Выйшаў першы сёлетні нумар часопіса Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Ave Maria»
(№ 1–2 за 2008 г.). Асноўная тэма нумара — 150-я гадавіна аб’яўленняў Маці Божай у
Люрдзе. У жыцці чалавека няма нічога безнадзейнага, для Бога няма нічога немагчымага
— такі дэвіз мог бы аб’яднаць увесь змест новага нумара часопіса «Ave Maria» за студзень-люты
2008 года. Нездарма часопіс, як і новы год Панскі для каталіцкіх вернікаў Беларусі,
адкрывае Пастырскае пасланне на 2008 год арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча «Абвяшчаць
Слова Божае — крыніцу надзеі». Мітрапаліт не толькі дзеліцца з чытачамі планамі правядзення
надзвычай важных падзеяў у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі і ва ўсім свеце, але і раскрывае
сэнс і вялікае значэнне надзеі ў жыцці хрысціяніна, асабліва ў сучасным секулярызаваным
свеце. Маці хрысціянскай надзеі — Панна Марыя, якая праз свае аб’яўленні асаблівым
чынам заклікае чалавецтва да пакаяння, малітвы і навяртання. Паколькі сёлета адзначаецца
150-годдзе аб’яўленняў Маці Божай у Люрдзе, часопіс падрабязна прадстаўляе гісторыю
гэтых аб’яўленняў у храналагічным парадку. Артыкул прымушае чытача задумацца: чаму
Панна Марыя для сваіх аб’яўленняў абрала менавіта чатырнаццацігадовую дзяўчынку Бэрнадэту,
дачку беднага млынара, і, урэшце, чаму людзі ўвесь час патрабуюць усё новых і новых
рэчавых доказаў для таго, каб паверыць, але, нават атрымаўшы іх, затрымліваюць візіянера
як крымінальнага злачынцу? Ці не з’яўляецца і сёння, праз 150 гадоў, гісторыя гэтага
аб’яўлення заклікам да ўзмацнення нашай веры і надзеі? Магчыма, «Літанія да Маці Божай
з Люрда», змешчаная ў апошнім нумары часопіса, дапаможа нам у гэтым узрастанні. Усё
ж такі надзея выжывае — няхай у адзінкавых сэрцах, але настолькі самаахвярных, што
яны здольныя абудзіць са сну і адрадзіць увесь народ. Пра гэта сведчыць і змешчаная
ў адным з рэпартажаў часопіса «Ave Maria» гісторыя пра тое, як у часы панавання атэізму
на беларускай зямлі людзі хавалі табэрнакулюм ў звычайнай шафе, — гісторыя, расказаная
арцыбіскупам Тадэвушам падчас інгрэсу ў гістарычную магілёўскую архікатэдру: «У горадзе,
ператвораным у бастыён атэізму, у звычайнай шафе білася Сэрца Збаўцы!» Пра гэта сведчаць
і незлічоныя прыклады самаахвярнасці святароў і вернікаў, праяўленыя менавіта ў наш
час, калі ўсё яшчэ ідзе змаганне за аднаўленне і адбудову святыняў, ператвораных у
клубы, збожжасклады і г. д. «Урачыстасць у Бабруйску», «У малітве і працы», «Пад
апекаю святога Валянціна» «Старажытны і новы», «Святыні не паміраюць» — ужо толькі
назвы артыкулаў, у якіх самі парафіяне дзеляцца сваім вопытам стварэння парафій, заснавання
святыняў, шмат гавораць пра моц чалавечай надзеі. Варта адзначыць, што матэрыялы пра
гісторыю святыняў — унікальныя па сваёй сутнасці тым, што апавядаюць не толькі пра
іх заснаванне, разбурэнне і адраджэнне, але і пра станаўленне жывога Касцёла, якім
з’яўляюцца вернікі. Мала валодаць навуковымі энцыклапедычнымі звесткамі пра касцёл
як помнік архітэктуры, для чалавека найважней пазнаваць гісторыю чалавецтва. З
гэтага нумара часопіс «Ave Maria» адкрывае новую рубрыку пад сімвалічнаю назваю «Як
свечка на алтары», у якой плануецца «расказваць пра лёсы людзей Беларусі, якія ў розныя
часы вызначыліся асабліва моцнай верай ды ахвярнасцю і таму могуць служыць прыкладам
для вернікаў ХХІ стагоддзя». Першымі такімі «свечкамі» на старонках часопіса сталі
беларускі асветнік, першадрукар Францыск Скарына і благаслаўлёны Мечыслаў Багаткевіч,
святар і мучанік, які паходзіў з роду Ігната Дамейкі і памёр мучаніцкай смерцю ў 1942
годзе за свае патрыятычныя казанні. У рэшце рэшт, кожны вернік, нават маючы глыбокую
надзею, можа задацца пытаннем: як жа перамагчы ў гэтым свеце, дзе вакол столькі нянавісці,
нядобразычлівасці і зла? Адказ просты і адназначны: перамагчы ўсё зло можна толькі
сваёю слабасцю, але з Божаю моцаю! Зразумець жа гэты адказ дапаможа працяг публікацыі
«Разважанняў аб веры» кс. Тадэвуша Дайчэра. І галоўнае — не спыняцца, а развівацца,
пілігрымаваць у сваім духоўным жыцці. Да гэтага заклікаюць і пра гэта апавядаюць артыкулы
«Пілігрымка ў Святую Зямлю. Бэтлеем», «Шчасце веры» (пра пілігрымку ў Тракелі), «Пілігрымка
ў Аглону». «У Вільні пілігрымы кладуцца крыжам і плачуць ад шчасця» — расказвае ўдзельніца
пілігрымкі ў Тракелі. Ісці да шчасця з Богам і не зважаць ні на што — ні на мазалі,
ні на холад, дождж і вецер, — гэта і ёсць дарога сапраўднага хрысціяніна. Дарога веры,
надзеі, любові... Паводле Catholic.By