, цалкам злучанае з жыццём і місіяй Касцёла, праз ахвяраванне свайго цярпення ў еднасці з ахвярай нашага Пана. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць інвалідам. Калі іх стан дазваляе, то хрысціянская супольнасць павінна спрыяць іх удзелу ў цэлебрацыі, якая здзяйсняецца ў месцах культу. У сувязі з гэтым неабходна рупіцца аб тым, каб ў сакральных пабудовах былі ліквідаваны ўсялякія архітэктурныя перашкоды, якія перашкаджалі б інвалідам. Урэшце, наколькі гэта магчыма, трэба гарантаваць эўхарыстычную Камунію разумова хворым, ахрышчаным і канфірмаваным: яны прымаюць Эўхарыстыю ў веры сям’і ці супольнасці, якая іх суправаджае178.

 
Клопат пра вязняў

 
59. Духоўная традыцыя Касцёла згодна з дакладным указаннем Хрыста (пар. Мц 25, 36) вылучыла наведванне вязняў як адну са спраў міласэрнасці адносна цела. Тыя, хто знаходзіцца ў такіх сітуацыях, маюць асаблівую патрэбу, каб іх наведаў сам Пан у сакрамэнце Эўхарыстыі. Адчуванне блізкасці касцёльнай супольнасці, удзел у Эўхарыстыі і прыняцце св. Камуніі ў асаблівы і балючы перыяд іх жыцця можа безумоўна прычыніцца да асабістага ўзрастання ў веры і да поўнага грамадскага аднаўлення асобы. Выказваючы жаданні, сфармуліраваныя падчас Сіноду, звяртаюся да дыяцэзій, каб яны, па меры магчымасці, зрабілі адпаведны ўклад у пастырскую дзейнасць, скіраваную на духоўны клопат пра вязняў179.

 
Эмігранты і ўдзел у Эўхарыстыі

 
60. Закранаючы праблему тых, хто па розных прычынах вымушаны пакідаць сваю краіну, Сінод выказаў асаблівую ўдзячнасць тым, хто займаецца пастырскай апекай эмігрантаў. У сувязі з гэтым асаблівую увагу неабходна звярнуць на тых эмігрантаў, якія належаць да ўсходніх каталіцкіх Касцёлаў і для якіх аддаленне ад уласнага дому ўскладняе магчымасць удзелу ў эўхарыстычнай літургіі свайго абраду. Таму там, дзе гэта магчыма, неабходна прадставіць ім святароў іх абраду. У любым выпадку прашу біскупаў прымаць гэтых братоў у любові Хрыста. Спатканне вернікаў розных абрадаў можа стаць таксама нагодай узаемнага ўзбагачэння. Асабліва думаю аб карысці перш за ўсё для духавенства, бо яны могуць пазнаёміцца з рознымі традыцыямі180.

 
Вялікія канцэлебры

 
61. Сінадальны сход затрымаўся над разважаннем якасці ўдзелу ў вялікіх канцэлебрах, якія адбываюцца ў пэўных акалічнасцях і ў якіх, акрамя вялікай колькасці вернікаў, удзельнічае шмат канцэлебрантаў181. З аднаго боку, лёгка распазнаць вартасць гэтых момантаў, асабліва, калі цэлебрацыю ўзначальвае біскуп у акружэнні свайго прэзбітэрыя і дыяканаў. З іншага боку, у такіх абставінах могуць узнікнуць цяжкасці ў выяўленні адчувальнай еднасці прэзбітэрыя, асабліва падчас эўхарыстычнай малітвы, а таксама цяжкасці пры ўдзяленні св. Камуніі. Неабходна пазбягаць таго, каб такія вялікія канцэлебры не ўносілі замяшання. Можна гэтага пазбегнуць, стварыўшы адпаведую каардынацыю і падрыхтаваўшы месца культу так, каб даць прэзбітэрам і вернікам магчымасць поўнага і сапраўднага ўдзелу. У любым выпадку неабходна памятаць, што гаворка ідзе пра канцэлебры выключнага характару і абмежаваныя надзвычайнымі сітуацыямі.

 
Лацінская мова

 
62. Маючы гэта на ўвазе, не трэба прыніжаць вартасць такіх вялікіх цэлебрацый. У гэты момант я асабліва думаю пра цэлебрацыі, што адбываюцца падчас міжнародных сустрэч, якія становяцца сёння ўсё больш частымі. Яны павінны быць адпаведна ацэненыя. Каб лепш выявіць адзінства і паўсюднасць Касцёла, хацеў бы прадставіць меркаванне Сіноду Біскупаў згодна з дырэктывамі Другога Ватыканскага Сабору182: за выключэннем чытанняў, гаміліі і малітвы вернікаў, добра, калі такія цэлебрацыі будуць адбывацца на лацінскай мове. Таксама могуць чытацца на лацінскай мове найбольш вядомыя ў традыцыі Касцёла малітвы183; могуць быць выкананы фрагменты грыгарыянскага спеву. Прашу, каб будучыя святары ўжо ў семінарыі былі прыгатаваны да разумення і цэлебравання св. Імшы на лацінскай мове, а таксама да выкарыстання лацінскіх тэкстаў і выканання грыгарыянскага спеву. Не трэба занядбоўваць магчымасці, каб самі вернікі былі навучаны больш агульным малітвам на лацінскай мове і грыгарыянскаму спеву пэўных частак літургіі184. 







All the contents on this site are copyrighted ©.