2008-01-26 11:26:45

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус-- працяг


Увесну 1974 году Ўладыка зноў у Рыме. Адной з прычынаў паездкі было паседжаньне Камісіі для перагляду ўсходняга кананічнага права, у якую ён уваходзіў. Ha паседжаньнях камісіі прысутнічалі таксама назіральнікі, сярод ix – прадстаўнік Маскоўскага Патрыярхату біскуп Герман. На паседжаньні 20 сакавіка пытаньне пра назіральнікаў, як апісвае біскуп Сіповіч, выйшла наверх: «Дыскутуецца справа ўдзелу абсэрватараў у нашай працы. Я стаўлю пытаньне: якія крытэрыі трэба тасаваць у запросінах ix? Ці як прадстаўнікоў цэркваў, ці як спэцыялістаў? Дыскусія ажывілася. Мітрап. Германюк (украінец з Канады) кажа, што не заўсёды ёсьць патрэбным заклікаць абсэрватараў, асабліва тых цэркваў, якія афіцыяльна згадзіліся на ліквідацыю братніх цэркваў. Toe самае паўтарае румунскі біскуп Крыстэа. Румунскі патрыярх (праваслаўны. – А.Н.), калі быў у Італіі, калі яго запыталі, што сталася з каталіцкай усходняй Царквой, заявіў, што разьвязалася (и stata sciolta) i ўжо яе ня лічыць за існуючую! Патрыярхі бабілёнскі i армянскі ўважаюць непатрэбным запрашаць абсэрватараў, бо наша камісія мае выпрацаваць права для ўсходніх каталіцкіх цэркваў. Кардынал Вільлебрандс уважае, што варта запрашаць спэцыялістаў i няшмат. Таксама Кард. Фэлічы. Айцец Жужэк кажа, што трэба ўзяць пад увагу такжа карысьць абсэрватараў, а ня толькі нашу». Гэтая гісторыя мела працяг на апошнім паседжаньні камісіі 23 сакавіка: «Працы Камісіі. Галасаваньне над “modi propositi”. Пасьля – пры канцы паседжаньня – румынскі біскуп Крыстэа ад свайго імя i біскупаў Германюка i Сапэляка прачытаў заяву аб стане цэркваў Украінскай i Румынскай. Мне здавалася, што а. Рэжач, езуіт, які ўсё перакладаў біскупу Гэрману, у час гэтай заявы маўчаў i не перакладаў яе».
20 сакавіка біскуп Сіповіч меў таксама сустрэчу з манс. Мантальвам у Дзяржаўным Сакратарыяце. Як ён напісаў у дзёньніку, «гутарка аб спатканьні Айца Сьв. Паўла VI з Грамыкам. Гэтым разам Папа вельмі выразна i моцна сказаў Грамыку, што на яго нападаюць за яго “Ostpolitik”, a Савецкі Саюз не ідзе на спатканьне пэўных канечных вымогаў з боку Папы, каторыя трэба задаволіць. I так Папа яшчэ раз сказаў аб патрэбе для Беларусі біскупа, такжа не прамінуў незаладжанай праблемы ўкраінскай. Калі я заўважыў, што газэты пісалі, быццам Грамыка паставіў пэўныя ўмовы для Апост. Пасаду (украінскую царк. справу лічыць зачыненай etc.), монс. Монтальва сказаў, гэта няпраўда. На днях Архібіскуп Казаролі мае спаткацца з савецкім прадстаўніком, каб больш канкрэтна абгаварыць такжа справу назначэньня біскупа для Беларусі. Гутарылі такжа наагул аб сучасным палажэньні Царквы. Монс. Мантальва сказаў, што Монс. Казаролі крыху прыгноблены рознымі нападкамі на Айца Сьв., на яго асабіста. Тут прычынай слаўныя кардыналы Сьліпый i Міндсэнты, але ня столькі кардыналы, паколькі тыя палітыканы, што каля ix круцяцца».
Палітыка вялася ня толькі ў атачэньні Сьліпога i Міндсэнты. 27 сакавіка біскуп Сіповіч сустрэў у Дзяржаўным Сакратарыяце архібіскупа Дамэніко Энрычы, былога апостальскага дэлегата ў Вялікай Брытаніі, які ў 1971 годзе пасьвячаў Бібліятэку Ф. Скарыны. Разгаварыліся. Піша біскуп Сіповіч: «Вельмі мілы чалавек. Гутарым аб сучасных падзеях на сьвеце i ў Царкве. Калі я заўважыў, што здарылася некалькі асаблівых падзеяў у апошнім часе, зь якімі ня можна не лічыцца (украінскія дамаганьні, Кард. Міндсэнты, Салжаніцын), ён папрасіў гэта напісаць, каб пазьней перадаць Арцбпу Бэнэльлі. Абяцаў зрабіць, вярнуўшыся ў Лёндан... Спатканьне з Монс. Мантальва... Перайшлі да беларускіх царкоўных справаў. Монс. Мантальва паўтарыў яшчэ раз, што Айцец Сьв. вельмі ўпрама сказаў міністру Грамыку аб патрэбе ў Беларусі біскупа, i што даў яму пазнаць, калі ў далейшым будзе з боку Саветаў маўчаньне, або лепш сказаць, калі яны ня выйдуць на спатканьне жаданьням Ап. Пасаду, гэтым ставяць Ап. Пасад у цяжкое паложаньне... Гэта ўсё ўсьцешыла мяне, але я заўважыў, што сяньня атрыманьне біскупа для Беларусі азначала б такжа нейкі посьпех ватыканскай “Ostpolitik”, a гэта важна, калі Апостальскі Пасад, можа больш як калісьці, ёсьць праз рознага роду ворагаў атакаваны».
Уладыка Чэслаў не забыўся пра сваё абяцаньне архібіскупу Энрычы i ўжо ў Рыме зрабіў чарнавы накід сваіх заўвагаў, якім даў тытул “Le annotazioni su alcuni problemi d’oggi” (Заўвагі пра некаторыя сёньняшнія праблемы). 29 сакавіка ён зноў меў сустрэчу з манс. Мантальвам і між іншага прачытаў яму свае “annotazioni”. Далейшае апісвае біскуп Сіповіч: «Ён (Мантальва. – А.Н.) ix вельмі ўважна слухаў. Пасьля папрасіў копію для Я. Д. Казаролі. Пры гэтым вывязалася гутарка, у якой ён дыскрэтна, але выказаўся наступна: калі б мае зацемкі перад Вялікаднем трапілі ў рукі Яго Сьвятасьці Папы – што ёсьць вельмі магчымым – ён мог бы ў пасхальнай прамове сказаць пэўныя рэчы, якія маглі б шмат гдзе нарабіць клопату, асабліва калі б не было часу ўсяго абдумаць i належна абгаварыць. У папскай курыі ёсьць таксама праціўнікі г. зв. “Ostpolitik” Я. Дастойнасьці Арцбпа Казаролі, а некаторыя мае зацемкі былі б вадой на ix млын... Калі шырэй мы ўсё разважылі, мне стала сумна, цяжка на сэрцы: усё ж палітыка ёсьць палітыкай. I мне здалося, што яна прысланяе самога Хрыста. У маіх зацемках я жадаю паказаць на тое, што ўмяншае аўтарытэт Апост. Сталіцы, асобу Паўла VІ, асабліва калі гэтак ярка ўспыхнулі гэтакія постаці, як Сьліпый, Міндсэнты, Салжаніцын. Гэты апошні сказаў праўду, якую, здавалася б, павінен перш i перадусім гаварыць сам Айцец Сьвяты. А тут баяцца яму нават паказаць некаторыя факты.








All the contents on this site are copyrighted ©.