2007-12-15 08:38:01

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус-- працяг


Біскуп Сіповіч ды іншыя беларускія сьвятары выяўлялі шчырую зацікаўленасьць у захаваньні i разьвіцьці беларускае культуры. Дзякуючы іхнаму ўдзелу ў беларускім культурным i грамадзкім жыцьці беларусы “прызвычаіліся” бачыць у сваім асяродзьдзі грэка-каталіцкіх сьвятароў. Гэта было вельмі важна. Расейцы, зьнішчыўшы ў 1839 годзе Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву, павялі супраць яе прапаганду як пра польска-ватыканскую інтрыгу для “паняволеньня” праваслаўных беларусаў. Вынікі дзесяцігодзьдзяў гэтай прапаганды адчуваліся нават сярод сьведамых беларусаў, якіх ніяк не западозрыш у прарасейскіх сымпатыях. Уваходзіць зь імі ў спрэчку, iмкнуцца давесьці адваротнае было бескарысна – гэта магло толькі пагоршыць сытуацыю. Грэка-каталіцкім сьвятаром заставалася адно – даказаць сваю беларускасьць на справе. Сваімі паводзінамі i поўным павагі стаўленьнем да праваслаўных беларусаў, a таксама сваёй працаю яны зрабілі шмат, каб разбурыць стэрэатыпы i падазрэньні. Як прыклад можна прывесьці выпадак зь Віктарам Астроўскім, сынам Прэзыдэнта Беларускай Цэнтральнай Рады Радаслава Астроўскага, які жыў у Лёндане. Шмат гадоў свайго жыцьця ён прысьвяціў вывучэньню картаграфіі Беларусі i меў вялікую калекцыю старых картаў – арыгіналаў i копіяў. У 1971 годзе ў Лёндане выйшла ягоная кніга The Ancient Names and Early Cartography of Byelorussia (Старыя назовы i раньняя картаграфія Беларусі). Гэта першая праца ў дадзенай галіне, напісаная беларусам. Віктар таксама непрыхільна ставіўся да Каталіцкае Царквы i асабліва да Беларускай Каталіцкай Місіі ў Лёндане. Ён напісаў i выдаў некалькі антыкаталіцкіх памфлетаў з такімі “пікантнымі” тытуламі, як Польскі Вуніяцкі Касьцёл для Беларусаў, або Ubrał się diabeł w komżę i ogonem na Mszy dzwoni (чорт надзеў стыхар i хвастом да Імшы звоніць). Нехта сказаў яму, што ў фондах Бібліятэкі Ф. Скарыны ёсьць вельмі багатая калекцыя старых картаў Беларусі (Вялікага Княства Літоўскага). Доўга ён не адважваўся завітаць, але нарэшце цікаўнасьць перамагла. Прыйшоў увесь насьцярожаны, але сыходзіў прыяцелем. Ад таго часу ён стаў частым наведнікам бібліятэкі i нават зрабіў каталёг картаў у ейных фондах. Памёр Віктар 31 жніўня 1975 году, па-кінуўшы Бібліятэцы Ф. Скарыны ўсе свае кнігі i карты. На ягоным пахаваньні біскуп Сіповіч на просьбу праваслаўнага сьвятара прачытаў Апостала.
29 жніўня 1971 году прыехаў з Амэрыкі ў Англію на кананічную візытацыю беларускіх праваслаўных асяродкаў архібіскуп Андрэй Крыт, галава Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы i стары знаёмы біскупа Сіповіча з часоў, калі яны абодва былі яшчэ сьвятарамі. Уладыка Андрэй перш-наперш паехаў у Брадфард, дзе ён некалі служыў сьвятаром, i там пасьвяціў на сьвятара Яна Пякарскага. Тады ён адведаў Манчэстар, Бірмінгам i Нотынгам. 25 верасьня прыехаў у Лёндан i ўвечары таго дня прыйшоў зь візытам у Марыян Гаўз. Найперш усе пайшлі ў капліцу сьв. Пятра i Паўла, дзе Ўладыка Андрэй пры адчыненых райскіх дзьвярох блаславіў усіх сьвятароў, вучняў інтэрнату сьв. Кірылы i прысутных беларусаў, a Ўладыка Чэслаў прывітаў госьця. Пасьля адбылася вячэра, у часе якой Уладыка Чэслаў зноў прывітаў Уладыку Андрэя i павіншаваў новага сьвятара а. Яна Пякарскага. Назаўтра, у нядзелю, Уладыка Крыт служыў сьвятую Літургію ў царкве непадалёк ад Беларускага Дому (уласнасьць ЗБВБ), на якой сьпяваў хор вучняў інтэрнату сьв. Кірылы. У наступныя дні Ўладыка Андрэй быў частым госьцем Бібліятэкі Ф. Скарыны i абедаў разам з усімі айцамі i вучнямі. Біскуп Сіповіч напісаў у сваім дзёньніку 30 верасьня: «Дзякуй Богу! Лепш супольна маліцца, чым сварыцца».
У лістападаўскім нумары газэты Беларус, што выходзіла ў Нью-Ёрку, пад подпісам “Назіральнік” зьявілася доўгая справаздача пра паездку архібіскупа Крыта ў Англію144. Але ў ёй нават ня згадвалася пра Марыян Гаўз i Бібліятэку. Перад Калядамі Ўладыка Чэслаў атрымаў ліст за 10 сьнежня ад Уладыкі Крыта, у якім той пісаў: «Думаю, што атрымалі ўжо Беларуса i, прачытаўшы карэспандэнцыю аб маёй кананічнай візытацыі, загневаліся на мяне, што нічога ня ўспомніў пра пабыт у вас. Ca шчырасьцю магу вам сказаць, што ў тым артыкуле аб маім пабыце ў Лёндане было зьмешчана вельмі шмат, асабліва аб бібліятэцы Скарыны. Але рэдактары i нашыя вялікія дзеячы, даведаўшыся, паднялі цэлую шумавіну, што ізноў даем у рукі матар’ял для “зарубежнікаў” i падобных. Таму змушаны быў напісаць, каб значную частку не друкавалі. Ветліва прашу ня гневацца, бо не ад мяне залежала. Вам ведама, у якіх абставінах мы жывем».
Уладыка Чэслаў адказаў 25 лютага: «Шчыра Вам дзякую за выясьненьне, чаму ў Беларусе не было ўспаміну аб Вашай візыце ў Марыян Гауз i ў Бібліятэцы. Сумна, але праўдзіва! Нашы сьвецкія дзеячы думаюць, што яны разумней робяць, чымся нашыя сьвятары ці біскупы. Часам магчыма так, але ў большасьці выпадкаў яны памыляюцца. У імя Хрыста праўды ня трэба баяцца. Ваша візытацыя ў Ангельшчыне беларускіх праваслаўных асяродкаў была вельмі карысная. Каталікі таксама былі задаволеныя. Як Вы маглі заўважыць, тут перамаглася большасьць розных упярэджаньняў, тады як у Зл. Штатах паўтараюць да нуды розныя даўным засьнядзелыя цьверджаньні. Канцы-канцоў, еднасьць між каталікамі i праваслаўнымі мусіць прыйсьці, інакш ня споўніцца воля Хрыста “Каб усе былі адно!”. Пэўне ж ня нам ведаць, калі яна прыйдзе, але нашым абавязкам ёсьць зрабіць усё магчымае, каб яна як найхутчэй прыйшла. Калісь каталікі моцна грашылі, заганяючы насільна ў сваю аўчарню людзей іншых веравызнаньняў. Падобна паступала Расея царская. Няхай нас Бог бароніць ад падобных часоў i мэтадаў. Сяньня дасьпеў чалавек вырашыць сам аб сваім пераконаньні, i калі б не было розных націскаў на хрысьціянаў, яны куды хутчэй злучыліся б».








All the contents on this site are copyrighted ©.