2008-01-26 11:24:53

Заканчэньне Тыдня Малітваў за Адзінства Хрысьціян


Сьвята наверненьня Апостала Паўла было апошнім днём Тыдня Малітваў за Адзінства Хрысьціян. Рымскія сьвяткаваньні гэтага Тыдня канчаюцца ўрачыстаю экумэнічнаю вячэрняю пад старшынствам Папы ў Базыліцы Сьвятога Паўла за Мурамі. Гэтак было і сёлета.
На Вячэрню прыбыў таксама Гэнэральны Сакратар Сусьветнае Рады Цэркваў пастар Самуэль Кобія, як таксама прадстаўнікі іншых хрысьціянскіх веравызнаньняў.
Сапраўдны экумэнізм мае быць ўкаранёны ў малітве- сказаў Папа ў сваім слове ў часе экумэнічнае вячэрні. Прыверненьне поўнага адзінства перавышае нашыя сілы. Не ляжыць у нашай сіле рашэньне, калі і як гэта поўнасьцю зьдзейсьніцца. Гэта можа ажыцявіць толькі Бог. Жаданьне адзінства- сказаў яшчэ Бэнэдыкт 16- мае быць прысутным у нашай штодзённай малітве. Людзі, якія маліліся заўсёды несьлі прымірэньне. Гэта ад малітвы выйшаў вядомы нам сёньня экумэнічны рух.
Сьвяцейшы Айцец прыпомніў яшчэ, што ўжо ў 1895-м годзе Папа Лявон ХІІІ запрапанаваў малітву за абьяднаньне хрысьціян. Сто гадоў таму назад пачатак такім малітвам даў айцец Поль Ватсон, тады яшчэ належаў да Эпіскапальнага Касьцёла. У 30-х гадах новы імпульс унёс айцец Кутур”е з Ліёну. Пад ягоным уплывам італьянская трапістка Марыя Габрыеля Сагэдду, ахвяравала ў 1936-м годзе сваё жыцьцё ў гэтым намеры. Яе 25-ць гадоў таму назад Папа Ян Павал ІІ бэатыфікаваў у той жа рымскай Базыліцы Сьвятога Паўла.
На заканчэньне свайго казаньня Папа Бэнэдыкт 16 спаслаўся таксама да году прысьвечанага сьведчаньню і навучаньню Апостала Народаў. Гэтыя сьвяткаваньні пачнуцца 28-га чэрвеня, гэтага году, ў Базыліцы Сьвятога Паўла за Мурамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.