2008-01-25 10:54:28

У Мiнску прайшла супольная малiтва хрысцiянаў розных канфесiй.


У арцыкатэдральным касьцёле імя найсьвяцейшай Панны Марыі ў Менску адбылася экумэнічная малітва за адзінства хрысьціянаў. Удзел у малітве ўзялі прадстаўнікі розных хрысьціянскіх канфэсіяў, а таксама прадстаўнік Ватыкану ў Беларусі Марцін Відавіч.
Цягам тыдня экумэнічная малітва адбывалася ў грамадах розных хрысьціянскіх канфэсіяў. Супольнае набажэнства прывітальным словам распачаў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч:“Я дзякую ўсім тым, хто прыняў нашае запрашэньне. Гэта знак таго, што вы клапоціцеся пра еднасьць хрысьціянаў. Гэта знак таго, што вы хочаце, каб усе мы былі адно”.
Падчас супольнай малітвы слова бралі старшыня Біблійнага таварыства Герман Родаў, прадстаўнік праваслаўнай царквы айцец Аляксандар Шымбалёў, лютэранскай – Уладзімер Меерсон, грэка-каталіцкай – Сяргей Гаек. Апошні з названых, у прыватнасьці, адзначыў: “Тое, што мы тут, у сэрцы Менску, можам сабрацца разам – гэта ўжо вялікі дар ласкі Божай. Бог усё гэта бачыць, і няхай гэтыя супольныя высілкі ён блаславіць”.
Хор менскай арцыкатэдры ў гэты вечар выконваў каталіцкія і праваслаўныя хваласьпевы на беларускай, расейскай і лацінскай мовах. Многія вернікі казалі, што яны ўпершыню бралі ўдзел у такой малітве.
Адна з вернiцаў зазначыла: “Такая імша – гэта вялікая карысьць для ўсіх нас, гэта знак, што мы, хрысьціяне, разам…. Мы верым, што будзе мір і сяброўства, калі мы будзем зьбірацца вось так разам”.

 







All the contents on this site are copyrighted ©.