2007-12-07 11:59:28

Бенедыкт XVI° сустрэўся з выкладчыкамi i навучэнцамi Папскага Усходняга iнстытута.


“Вывучэнне усходних Айцоў Царквы, тэалогii хрысцiянскага Усходу i лiтургii, якая дае зразуменне вечнага жыцця – гэта ёсць мэта Папскага Усходняга iнстытута”, - сказаў Свяцейшы Айцец пад час спаткання з выкладчыкамi i студэнтамi згаданага iнстырута, якое адбылося ў мiнулы чацьвер. Папа сустрэўся з iмi з нагоды 90-гадавiны заснавання гэтай навучальнай установы Свяцейшым Айцом Бенедыктам XV°.
У гэтай вядомай навучальнай установе выкладаюць вядомыя знаўцы усходняга хрысцiянства, там вучацца студэнты з розных краiнаў Усходу.
Бенедыкт XVI° звярнуў увагу на каштоўнасць бiблiятэкi Усходняга iнстытуту, якая вядома ва ўсiм свеце багаццем збору выданняў, што тычацца Усходу. Бiблiятэка была заснавана Свяцейшым Айцом Пiям XI°, якi ў свой час быў кiраўнiком славутай Амбразiянскай бiблiятэкi ў Мiлане. Папа зазначыў, што праца Усходняга iнстытута служыць для наблiжэння хрысцiянаў розных канфесiй.
“Я ўпэўнены, - сказаў Свяцейшы Айцец пад час спаткання, - што навучэнне там мае вялiкую экуменiчную вартасць. Вывучэнне спадчыны хрысцiянскага Усходу ўзбагачае ўсiх нас. З гэтага пункту гледжання Папскi Усходнi iнстытут ёсць прыкладам таго, што можа даць хрысцiянская мудрасць. Я, - працягнуў сваю думку Папа, - вiтаю ўсiх тых, што прагнуць лепей зразумець усходнiя Цэрквы, тым самы паглыбiць сваё жыццё са Святым Духам. У тым, што тычыцца усходняй духоўнасцi, то яна мае глыбокiя i багатыя традыцыi. I гэта багацце належыць не толькi ўсходняй традыцыi, але з’яўляецца багаццем для ўсiх хрысцiянаў”.
Пад час сваёй прамовы Свяцейшы Айцец прыпомнiў, што Бенедыкт XV° на працягу пяцi месяцаў заснаваў дзве важныя ўстановы – 1 траўня 1917 года была заснавана Кангрэгацыя да спраў усходнiх Цэркваў, а 15 кастрычнiка таго ж года распачаў сваю працу Усходнi iнстытут.
У Папскiм Усходнiм iнсытуте займаецца каля 300 асобаў. Большасць з iх – святары, але ёсць i свецкiя асобы розных веравызнанняў. Сярод яго выпускнiкоў такiя вядомыя людзi як Сусветны Патрыярх Барталамей I°, галава Наўгародскай епархii Леў i iншыя праваслаўныя ўладыкi.







All the contents on this site are copyrighted ©.