2008-02-19 14:03:59

У Львове адкрыўся новы музей iконаў.


Архiепiскап Iгар (Возняк) Украiнскай Грэка-каталiцкай Царквы, якi ўзначальвае грэка-католiкаў архiепархii Львова, 20 студзеня асвяцiў адрэстаўраваную царкву iмя Клямента Шыптыцкага ў Львове. У храме таксама адбылося адкрыццё музея сакральнага мастацтва iмя Антонiя Петрушэвiча, у якiм змешчана экспазыцыя iконапiснага мастацтва, якое сабралi манахi-студзiты пасля легалiзацыi УГКЦ.
На Боскай лiтургii прысутнiчаў старшыня Львоўскай вобласной рады Мiраслаў Сенык i рэктар Львоўскага дзяржаўнага унiверсiтэта ўнутраных спраў, генерал-майор мiлiцыi, прафесар Уладзiмiр Артынскi. Як паведамляе прэс-служба Львоўскай грэка-каталiцкай архiепархii, менавiта дзякуючы Уладзiмiру Артунскаму, па просьбе ўладыкi Iгара, мясцовай УГКЦ перадалi памешканне былога манастыра.
Iераманах Себасцьян Дмiтрух, законнiк-студыт, кiраўнiк Камiсii да сакральных спраў Львоўскай епархii УГКЦ адзначыў:”Сёння мы ўшаноўваем вялiкiх асобаў нашай Царквы, якiя зрабiлi аграмадны ўклад у развiццё ўкраiнскай культуры i ва ўмацаванне ўкраiнскай нацыянальнай самасвядомасцi нашага народа”.
Заснавальнiкам галiцка-украiнскiх музеяў быў грэка-каталiцкi святар Антонiй Петрушэвiч. Ад пачатку ХХ° стагоддзя справай сакральнага мастацтва займаўся мiтрапалiт Андрэй Шыптыцкi. Заснаваўшы царкоўны музей, мiтрапалiт у студзенi 1905 года запрасiў на працу вядомага мясцовага мастацтваведа Iлларыёна Свянцiцкага. У вынiку iнiцыятыва мiтрапалiта Шыптыцкага набыла форму Нацыянальнага музея.
Мiтрапалiт Андрэй таксама заснаваў iконапiсную школу пры манастыре студытскага закона ў Львове. Рэалiзацыяй iдэi мiтрапалiта займаўся ягоны брат, iгумен манастыра, а. Клямент Шыптыцкi.
У 1932 годзе, дзякуючы высiлкам мясцовых святароў, быў створаны Музей Багаслоўскай акадэмii па iнiцыятыве кардынала Язэпа Сляпога. Яшчэ ў 1986 годзе, таямнiча, архiмандрыт студытаў а.Юрый Макар перадаў iераманаху Себасц’яну Дмiтруху тры iконы са знiшчанага студытскага збора i блаславiў яго на працяг калекцыйнай дзейнасцi, на пачатку якой былi браты Шыптыцкiя.
Дзякуючы высiлкам iераманаха Себастц’яна Дмiтруха, аiца Антонiя Стэфанiшына i брата Банiфацыя Iвашкiва ўжо сабрана каля 4.000 экспанатаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.