2007-12-17 13:10:06

Багародзічная малітва "Анёл Гасподні" з Папам у нядзелю 16-га сьнежня


Пасьля свайго павароту з парафіі, а паўдні Бэнэдыкт 16 сустрэўся з вернікамі, якія прыбылі на Плошчу Сьвятога Пятра, каб супольна адгаварыць гэтую марыйную малітву. У сваім слове да іх Папа гаварыў аб пасланьні Літургіі мінулае нядзелі.
RealAudioMP3
Асноваю хрысьціянскае радасьці ёсьць блізкасьць Бога, які палюбіў нашае чалавецтва. У радасьці ці болі, здароў”і ці ў хваробе, нават у хвілінах спробы і цярпеньня Бог заўсёды блізка кожнага чалавека, які Яму даручае сябе самога і Яму давярае. Далей Сьвяцейшы Айцец сказаў, што перажываць хрысьціянскую радасьць можна таксама і ў сёньняшніх часах. Незабыўным сьведкам радасьці была Бласлаўлёная Маці Тэрэза з Калькуты. Яна штодзённа сустракалася з галечу, з прыніжаньнем чалавека і са сьмерцю. Сама зазнаючы цемры веры, ўсіх абдароўвала ўсьмешкаю Бога- сказаў Папа, прыпамінаючы ейную постаць. З пісьмаў Маці Тэоэзы Папа працытаваў яе рэцэпт на рай на зямлі: “У нашай моцы ёсьць быць ў раю ўжо тут, ужо цяпер. Быць шчасьлівым з Богам значыць любіць як Ён, дапамагаць як Ён, даваць як Ён, служыць як Ён”- сьцвярджала Бласлаўлёная Маці Тэрэза.
У людзях, якія так менавіта любяць- сказаў Бэнэдыкт 16- Бог знаходзіць сваё жыльлё, а душа цешыцца. Аднак калі са шчасьця робіцца бажка, то людзі блудзяць і цяжка ім знайсьці радасьць, аб якой гаворыць Ісус. На жаль, такая менавіта прапанова культур, якія на месцы Бога ставяць сваё індывідуальнае шчасьце. Тады чалавек шукае сховішча ў штучных раях, якія ілюзорныя- заўважыў Папа.
Пасьля адгаварэньня багародзічнае малітвы, Бэнэдыкт 16 паблаславіў фігуркі Дзіцятка Ісуса, якія прынесьля на Плошчу Сьвятога Пятра рымскія дзеці. Гэтыя фігуркі яны зложаць пазьней ў сваіх дамашніх батлейках. Дзякуючы за гэтую традыцыю Папа заахвоціў сьвятароў, бацькоў і катахэтаў да супрацоўніцтва ў выхоўваньні дзяцей.








All the contents on this site are copyrighted ©.