2008-02-02 08:54:34

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус- працяг


Пасьля гэтакай гутаркі я абяцаў яшчэ раз перагледзець мае “annotazioni”, выслаць ix крыху пазьней з Лёндану. Я прывык слухаць маіх зьверхнікаў. Тут я зусім свабодны, але ў маёй душы нейкая каламуць: куды я ўлез? I ці сапраўды ўсё тое, што я напісаў, патрэбнае? Але ж i мне, маленькаму, апошняму з апосталаў, хацелася б дапамагчы добраму Паўлу VI, які нясе страшэнны цяжар на сваіх плячох. О, Духу Сьвяты, асьвяці мой розум!»
Невядома, ці Ўладыка Чэслаў выслаў зь Лёндану свае “заўвагі”, бо ў ягоных паперах няма копіі. Калі, аднак, гэты выпадак пакінуў на ім нейкі сьлед, у сваёй далейшай дзейнасьці ён гэтага не паказаў i застаўся, якім быў. У верасьні 1975 году яго запрасілі весьці рэкалекцыі для сьвятароў карпатарускай эпархіі Пассаік у Амэрыцы. 16 верасьня адбылася агульная дыскусія, якую ён апісаў: «А гадз. 10, пасьля сьнеданьня, у залі дыялёг-дыскусія. Былі парушаныя тэмы: жыды, да якіх адчуваецца агульная нелюбоў... адносіны Ватыкану да ўсходніх каталіцкіх цэркваў: чаму ва Усх. Кангрэгацыі няма ўсходнікаў? “Ostpolitik” i ігра Ватыкану з Масквой. Адзін са сьвятароў выступіў з пытаньнем: “У 1968 г. Вы, Эксцэленцыя, былі ў Новай Зэляндыі i заявілі, што ў Беларусі няма ані аднаго біскупа. Што ў гэтай справе зрабіў дагэтуль Ватыкан?” Зьдзівіла мяне не самое пытаньне, але што знайшоўся сьвятар, які сьлядзіць нашыя царкоўныя справы. Усе мае адказы былі ў духу “sentire cum Ecclesia” (быць заадно з Царквой), i адзін са сьвятароў назваў мяне непапраўным аптымістам».
21 ліпеня 1974 году раптоўна памёр Абэрон Гэрбэрт, адзін з заснавальнікаў i старшыня Англа-Беларускага Таварыства. Нашчадак старога англа-валійскага роду i каталік, у апошнія гады ён уважаў сябе парафіянінам беларускай царквы сьвятых Пятра i Паўла ў Марыян Гаўз. Вучні з інтэрнату сьв. Кірылы праводзілі ў ягонай сядзібе ў Сомэрсэце свае летнія канікулы. Згодна зь ягоным жаданьнем, хаваў яго 23 ліпеня біскуп Сіповіч.
17 жніўня ў Нямеччыне загінуў у аўтакатастрофе 56-гадовы айцец Уладзімер Салавей. Ён быў сакратаром біскупа Сіповіча ў Мюнхэне ў 1960 годзе i пазьней, пад час Ватыканскага Сабору. Гэтага чалавека вялікай дабрыні шанавалі ўсе, хто яго ведаў. Ён вельмі любіў літургічную малітву. Ha ўсіх, хто прысутнічаў на ягонай Літургіі, рабілі вялікае ўражаньне пабожнасьць i павага, зь якой ён служыў. Ha пахаваньне 22 жніўня прыехалі два біскупы: беларускі Чэслаў Сіповіч i ўкраінскі Платон Карныляк – шмат сьвятароў, а таксама ўкраінскі праваслаўны біскуп Арэст i вялікая колькасьць людзей усіх нацыянальнасьцяў i веравызнаньняў.
Празь месяц, 19 верасьня, у Рыме памёр украінскі архібіскуп Іван Бучка, кансэкратар біскупа Сіповіча ў 1960 годзе. Біскуп Сіповіч вельмі яго шанаваў i ніколі не забываўся адведаць, калі быў у Рыме. Апошні раз яны бачыліся ў сакавіку 1974 году.
Уладыка Чэслаў пацярпеў таксама вялікую асабістую страту. 26 кастрычніка 1974 году ў 84-гадовым веку памерла ў Дзедзінцы ягоная маці Ядвіга. Ён ня бачыў яе з 1938 году, калі быў выселены з Друі i выехаў у Рым. Уладыка часта казаў, што сваёю вераю i беларускасьцю забавязаны маці. Ягоны бацька памёр у 1957 годзе.
Апрача стратаў, 1974 год прынёс таксама паважныя зьмены. Дзякуючы айцу Гарошку беларускія праграмы на Ватыканскім радыё дасягнулі высокага роўню. Кіраўніцтва радыё гэта заўважыла i пачало сур’ёзна думаць пра павелічэньне часу для беларускіх праграмаў. Ha іхную пастанову паўплывалі напады на айца Гарошку ў беларускай савецкай прэсе. Гэта быў доказ, што ў Беларусі Ватыканскія перадачы слухаюць i яны не падабаюцца камуністычным гаспадаром. Аднак айцу Гарошку споўнілася ўжо 63, i адзін ён ня мог даць рады з пашыранай праграмай. Біскуп Чэслаў пастанавіў паслаць яму на дапамогу зь Лёндану айца Рабэрта Тамушанскага, які толькі што атрымаў доктарскі дыплём Лёнданскага ўнівэрсытэту. Ён выехаў у Рым у кастрычніку. У Лёндане засталіся Ўладыка i чатыры сьвятары, зь якіх толькі адзін меў менш за 60 гадоў. Да таго ж пагоршыліся эканамічныя ўмовы, і таму ўрэшце прыйшлося з жалем зачыніць інтэрнат сьв. Кірылы. Айцец Надсан заставаўся кіраўніком, пакуль там былі яшчэ хлопцы, якія канчалі навуку.
У 1973 годзе новым прэфэктам Усходняй Кангрэгацыі стаў кардынал Поль Філіп (Paul Philippe), францускі дамініканец. Яны зь біскупам Сіповічам добра ведалі адзін аднаго яшчэ з часоў Ватыканскага Сабору, i ягонае прызначэньне не зьмяніла стаўленьня Ўсходняй Кангрэгацыі да беларускіх справаў. Затое зь Дзяржаўнага Сакратарыяту ў чэрвені 1974 году адышоў манс. Мантальва, які з 1964 году займаўся беларускімі справамі, у прыватнасьці прызначэньнем апостальскага адміністратара ў Беларусі. Ён стаў архібіскупам і нунцыем у рэспубліках Гандурас i Нікарагўа. Ha ягонае месца ў Дзяржаўным Сакратарыяце прыйшоў манс. Іван Дыяз, індус. Уладыка Чэслаў упершыню сустрэўся зь ім 21 чэрвеня 1975 году, i ён зрабіў на яго такое ўражаньне: «Спатканьне ў Сакратарыяце Стану з Монс. Іван Дыяз, які ёсьць на месца Монс. Мантальва. Гіндус. Зьвяртае ўвагу на малітву. Часта паўтарае: Fatima, Madonna ha detto... (Фатыма, Маці Божая сказала... – А.Н.). Ён мае пад сабой справы славян i Кітаю. Кажа, што апошнім часам “Mosca и irrigidita” (Масква стала незгаворлівай. – А.Н.). Аднак справу біскупа ў Беларусі мы ўсе павінны рухаць. Атрымалі ліст з Зл. Шт. Амэрыкі, i адтуль панагляюць справу біскупа ў Беларусі... Цікава выясьняе Монс. Дыяз становішча Масквы: ёй не падабаецца, што масы народу адведваюць Рым i слухаюць Айца Сьв.» Другое спатканьне было 2 ліпеня: «Перад абедам іду ў Сакратарыят Стану i гутару з Монс. Іван Дыяз. Гэты містык гаворыць аб Fatima, аб малітве. Чуваць горыч да Кард. Міндсэнты, да ўсіх нацыянальных груп у вольным сьвеце».








All the contents on this site are copyrighted ©.