2008-02-16 11:03:15

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус -- працяг


Зь сьмерцю айца Гарошкі для беларускіх сьвятароў паўсталі новыя праблемы: іх лік хутка меншаў. Пра гэта ішла гаворка на іхным зьезьдзе ў Рыме 14–21 кастрычніка 1977 году. Галоўнае пытаньне – як працягваць працу пры такім малым ліку сьвятароў. Айцец Тамушанскі стаў кіраўніком беларускіх праграмаў на Ватыканскім радыё. Айцу Надсану давялося ўзяць на сябе душпастырства сярод беларусаў у Францыі, не пакідаючы сваіх абавязкаў у Лёндане. Уладыка Чэслаў прыняў на сябе адказнасьць за часопіс Божым шляхам,бо айцец Германовіч праз свой вельмі паважны век ня мог болей заставацца рэдактарам. У тым часе ў Рыме адбываўся Сынод Біскупаў, i таму беларускія сьвятары не маглі атрымаць прыватнай аўдыенцыі ў Сьвятога Айца. Мэмарыял, прыгатаваны зьездам, Уладыка Чэслаў перадаў Дзяржаўнаму Сакратару кардыналу Віё. Удзельнікі зьезду адведалі айца Татарыновіча, які дажываў свой век у доме для старых сьвятароў.
Вялікія зьмены адбыліся ў Каталіцкай Царкве ў 1978 годзе. 6 жніўня памёр папа Павал VI. Ён ачольваў Царкву ў вельмі цяжкі пасьлясаборны пэрыяд. Чалавек міру, ён застанецца ў гісторыі як папа, што зрабіў першы крок, каб залячыць тысячагадовую рану падзелу між Каталіцкай i Праваслаўнай Цэрквамі. Зь іншага боку, ягоныя спробы аблегчыць лёс каталікоў у Савецкім Саюзе ды іншых камуністычных дзяржавах выклікалі неадназначную рэакцыю на Захадзе i нават абвінавачаньні ў супрацоўніцтве з камуністамі. Калі ідзе пра беларусаў, дык ягоныя намаганьні прызначыць біскупа ў Беларусі скончыліся няўдачай.
Пасьля сьмерці папы Паўла VI i кароткага пантыфікату Яна Паўла I 16 кастрычніка 1978 году новым намесьнікам Сьвятога Пятра стаў Караль Вайтыла, архібіскуп Кракаўскі, які прыняў імя Яна Паўла II, – першы папа не-італіец за 400 гадоў i першы папа з камуністычнае краіны. Беларусы спачатку разгубіліся i ня ведалі, што думаць пра папу-паляка. Ix крыху супакоіла тое, што ў сваім першым калядным прывітаньні да народаў сьвету ён зьвярнуўся да беларусаў у ix роднай мове.
Беларусы ў 1978 годзе панесьлі новыя, хоць i не нечаканыя, але тым ня менш балючыя страты. 11 чэрвеня памёр 86-гадовы айцец Ян Хрызастом Тарасэвіч – заснавальнік i першы пастыр беларускай каталіцкай парафіі Хрыста Спаса ў Чыкага. 3 верасьня ў Рыме на 82-м годзе жыцьця адышоў у вечнасьць айцец Пётра Татарыновіч, сьвятар, беларускі патрыёт, пісьменьнік, чалавек незвычайна добры i гасьцінны. За доўгія гады жыцьця ў Рыме ён стаў свайго роду беларускім “амбасадарам” у Вечным Горадзе. Апошнім пакінуў гэты сьвет 26 сьнежня ў Лёндане айцец Язэп Германовіч, адзін з найбольш вядомых сьвятароў сярод беларусаў як на эміграцыі, так i раней на Бацькаўшчыне. Ён меў амаль 89 гадоў, 65 зь якіх быў сьвятаром. На ягонае пахаваньне 8 студзеня 1979 году сабралася вялікая колькасьць людзей усіх нацыянальнасьцяў i рэлігіяў. Хаваў а. Германовіча ягоны любімы вучань Уладыка Чэслаў Сіповіч. Прысутнічаў таксама генэрал марыянаў айцец Сельскі. Ён сказаў па-ангельску казань, якую Ўладыка Чэслаў у сваім дзёньніку акрэсьліў як “прыемную, “салодкую”, “тактоўную”. Сам Уладыка Чэслаў, гаворачы па-беларуску, сказаў, што «каб ня праца ўзгадаваўчая айца Язэпа ў Друі, мы, беларусы, ня мелі б сваіх мітраў (г. зн. біскупаў. – А.Н.), так, каб не было кардынала Вышынскага, няведама, ці быў бы польскі Папа».
Сярод беларускіх сьвятароў, якія сабраліся 14 студзеня 1979 году ў Рыме, панавалі даволі змрочныя настроі. Апрача біскупа Сіповіча, ix было ўсяго чатыры: Уладзімер Тарасэвіч з Чыкага, Аляксандар Надсан зь Лёндану, Рабэрт Тамушанскі i Кастусь Маскалік з Рыму. Пад час нарадаў разглядалі перадусім незвычайныя цяжкасьці пастырскай працы пры гэтакім малым ліку сьвятароў, магчымасьць сьвятарства для жанатых мужчынаў, патрэбу ў рэлігійнай літаратуры. Не забыліся пра патрэбу біскупа ў Беларусі. Вырашылі прасіць новага папу ўзнавіць стараньні свайго папярэдніка ў гэтай справе. Гэтак i зрабілі на прыватнай аўдыенцыі 19 студзеня. Перш папа прыняў Уладыку Чэслава аднаго, які пасьля апісаў іхную гутарку: «Я сказаў, што напэўна ўжо Сьвяты Айцец ведае, у якой справе прыходзім: просім назначыць для Беларусі біскупа ў асобе а. Уладыслава Чарняўскага, бо periculum in mora (небясьпечна чакаць. – А.Н.), i Каталіцкая Царква там загіне. Айцец Сьвяты згадзіўся, што ёсьць небясьпека сьмерці для Царквы на Беларусі... Пытае: калі гутарка аб Беларусі, як мы гэта разумеем? Кажу: БССР, якая паўстала пасьля апошняй вайны з быўшай БССР i далучанай Заходняй Беларусі, якая была пад Польшчай... Папа кажа: “Польскія біскупы i кард. Вышынскі сьлядзяць сытуацыю Царквы на Беларусі i высылаюць туды час ад часу сьвятароў i думаюць, што гэтакімі візытамі ратуюць сытуацыю, але я думаю, што патрэба біскупа. Цяпер сытуацыя там... зьмяняецца быццам на лепшае”. Вельмі далікатна Папа закрануў факт, што ў Беларусі моляцца па-польску, a Савецкі ўрад каталікоў уважае за чужы элемэнт, за палякаў. Ён згаджаўся прыняць сьвятара з Польшчы, каб той прыняў савецкае грамадзянства, але той сьвятар не згадзіўся. Я тут стараюся выясьніць: моладзь ня знае польскай мовы ў Беларусі, ёсьць інтэлігенцыя, якая не ўся бязбожная i ня ўся варожая да рэлігіі. Гэтым трэба дапамагчы. Папа пытае пра а. Ул. Чарняўскага, кажа: “Гэтае прозьвішча мне вядомае. Хто ён такі, марыянін?” Кажу – так! – “Што ж, можа ўдасца штосьці зрабіць! Я тую палітыку [= савецкую, камуністаў] знаю, але ня знаю яшчэ ватыканскай,” – тут Папа ўсьміхнуўся. Дзякую Папу за яго беларускае прывітаньне i пажаданьне ў ягонай каляднай прамове. Ён на гэта вельмі моцна i энэргічна: “Заўсёды i ў будучыні гэтак буду гаварыць! Мы, славяне, чакалі 1000 гадоў на свайго папу, дык нашто ж я тут сяджу?!” Тады я запытаў Папу, ці можна мне яго, калі прыйдуць мае сьвятары, прывітаць у беларускай мове? Ён адказаў: “Tak! Proszę!” (так, калі ласка. – А.Н.).








All the contents on this site are copyrighted ©.