2007-11-13 14:05:34

Мітрапаліт Кандрусевіч і кардынал Сьвёнтэк маліліся ў Будславе


11 лістапада 2007 г. арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, які напярэдадні кананічна ўступіў на пасаду, разам са сваім папярэднікам кардыналам Казімірам Свёнткам цэлебраваў св. Імшу ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай.
Усё жыццё Тадэвуша Кандрусевіча напоўнена асабліваю пашанаю да Найсвяцейшай Багародзіцы. У найбольш важныя, вызначальныя моманты менавіта Марыя кіравала ягоным лёсам. Пра гэта арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі сказаў падчас святой Імшы, якую ён разам са Сведкам веры кардыналам Казімірам Свёнткам цэлебраваў перад цудатворным абразом Маці Божай Будслаўскай. У гэтай святой Імшы іерархі і ўсе ўдзельнікі дзякавалі Пану Богу за новага архіпастыра дыяцэзіі, прызначанага Святым Айцом Бэнэдыктам XVI, і даручылі яго служэнне, а таксама Мінска-Магілёўскі Касцёл і ўсю нашу краіну матчынай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай, Апякункі Беларусі.
Напачатку святой Імшы, вітаючы ўсіх прысутных, Яго Эксцэленцыя сказаў: «Учора я прыняў кіраўніцтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй. Сёння прыходжу сюды, каб прасіць апекі і дапамогі Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Я быў выхаваны пад апекаю Маці Божай Вострабрамскай. І ўчора ў Вострай Браме напярэдадні вялікай урачыстасці свята Маці Божай Вострабрамскай распачаліся асаблівыя малітвы да Маці Божай. Маці Божая — Вастрабрамская, Чанстахоўская, Будслаўская, Казанская, Уладзімірская — адна. Чалавек не можа жыць без маці. Дзякуючы маці ён прыходзіць у гэты свет, і матчыная апека яму заўсёды патрэбна. Яна патрэбна ўсім — малому дзіцяці, юнаку, даросламу і старому чалавеку. Патрэбна таксама і біскупу. І я прашу вас сёння маліцца за мяне. Я дзякую за словы прывітання, што пачуў ад старэйшых людзей, якія перажылі шмат цяжкасцяў, за словы прывітання ад моладзі і дзяцей. Для мяне гэта было нечакана, бо тут адбыўся як бы інгрэс у базыліку. Дзякуй Вам за гэта!
Я хачу падзякаваць таксама Яго Эмінэнцыі ксяндзу кардыналу Казіміру Свёнтку, які так шмат зрабіў для Касцёла ў Беларусі і для гэтай святыні, які каранаваў гэты цудоўны абраз, які таксама атрымаў дазвол ад Святога Айца, каб гэтая святыня называлася базылікай. Дзякую табе, Сведка веры! Няхай добры Бог Цябе благаславіць на далейшае служэнне Касцёлу ў Беларусі і паўсюднаму Касцёлу!»
Паводле Catholic.by







All the contents on this site are copyrighted ©.