У Рыме знаходзяцца з візітам Ad limina Apostolorum ( да грабоў Апостальскіх) -
біскупы Украінскай грэка-каталіцкай Царквы. Узначальвае дэлегацыю кардынал Любамір
Гузар. Упершыню ўсе 7 біскупаў візантыйскага абраду прыбылі да Папы Рымскага. На
Ўкраіне 5 мільёнаў вернікаў гэтай Царквы.
Ad limina Apostolorum - напачатку існавання Сусветнае Царквы практыка наведвання
магілаў апосталаў Пятра і Паўла тычылася біскупаў, што служылі вакол Рыма. Ад 13 стагоддзя
яна распаўсюдзілася на ўвесь каталіцкі свет. Штопяць год біскупы з кожнага кантыненту
прыбываюць да Святога Пасаду.( Нашы беларускія каталіцкія біскупы былі тут упершыню
ў 1997, потым у 2003 годзе на чале з кардыналам Казімірам Свёнткам). Цяпер Украінскія
біскупы распачалі сваё знаходжанне ў Вечным горадзе, адслужыўшы раніцай 28 студзеня
Архіярэйскую Літургію ў базіліцы Святога Пятра. Кардынал Любамір Гузар, галава дэлегацыі,
у сваім інтэрв'ю для СМІ адзначыў выключную важнасць такога візіту для ўсяе краіны."У
Царкве апосталы заўсюды цешацца асаблівым шанаваннем. Вярхоўныя апосталы Пётр і Павел
абодва загінулі за веру ў Рыме, дзе й пахаваныя. Пілігрымка да іхных грабоў заўсёды
спалучаная з візітам да біскупа Рыма, наступніка Пятра - Папы Рымскага. Біскупы прадстаўляюць
становішча ў сваіх дыяцэзіях. " Асабістыя сустрэчы пастыраў украінскіх грэка-католікаў
адбываюцца ў ведамствах Ватыкана. Яны праводзяць багаслужбы ў Рымскіх базіліках. Візіт
завершыцца 2 лютага.