2007-12-22 10:44:37

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус-- працяг


Як відаць, многія беларусы заставаліся яшчэ ў далечыні ад экумэнічнага духу. У 1972 годзе праваслаўныя беларусы ў Манчэстары купілі сваю царкву. Яе пасьвяціў 12 лістапада протаерэй (старэйшы сьвятар) Аўген Смаршчок, які прыехаў дзеля гэтага з Бэльгіі. Вяртаючыся назад, ён затрымаўся ў Лёндане ў Марыян Гаўз i, як запісаў у сваім дзёньніку Ўладыка Чэслаў, «тлумачыўся перад біскупам, чаму а. Абабурка “не пасьмеў” запрасіць біскупа ці каго іншага з каталікоў на ўрачыстасьць у Манчэстар. Казаў, што а. Абабурку было вельмі прыкра, але ж ягоныя супрацоўнікі... прастэча i не дарасьлі да сучасных часоў».
Безумоўна, экумэнізм – паняцьце даволі складанае, i розныя людзі разумеюць яго па-рознаму. Другі беларускі праваслаўны герарх, біскуп Мікалай (Мацукевіч) з Таронта, пісаў біскупу Сіповічу 24 лістапада 1970 году: «Мы ўвесь час молімся Богу, каб Ён, Многаміласьцівы, памог Рыма-Каталіцкай Царкве вярнуцца на Праваслаўную Хрыстовую Веру. I мы радыя з кожнага кроку Рыма-Каталіцкае Царквы, які вядзе да малітоўнага яднаньня з Праваслаўнай Усяленскай Хрыстоваю Царквой. Цяпер ужо ня трэба ўламлівацца, бо Атэнагор I, Усяленскі Канстантынопальскі Патрыярх, шырака адчыніў дзьверы для Рымскай Царквы. Ці паслухаюцца Божага голасу пастыры Рыма-Каталіцкай Царквы, гэта будзе залежыць выключна ад ix».
Няведама, што i як адказаў біскуп Сіповіч на гэты ліст. Але калі Ўладыка Мікалай (ужо ў годнасьці архібіскупа) прыехаў у 1979 годзе ў Лёндан, яго прымалі з усёй цеплынёй i сардэчнасьцю. 24 ліпеня ладзіўся прыём у гонар Уладыкі Мікалая ў Доме сьв. Пятра на 39 Гольдэн Роўд. Віталі яго старшыня Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі Янка Міхалюк i Ўладыка Чэслаў. У дзёньніку біскупа Сіповіча знаходзім наступны запіс: «Я назваў гэтую нагоду гістарычнай, бо сяньня спаткаліся два беларускія біскупы, каталіцкі i праваслаўны, якія ў працы для свайго народу знайшлі супольную мову». Архібіскуп Мікалай Мацукевіч (1917–2002) быў сапраўды вялікім беларускім патрыётам i ахвярным сьвятаром, хоць i не адзначаўся шырынёю поглядаў. Ён, дарэчы, адным зь першых пачаў рабіць пераклады літургічных тэкстаў на беларускую мову.
Біскуп Сіповіч усім сэрцам жадаў еднасьці ўсіх хрысьціянаў, асабліва каталікоў i праваслаўных. Аднак для сапраўднай еднасьці патрэбныя чысьціня намераў i адсутнасьць якога-колечы вонкавага націску, фізычнага ці маральнага, а таксама пашана людзкой годнасьці. У прыватнасьці, ён ніколі не прымаў празэлітызму, або “навяртаньня” любымі сродкамі, незалежна ад таго, чаму чалавек вырашыў зьмяніць веравызнаньне. Бывалі выпадкі, калі прынцыпы, якімі кіраваўся Ўладыка Чэслаў у дачыненьні да праваслаўных, мусілі праходзіць выпрабаваньне. Так, у нядзелю 14 траўня 1972 году біскупа адведаў стары знаёмы (яшчэ з Італіі) Кастусь Мярляк. Цяпер ён жыў у Нью-Ёрку, вельмі актыўна ўдзельнічаў у беларускім грамадзкім i рэлігійным жыцьці. У яго – праваслаўнага – чамусьці ўзьнік канфлікт з вышэйшымі ўладамі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Замест таго, каб старацца палагодзіць непаразуменьне, сп. Мярляк разам з сваімі аднадумцамі намерыўся збудаваць сваю царкву i нават знайшоў праваслаўнага сьвятара, гатовага служыць у ёй. Але, відаць, такі варыянт не зусім яго задавальняў. Вось што занатаваў Уладыка Чэслаў у сваім дзёньніку: «Пасьля абеду (Мярляк. – А.Н.) зажадаў спэцыяльна пагутарыць са мной. Я ніяк ня мог дагадацца, што ён мае на думцы? Аказалася, што калі б a. Коўш (праваслаўны сьвятар. – А.Н.) адрокся ад таго прыходу, дзе яны будуюць новую царкву (выдалі ўжо 65 000 доляраў), праваслаўныя беларусы гатовы зьвярнуцца да мяне, каб абняў прыход. Я сказаў, што гэта немагчыма i мусяць знайсьці праваслаўнага сьвятара. Як бы яно ў будучыне ня здарылася, гэта было для мяне вялікай неспадзеўкай. Праваслаўныя, ня могучы між сабой згаварыцца, гатовы зьвярнуцца да вуніятаў, якіх нядаўна абкідвалі балотам! Але гэта магчыма толькі там, дзе праваслаўныя ёсьць ня толькі сьведамыя беларусы, але i патрыёты».
Біскуп Сіповіч ніколі не сьпяшаўся прымаць тых, хто выказаў жаданьне стаць каталіком, не праверыўшы прычынаў, якія схілілі іх да гэтага кроку. Калі ў 1975 годзе адна асоба зьвярнулася да яго з такой просьбай, ён напісаў у сваім дзёньніку 9 кастрычніка: «Ня ведаю, дзе гэтакіх думак ці плянаў прычына, але магчыма i тыя адносіны з Уладыкам Мікалаем. Прыняцьце поўнасьцю каталіцкае веры – гэта акт ласкі Божае i ўласнай працы над сабой. Магчыма ў душы Н.Н. дасьпее адно i другое».
Ён, аднак, ніколі не вагаўся рабіць тое, што ўважаў патрэбным для душы дадзенай асобы. Увесну 1970 году ў Парыжы паміраў хворы на рак Мікола Абрамчык, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Ён быў хрышчаны праваслаўным. Уладыка Чэслаў паехаў адведаць яго. Вось як ён апісвае іхную сустрэчу 5 траўня: «Прыгожы дзень. Ізноў гутару з Прэзыдэнтам (Абрамчыкам. – А.Н.). Ён кажа, што вельмі цьвёрда верыць у Бога, у несьмяротнасьць душы. Спавядаецца. Пасьля ўдзяляю яму такжа тайну сьв. памазаньня. Усё гэта прымае з вялікай паслухмянасьцю i пабожнасьцю. De facto (на справе) сп. M. Абрамчык уважае сябе за уніята i кажа, што такім быў яго бацька заўсёды. Гэтых пару дзён майго прабываньня з Абрамчыкамі астануцца ў маёй памяці заўсёды. Сам Мікола даведзены хваробай да выгляду шкілету, аднак глыбока задуманы, сканцэнтраваны. Калі гаворыць, голас, хаця i прытушаны, кідае быццам маланкі... Я маліў Бога, каб дапамог мне дапамагчы духова Абрамчыку. Ён страшэнна церпіць фізычна. Таму нэрвовыя ўзрывы».








All the contents on this site are copyrighted ©.