2007-12-26 12:22:29

Пастырскае Слова Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі на сьвята Раства Хрыстовага 2007 году і на Новы 2008 Год Гасподні


Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!
Прыйсце Тваё, Хрысце Божа,
было для нас ясным світанкам.
Ты прасвятліў усё стварэнне,
і таму ўсё жывое славіць Цябе.
(З Вячэрні Нараджэння Хрыстовага)
1. Разам з усім хрысціянскім светам у гэты святочны час прыносім наш шчыры паклон веры Нованароджанаму Госпаду, Богу і Збаўцы нашаму Ісусу Хрысту.
У нашых сэрцах ўважліва разважаем словы старажытнай Анафары св. Базыля Вялікага, якой Царква моліцца ў гэтыя святочныя дні, ды з пакорлівай смеласьцю і глыбокім захапленнем Божай Міласэрнасцю звяртаемся да Бога, нашага Айца:
«Сапраўды Ты святы і ўсесвяты, і няма меры велічы славы Тваёй. Калі ж споўніўся час, Ты прамовіў да нас праз самога Сына Твайго, якім Ты вякі стварыў.
Ён, узяўшы цела ад святое Дзевы, спустошыў сябе,
прыняўшы выгляд слугі, стаўшыся падобным да цела нашай пакорлівасці, каб учыніць нас падобнымі да вобразу сваёй славы»
(З Анафары св. Базыля Вялікага)
Таямніца Нараджэння Ісуса Хрыста — гэта значыць таямніца Уцелаўлення Спрадвечнага Сына Божага — і сёння прасвятляе Віфлеемскім святлом нашую штодзённую рэчаіснасць. Неабходна, каб усе мы шырока адкрылі дзверы нашых дамоў ды месцаў працы і вучобы на яснасць і цеплыню гэтага Віфлеемскага святла.
І калі ў час Калядных Святаў і Новага года Гасподняга віншуем адзін аднаго ды молімся за сваіх блізкіх, памятайма ў нашай малітве і пра нашую Бацькаўшчыну Беларусь. Памятайма, што моцную, квітнеючую Беларусь магчыма пабудаваць толькі на фундаменце веры ў Бога. І гэта заданне для вернікаў усіх хрысціянскіх Цэркваў у Беларусі. Трэба толькі, каб мы разам з радасцю прынялі Віфлеемскае святло і адважна і мужна ішлі разам па шляху веры, надзеі і любові.
У сулучнай малітве няхай дапамогуць нам натхнёныя словы народнага паэта, верніка нашае Царквы, Рыгора Барадуліна:
Божа, пашлі Беларусі
Ласку з Тваімі вачамі,
Сэрцы суцеш у скрусе,
Злітуйся над крывічамі.


Хай беларус беларуса
Будзе любіць як брата.
Светлым Імем Ісуса
Наша крывіцка хата.
(Маленне за Беларусь)
2. Дарагія Браты і Сёстры!
У святочны час Нараджэння Хрыстовага хочам глыбока асэнсаваць Евангельскую Праўду, што Нованароджаны Збаўца свету прыносіць усім людзям добрай волі дар сапраўднага міру. Таму грэка-католікі Беларусі шчыра моляцца, каб Новы 2008 год Гасподні быў блаславёнай нагодай разам з братамі лацінскага абраду ды з праваслаўнымі і пратэстантамі сулучна сведчыць, што Госпад Ісус Хрыстос нясе ўсім жыхарам Беларусі святло няспыннай надзеі.
У Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве год Гасподні 2008 будзе Годам надзеі. Крыніцай надзеі застаецца для ўсіх хрысьціянаў Слова Божае. 2008 год няхай стане для ўсіх нас чарговым крокам падрыхтоўкі да Юбілею 500-годдзя выдання Бібліі Францішка Скарыны, які будзем святкаваць у 2017 годзе.
Гэтаксама слову Божаму будзе прысвечаны сусветны Сінод Біскупаў у Рыме ўвосень 2008 года. У гэтым кантэксце хачу раз яшчэ паўтарыць: штодзённае чытанне Слова Божага на роднай мове няхай будзе першым крокам на шляху нашага хрысціянскага сведчання. Няхай Дух Святы дазволіць нам зразумець, што сапраўды слова Божае — гэта крыніца надзеі. Хай слова Божае стане заахвочваннем для ўсіх беларусаў, як на Бацькаўшчыне, так і па-за яе межамі, быць сведкамі надзеі.
Усім святарам, манахам, манахіням, семінарыстам, усім вернікам нашае Царквы ды ўсім нашым сябрам жадаем вялікага супакою сэрца, радасці і надзеі.
Усіх вас віншуем з Божым Нараджэннем і Новым 2008 годам Гасподнім і вітаем святочным вітаннем:
Хрыстос нарадзіўся — Яго славім!
 
Мінск, Нараджэнне Хрыстова 2007 года.
Кс. архімандрыт Сяргей Гаек МІС
Апостальскі візітатар для грэка-каталікоў на Беларусі








All the contents on this site are copyrighted ©.