2008-02-02 10:58:27

Грамніцы: Сустрэча Госпада Нашага Ісуса Хрыста


Напярэдадні ўрачыстасці Ахвяравання Пана ў дзень святасці членаў манаскіх супольнасцяў і таварыстваў апостальскага жыцця, кансэкраваныя асобы, якія працуюць у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, сабраліся ў касцёле святога Яна Хрысціцеля (Мінск, Серабранкаўскі дэканат), каб аднавіць складзеныя Богу шлюбы. Святую Імшу канцэлебравалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і дапаможны біскуп Антоні Дзям’янка. У малітве бралі ўдзел адказны за літургічную частку святой Эўхарыстыі кс. доктар Ян Крэміс, прысутныя святары, законныя сёстры і вернікі мінскіх парафій.
Малітоўная сустрэча распачалася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. Затым у працэсіі са свечкамі законнікі і законніцы разам з Мітрапалітам і дапаможным біскупам урачыста ўвайшлі ў святыню.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваёй гаміліі, пасля якой адбыўся абрад аднаўлення шлюбаў, асаблівым чынам засяродзіўся на абяцаннях, якія кансэкраваныя асобы даюць Богу падчас сваіх шлюбаў: чысціня (цэлібат), беднасць і паслухмянасць. «Свята Маці Божай Грамнічнай ці Ахвяравання Пана ў Ерузалемскай святыні паводле рашэння Слугі Божага Папы Яна Паўла ІІ з’яўляецца таксама і днём малітвы аб святасці кансэкраваных асобаў. Як мы чулі з сённяшняга Евангелля, Марыя з Юзафам ахвяруюць свайго першароднага сына Богу, — паводле закону Майсея. Таксама члены манаскіх супольнасцяў і таварыстваў апостальскага жыцця ахвяруюць сябе выключнаму служэнню Богу і Касцёлу праз евангельскія рады і шлюбы беднасці, цэлібату і паслухмянасці», — сказаў Мітрапаліт.
У духу ўдзячнасці за пакліканне ўсім жыццём любіць Пана, праслаўляць Яго і служыць Яму кансэкраваныя асобы аднавілі складзеныя Богу шлюбы і абяцанні, просячы праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі адвагі і вытрымкі ў адданым служэнні Пану.
Паводле Catholic-By







All the contents on this site are copyrighted ©.