2008-01-19 09:51:39

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус - працяг


Гутарка Ўладыкі Чэслава надала тон усяму зьезду, які распачаў сваю працу наступнага дня. Перш за ўсё сьвятары падзяліліся сваім досьведам пастырскай працы ў розных краінах. Пасьля пачаліся дыскусіі i нарады, у якіх закраналіся пытаньні душпастырскай дзейнасьці сярод беларусаў i задавальненьня іхных рэлігійных патрэбаў. Зьезд прызнаў, што неабходна ўзнавіць высілкі ў справе прызначэньня каталіцкага біскупа ў Беларусі. Разглядаліся таксама: пытаньне сьвятарскіх пакліканьняў і магчымасьць мець жанатых сьвятароў; патрэба беларускай рэлігійнай літаратуры i перакладу Сьвятога Пісаньня i літургічных тэкстаў на беларускую мову; роля беларускай рэлігійнай прэсы як сродку сувязі зь вернікамі; патрэба бліжэйшага супрацоўніцтва з праваслаўнымі беларусамі ў духу любові i ўзаемнай пашаны, не заплюшчваючы вочы на наяўныя адрозьненьні; роля сьвецкіх вернікаў у жыцьці царкоўным.
Гэта быў вельмі важны зьезд, прысьвечаны пытаньням душпастырскага характару. Ha аснове ягоных пастановаў біскуп Сіповіч распрацаваў мэмарыял да Святога Айца Паўла VI, які i перадаў яму на прыватнай аўдыенцыі 22 лютага 1973 году. Адносна прызначэньня біскупа ў Беларусі Сьвяты Айцец сказаў: «Tutto riconsideremo di nuovo e lo faremo tutto ch’и possibile» (Перагледзім усё нанова і зробім усё магчымае). Біскуп Сіповіч узняў пытаньне пастырскай апекі над беларусамі каталікамі рымскага абраду на чужыне. Папа адказаў: «Fate tutto come fin’ora. Occupatevi di loro» (Рабіце ўсё як дагэтуль. Займайцеся імі). У сувязі з гэтым біскуп зрабіў такую заўвагу ў сваім дзёньніку: «Гэта Айцец Сьв. сказаў так выразна, што без сумніву я зразумеў, што ён не жадае гуляць у нейкія фармальнасьці, а проста жадае, каб я імі апекаваўся».
Гэтым разам біскуп Сіповіч ня мог пабачыцца з архібіскупам Казаролі, ватыканскім “міністрам замежных справаў”, бо той знаходзіўся ў Чэхаславаччыне. Казаролі быў галоўным прадстаўніком Ватыканскай “Ostpolitik” (Усходняй палітыкі). Адрозна ад папы Пія XII, які бескрампрамісна ставіўся да камунізму, Павал VI імкнуўся палегчыць лёс каталікоў у камуністычных краінах i не абвастраць сытуацыі. Ён дзейнічаў адкрыта i вёў перамовы з камуністычнымі ўладамі. Ватыканскія дыпляматы, каб не пагоршыць справу, стараліся не ўздымаць далікатных пытаньняў, такіх, як зьнішчэньне Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы ў 1946 годзе або савецкая акупацыя Чэхаславаччыны ў 1968 годзе. Гэта, безумоўна, многім не падабалася. У бок Ватыкану загучалі абвінавачаньні ў прасавецкіх сымпатыях. Уражаньне ўзмацнялася тым, што Ватыкан сваёй палітыкай амаль нічога не выйграваў (прынамсі, так выглядала), a камуністы, ня робячы ніякіх саступак, здабывалі імідж “прыстойных людзей”, зь якімі нават Каталіцкая Царква размаўляла.
У сераду 7 сакавіка 1973 году біскуп Сіповіч меў аўдыенцыю ў кардынала Віё (Jean Villot), Ватыканскага Дзяржаўнага Сакратара (наступніка кардынала Чыканьяні). Ідучы на аўдыенцыю, Сіповіч сустрэўся з кардыналам Допфнэрам (Julius Doepfner), архібіскупам Мюнхэнскім. Той, піша ў сваім дзёньніку Сіповіч, «пытае аб Беларусі, аб маёй працы. Пытае: “Ці Вы задаволены з дзейнасьці ў Сав. Саюзе архіепіскапа Казаролі?” Кажу: “Так, бо робіць, што можа”. У яго пытаньні я адчуў быццам сумніў ці незадаволеньне з паездкі монс. Казаролі ў Усходнюю Нямеччыну”. Пытаньне “Ostpolitik” закраналася таксама на аўдыенцыі з кардыналам Віё: “Тут мы даткнулі такжа праблему савецкай рэлігійнай палітыкі. Я заўважыў, што звычайна людзі ўважаюць кожную паездку Арцбпа Казаролі ў Савецкі Саюз за прасавецкую палітыку Ватыкану. Ha гэта Я. Эмінэнцыя: “Мы імкнёмся пашырыць, узмоцніць ужо існуючыя рэлігійныя вогнішчы ў Савецкім Саюзе”».
У Рыме 4 сакавіка Ўладыка Чэслаў размаўляў з марыянінам айцом Баляславам Якімовічам на беларускія тэмы. Вось як ён апісвае ў сваім дзёньніку: «Гутарым з а. Якімовічам аб справах недаразуменьняў польска-беларускіх. Ён сам лічыць сябе палякам, гутарыць па-беларуску, бацька яго з вуніятаў, радзіўся на Гродзеншчыне (22 лютага 1969 г. Уладыка так пісаў пра бацьку Якімовіча: “Яго бацька быў праваслаўным i напэўна ж беларусам”. – А.Н.). Айца Я. Германовіча ён называе нацыяналістам... Пры гэтай нагодзе я таксама сказаў аб адносінах некаторых польскіх марыянаў да беларусаў: палілі беларускія рэлігійныя кнігі, не дазволілі прыехаць малодшым у Рым на студыі, жадалі пасьля вывязеньня друйскіх айцоў інкардынаваць (далучыць. – А.Н.) друйскі дом у сваю правінцыю, чаму супрацівіліся айцы Абрантовіч i Цікота».
У чэрвені біскупа Сіповіча зноў паклікалі ў Рым. 4 чэрвеня ён сустракаўся
з архібіскупам Казаролі. У дзёньніку Сіповіч пакінуў апісаньне гэтай сустрэчы: «Я. Д. Казаролі выясьняе: Айцец Сьвяты ў прынцыпе згадзіўся распачаць ізноў справу біскупства ў Беларусі. Пакінуў да развагі мэтад заладжаньня справы: або выслаць у Савецкі Саюз Бпа Сіповіча дзеля перагавораў, або заклікаць айца Ул. Чарняўскага. Ня можна прыймаць усё з поўнай даверанасьцю, што Саветы кажуць, але будзем рабіць. Я падзякаваў Айцу Сьвятому i Я. Д. Казаролі.
Са свайго боку я падаў коратка прычыны, якія прамаўляюць за тым, каб лепш я быў у “цені” i не высоўваўся ў перагаворах з Саветамі. Тыя прычыны наступныя:
1) Ліст айца Ул. Чарняўскага, які піша, што, калі няма магчымасьці майго прыезду, дык выклікаць яго.
2) Каб не скампрамітаваць маёй працы сярод эміграцыі.
3) Трэба адказаць на пытаньне: чаму савецкі ўрад жадаў бы, каб я прыехаў у Саветы? Каб атрымаць ад мяне як найбольш інфармацыяў аб Ватыкане. Аб Беларусі яны знаюць больш, чым я. Маё паложаньне ў Саветах было б вельмі цяжкім, бо яны мяне ўважалі б за “усёведаючага”; пры іхным недаверы да ўсіх i да ўся я ня хочучы мог бы скампрамітаваць Ап. Пасад. Зрэшты Саветы павінны ведаць, што кожны біскуп залежыць ад Айца Сьвятога i таму, калі трэба, Айцец Сьв. можа паслугоўвацца такжа i мной.
Усё гэта выслухаўшы, Арцбп Казаролі згадзіўся са мной».








All the contents on this site are copyrighted ©.