2008-01-08 10:34:44

Ражджэственскае пасланьне Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філярэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі


Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы!«Бога ніхто не бачыў ніколі; Адзінародны Сын, Які ва ўлонні Айца, Ён явіў.» (Ін. 1: 18)Гэтыя словы апостала і евангеліста Іаана Багаслова адкрываюць нам неспасціжныя тайны быцця Бога ў Трох Асобах і спасіцельнай для чалавецтва місіі Яго Адзінароднага Сына.
Са старажытных часоў людзі адважна шукалі сустрэчы з ісцінным Богам на сцяжынах свайго жыцця, каб іх знаходжанне на зямлі і адыход у вечнасць былі асветлены святлом праўды Божае.
Але нават калі Гасподзь адкрываў перад чалавекам скарбы Сваёй прамудрасці, якая захоўваецца адвеку ў Свяшчэнным Пісанні, — нават і тады не кожны быў гатовы прыняць Закон Жыцця і кіравацца яго спасіцельнымі запаведзямі. З глыбіні стагоддзяў даносяцца да нас скрушныя словы старазапаветнага праведніка, свяшчэнніка Ездры:
«Якая карысць нам, калі нам паабяцaны бессмяротны час, а мы рабілі смяротныя справы? Нам прадкaзана вечная надзея, а мы...зрабіліся мітуслівымі, нам падрыхтавaна жыллё здароўя і спакою, а мы жылі дрэнна... хадзілі па шляхах злых» (3 Езд. 7: 49–52).
Ішлі стагоддзі, міналі тысячагоддзі… Чалавечы род сталеў, а са сталеннем памнажаліся яго грахі і хваробы. Ён заставаўся па-ранейшаму жорсткім, але без Бога ўсё вастрэй перажываў сваю адзіноту. Бо сэрца чалавека, часам, насуперак яго характару, з гадaмі ўсё больш жадае і міласэрнай спагaды, і благадатнай дапамогі Божай.
І тады Бог Айцец прамовіў Слова Любові, і «Слова стала плоццю, і жыло сярод нас, поўнае благадаці і ісціны» (Ін. 1: 14).
Так Сын Божы стаў Сынам Чалавечым. Вечны — Ён нарадзіўся на зямлі, каб пражыць жыццё чалавека і памерці, як памірае чалавек. Усемагутны — спазнаў увесь цяжaр жыцця ў пакутнай і смяротнай плоці. Ён, Бязгрэшны, узяў на Сябе грахі ўсяго свету і адкупіў іх, стаўшы падобным да старазапаветнага ахвярнага агнца.
І ўсё гэта нам зноў тлумачыць апостал і евангеліст Іаан Багаслоў: «Бог ёсць любоў, і хто не любіць, той не спазнаў Бога» (1 Ін. 4: 8); «Бог ёсць святло, і няма ў Ім ніякай цемры» (1 Ін. 1: 5); «Бог ёсць дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў духу і ісціне» (Ін 4: 24).
Якія простыя для разумення гэтыя адкравенні пра Бога, Ражджаство Якога мы святкуем сёння! Яны настолькі ж блізкія і натуральныя для чалавечай прыроды, як жаданне любові і аднадумства з дарагімі людзьмі, як пошук сапраўднага сяброўства і вернасці, як успамін альбо мара пра цяпло бацькоўскага дома і пра бесклапотнае дзяцінства…
Свята Рожджаства Хрыстовага ззяе самымі яркімі і чыстымі колерамі дзяцінства; ён такі ж таямнічы і велічны ў сваёй прастаце, як і Самoе Богадзіця Іісус, Якое мірна спіць у яслях, асветленае ззяннем Віфлеемскай зоркі і сагрэтае дыханнем свойскіх жывёл. І нішто не можа парушыць спакою гэтай ціхай Ражджэственскай ночы, калі хор небажыхароў заклікае зямных жыхароў заспяваць гімн спрадвечнай гармоніі: «Слава ў вышніх Богу, і на зямлі мір, у людзях добрая воля!»
Узлюбленыя браты і сёстры! Нашым хрысціянскім пакліканнем было і застаецца здзяйсненне ў жыцці гэтага Ражджэственскага ангельскага песнапення. Бо місіяй хрысціяніна з’яўляецца якраз тое, каб ва ўсякі час і ва ўсіх жыццёвых абставінах умець узнoсіць славу ў вышніх Богу!
Нібы тлумачачы сэнс Ражджэственскага гімна, Сам Хрыстос Спасіцель настойліва пераконваў веруючых у Яго: «па тым пазнaюць усе, што вы Мае вучні, калі любоў будзеце мець паміж сабою» (Ін. 13: 35), бо, дзе царствуе евангельская любоў, — на той зямлі ўсталёўваецца надзейны мір.
Але праслаўляць Бога і ўмацоўваць мір можа толькі той, чыя асабістая воля нязменна скіравана на дабро бліжніх і дальніх людзей. Таму выхаванне ў сабе добрай волі з’яўляецца мэтаю нашага з вамі зямнога жыцця.
Урэшце, для таго мы і ўзводзім храмы і манастыры, адкрываем духоўныя школы і развіваем багаслоўе, даследуем гісторыю Царквы і Бацькаўшчыны, каб прынeсці ў жыццё радасць Ражджаства і Уваскрасення Хрыстовага. Бо ў прасторы паміж гэтай альфай і амегай нашай хрысціянскай веры знаходзіцца вялікая радасць злучэння Бога з чалавекам, — тая самая, пра якую дабравeсціў Віфлеемскім пастухам у ноч Ражджаства Ангел Гасподні, кажучы: «нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давідавым Спасіцель, Які ёсць Хрыстос Гасподзь» (Лк. 2: 10–11).
Узлюбленыя! У мінулым годзе ў епархіях Беларускага Экзархата адбываліся ўрачыстасці ў гонар 1015-годдзя заснавання Праваслаўнай Царквы ў Беларусі. Нам рана падводзіць вынікі, бо мы знаходзімся яшчэ ў самым пачатку вельмі цяжкага шляху аднаўлення Царквы на нашай зямлі ў тым яе значэнні і ў той годнасці, якая запатрабавана шматпакутнай гісторыяй нашага народа.
Але мы бачым, што не дарэмныя нашы намаганні і не марныя спадзяванні, бо за апошнія пятнаццаць гадоў ўзрасло і цяпер уваходзіць у самастойнае жыццё новае пакаленне нашых суайчыннікаў, якія з маленства далyчаны да Святых Хрыстовых Тайнаў і нязменна знаходзяцца ва ўлонні Царквы. На іх ускладаем мы нашы спадзяванні, бо яны не страчаны ні для Бога, ні для людзей, ні для Бацькаўшчыны.
У цяперашні вельмі няпросты час на хрысціянах ляжыць асаблівая адказнасць за стан свайго сэрца і розуму. Мы пакліканы не толькі захоўваць перад абліччам свету нашу веру ў Бога, але і праяўляць глыбіню свайго асабістага даверу да Тварца. Нам трэба не палохацца буйства стыхій свету гэтага, і тым больш забабонаў і пустых страхаў, — а ў любых абставінах бязбоязна жыць і сведчыць пра Госпада нашага Іісуса Хрыста як Спасіцеля свету.
Прыгадаем словы, якія прагучалі ў 1593 годзе з вуснаў дабравернага князя Канстанціна Канстанцінавіча Астрожскага. «Мы не паветра і не вецер сцеражом, — звяртаўся ён да сваіх адзінаверных суайчыннікаў, — але ісцінную веру, трымаючыся яе, захоўваем». Гэты верны сын Праваслаўнай Царквы і сапраўдны герой нашай Бацькаўшчыны ўмеў быць цвёрдым у сваёй веры, у яе абароне і ўмацаванні.
У надыходзячым годзе нам належыць аддаць князю Канстанціну Астрожскаму даніну вечнай і ўдзячнай памяці, бо ўжо чатыры стагоддзі мінула з дня яго спачыну. За гэты час гісторыя нашага народа шмат разоў пацвярджала ісціннасць яго глыбокага пераканання ў тым, што толькі праваслаўная вера бацькоў можа з’яўляцца асноваю для нашай свабоды ад ілжэвучэнняў, для нашай незалежнасці ад стыхій свету гэтага і для нашага ўмацавання ў запаведзях Госпада Іісуса Хрыста.
Сардэчна вітаю з радасным святам Ражджаства Хрыстовага ўсіх хрысціян Беларусі і ўсіх суайчыннікаў, што жывуць за межамі Беларускай зямлі.
Веру, што і ў надыходзячым Навалецці добрасці Божай, паводле слова Псалмапеўца, «Гасподзь дасць сілу народу Свайму, Гасподзь благаславіць народ Свой мірам» (Пс. 28: 11). Амінь.
Філарэт,Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

 
Ражджаство Хрыстова, 2007 / 2008 гг.,
Мінск 







All the contents on this site are copyrighted ©.