2007-11-12 13:50:17

Інгрэс Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча
"Няхай Бог блаславіць Беларусь"


Гэтыя словы, што прагучалі з вуснаў арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча падчас яго кананічнага ўступлення на пасаду 10 лістапада 2007 г. у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, працяглымі воплескамі сустрэлі каля дзвюх тысяч вернікаў, якія бралі ўдзел ва ўрачыстасці.
Безумоўна, усе яны не змаглі змясціцца ў невялікай мінскай катэдры, а таму вельмі шмат людзей удзельнічалі ў святой Імшы, стоячы перад святыняю і назіраючы за цэлебрацыяй па ўсталяваным на вуліцы вялікім экране, на якім транслявалася ўрачыстасць. Калі да архікатэдры пад’ехала машына, з якой выйшаў новы Мітрапаліт разам з Апостальскім Нунцыем у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскупам Марцінам Відавічам, яго сустрэла працэсія на чале з папярэднікам Тадэвуша Кандрусевіча на Мінска-Магілёўскай кафедры кардыналам Казімірам Свёнткам, блізкім супрацоўнікам Святога Айца Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта XVI кардыналам Казімірам Шокам і біскупам Антоніем Дзям’янкам, які з 14 чэрвеня 2006 г. да гэтай хвіліны выконваў абавязкі Апостальскага Адміністратара архідыяцэзіі. Пацалаваўшы рэліквію, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, благаслаўляючы вернікаў, якія віталі яго, трымаючы ў руках каляровыя сцяжкі з надпісам «Вітаем архіпастыра!» прайшоў у свой катэдральны касцёл, каб упершыню ў новай якасці цэлебраваць у ім святую Імшу.
Урачыстую літургію, якую канцэлебравалі два кардыналы, дзевятнаццаць біскупаў з розных краінаў, амаль усе святары Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, святары-госці з іншых дыяцэзій Беларусі і з-за мяжы, распачаў Апостальскі Нунцый Марцін Відавіч. Ён прывітаў новага арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, пасля чаго запрасіў канцлера архідыяцэзіі кс. Юрыя Касабуцкага абвясціць Апостальскі ліст Святога Айца Бэнэдыкта XVI Solliciti Ecclesiae, якім Папа прызначыў Тадэвуша Кандрусевіча арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім. Ліст прагучаў на лацінскай і беларускай мовах.


Пасля прачытання папскага дакументу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў біскупскі пастарал — знак пастырскай улады ў мясцовым Касцёле і ўзначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі. Яна працягнулася цырымоніяй выразу пашаны і паслухмянасці духавенства архідыяцэзіі свайму новаму арцыбіскупу.
Пасля чытанняў са Святога Пісання, якія раскрывалі глыбокі сэнс таямніцы Касцёла і біскупскага служэння, Мітрапаліт прамовіў палымяную гамілію. Удзельнікі ўрачыстасці шмат разоў перарывалі яе гучнымі воплескамі, што са святыні хваляю ліліся на вуліцу і, падхопленыя тымі, хто стаяў звонку, не змаўкалі па некалькі хвілінаў. Распачаўшы гамілію з успаміну пра тое, як яму ўпершыню давялося наведаць галоўную святыню Беларусі, дзе тады месцілася спартовая зала, Тадэвуш Кандрусевіч сказаў: «З вялікім хваляваннем і пачуццём адказнасці я ўваходжу ў гэты архікатэдральны касцёл — касцёл-Маці ўсіх касцёлаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — і вітаю вас словамі святога апостала Паўла: „Ласка Пана нашага Езуса Хрыста і любоў Бога Айца, і еднасць Духа Святога няхай будуць з усімі вамі“ (пар. 2 Кар 12, 13). З гэтымі словамі Апостала народаў на вуснах я стаю перад вамі як ваш брат і адначасова як ваш біскуп». Гэтыя словы патанулі ў гучных апладысментах прысутных, якія такім чынам ад усяго сэрца прывіталі свайго біскупа.
Вітаючы прысутных іерархаў, Мітрапаліт з асаблівымі словамі прывітання звярнуўся да свайго папярэдніка — Сведкі веры кардынала Казіміра Свёнтка: «На яго плечы легла надзвычайная місія як адраджэння веры, так і аднаўлення гэтага катэдральнага касцёла і многіх іншых святыняў. Ад шчырага сэрца выказваю сваю падзяку Вашай Эмінэнцыі і прашу ў Пана Бога благаслаўлення на далейшую дзейнасць». І новая хваля апладысметаў стала выразам таго, што кожны вернік у гэтую хвіліну з пачуццём шчырай сыноўняй любові і ўдзячнасці выказаў гэтыя свае пачуцці найстарэйшаму іерарху Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, які ў гэтыя хвіліны, нягледзячы на свае 93 гады, здавалася, ізноў памаладзеў…
Таксама воплескамі вернікі разам з арцыбіскупам прывіталі прадстаўніка Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Яго Праасвяшчэнства епіскапа Бабруйскага і Быхаўскага Серафіма.
Наогул гамілія, што заняла амаль паўгадзіны, была прысвечана найбольш актуальным праблемам сучаснасці, якія з’яўляюцца своеасаблівымі выклікамі для хрысціянаў. У ёй Мітрапаліт сказаў таксама пра прыярытэты, якія ён бачыць у сваім будучым служэнні, і коратка вызначыў заданні паасобным групам Народа Божага: сваім паплечнікам — біскупам, сваім супрацоўнікам — святарам, членам манаскіх супольнасцяў і таварыстваў апостальскага жыцця і свецкім вернікам, падкрэсліўшы пры гэтым, што сваю асаблівую надзею ён ускладае ў першую чаргу на моладзь.


Напрыканцы літургіі Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка прачытаў прывітальны ліст з нагоды ўступлення на пасаду новага арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і ўручыў Тадэвушу Кандрусевічу адпаведны адрас.
Паводле Cathokic.By







All the contents on this site are copyrighted ©.