2008-01-02 15:06:19

Багародзічная малітва "Анёл Гасподні" ў аўторак 1-га студзеня 2008 году



Да шчыльнае сувязі паміж сям”ёю, грамадзтвам і будаваньнем міру Папа спаслаўся таксама ў разважаньні перад адгаварэньнем багародзічнае малітвы “Анёл Гасподні” ў аўторак 1-га студзеня, Першы Дзень Новага Году. Перасьцярог, што той, хто нават несьвядома дзейнічае на шкоду ўстанове сям”і і яе паслабляе, падзвяргае пагрозе стабільнасьць міру ўсёй нацыянальнай і міжнароднай супольнасьці, бо паслабляе ўстанову, якая фактычная зьяўляецца галоўнаю школаю міру.
З ініцыятывы Касьцёла на ўсіх кантынэнтах было зарганізавана многа міжнародных ініцыятыў з нагоды Сусьветнага Дня Міру. У Рыме новагоднюю маніфэстацыю пад лозунгам “Мір для ўсіх земляў” зарганізавала Супольнасьць Сьвятога Эджыдыя. Марш закончыўся малітваю “Анёл Гасподні” з Папам. На Плошчу Сьвятога Пятра, якая была перапоўненая, прыбыла таксама моладзь з многіх краін Эўропы. Вітаючы ўдзельнікаў ўсіх мірных маніфэстацый, Бэнэдыкт 16 заахвоціў ўсіх, каб заўсёды былі сьведкамі міру і прымірэньня.

У панядзелак, 31-га сьнежня Сьвяцейшы Айцец адслужыў у Базыліцы Сьвятога Пятра Вячэрню падзякі “Тэ Дэум” ( Цябе Бога хвалім). Пад-час яе Папа падзякаваў Богу за ўсё тое, што здарылася ў мінулым 2007-м годзе. На парозе новага году Бэнэдыкт 16 пажадаў ўсім вернікам, каб ставаліся сапраўднаю рошчынаю надзеі.








All the contents on this site are copyrighted ©.