2008-02-12 10:16:53

Рымскія сьвяткаваньні Сусьветнага Дня Хворага


Працэсыяю, якая прайшла вуліцаю дэльля Кончыл”яцонэ ды Сьвятою Імшою ўшанавана ў Ватыкане Сусьветны Дзень Хворага, які прыпадае 11-га лютага. Ксёндз Герс з Папскае Рады да спраў душпастырства Сянітарнае Службы сказаў Ватыканскаму Радыё: “сёлетнія сьвяткаваньні мелі асаблівае значэньне і былі перажываныя ў непасрэднай лучнасьці з Марыйныю Сьвятыняю ў Люрд, таму што сёлета прыпадала 150-я гадавіна абьяўленьняў Божае Маці Бэрнардэце Субіру. З гэтае нагоды да Ватыканскае Базылікі прыбылі з Францыі яе мошчы.
Базыліка Сьвятога Пятра, ў якой адслужана Сьвятую Імшу, сталася, быццам бы, вялікаю “бальніцаю духа”. Прыбыло да яе каля 10-ці тысяч хворых, лекараў ды душпастыраў, якія спалучыліся з Марыяю пры гробе Пятра на малітве за аздараўленьне целаў і душаў. Яе вонкавым знакам ёсьць сакрамант намашчэньня хворых, які надзеляецца найбольш патрабуючым”- сказаў айцец Герс.
У гэтым годзе Сусьветны Дзень Хворага ўшаноўваўся пад лозунгам: “Эўхарыстыя, Люрд і душпастырства хворых”. Францускамоўная супольнасьць Рыму зарганізавала ў Ватыканскіх Садах працэсыю са сьвечкамі і Імшу пры Гроце Божае Маці з Люрд.








All the contents on this site are copyrighted ©.