Багародзічная малітва "Анёл Гасподні" з Папам у нядзелю 11-га лістапада
А паўдні, гэтага дня, вернікі і паломнікі прыбылі на Плошчу Сьвятога Пятра, каб супольна
з Папам адгаварыць гэтую марыйную малітву. Сваё разважаньне, перад адгаварэньнем
гэтае малітвы, Сьвяцейшы Айцец прысьвяціў постаці біскупа Турскага, аднаго з найбольш
вядомых і шанаваных Сьвятых Эўропы. Прыпомніў, што калі Сьвяты Марцін сустрэў на
сваёй дарозе жабрака, аддаў яму частку сваёй вопраткі. Такіх поўных міласэрнасьці
жэстаў патрабуе сёньняшні сьвет- сказаў Бэнэдыкт 16 заклікаючы да міжчалавечае салідарнасьці.
Толькі цераз супольную дапамогу можна адказаць на вялікія выклікі нашых часоў адносна
пабудовы сьвету больш мірнага і справядлівага, ў якім кожны чалавек мог-бы жыць годна-
працягваў Папа. Гэта стане магчымым, калі верх возьме сусьветная мадэль сапраўднае
салідарнасьці, якая ў стане запэўніць усім жыхарам нашага зямнога шару: харчы, ваду,
неабходную мэдычную апеку, але таксама працу ды дабра культуры, навуковыя і тэхнічныя
веды. Затым Сьвяцейшы Айцец паклікаў сабраных вернікаў да малітвы за Лібан. Там
23-га лістапада, гэтага году, адбудуцца выбары прэзыдэнта краіны Як паказваюць
шматлікія ініцыятывы, што былі ўзьнятыя гэтымі днямі, справа разыходзіцца пра ключавы
пераходны этап, ад якога залежыць самая доля Лібану і яго ўстаноў. Я разумею занепакоеньне-
сказаў Папа- якое апошнім часам выказаў Патрыярх маранітаў, кардынал П”ерр Сфэір ды
ягонае пажаданьне, каб з новым Прэзыдэнтам атаясамляліся ўсе жыхары Лібану. На заканчэньне
сустрэчы з вернікамі Бэнэдыкт 16 паклікаў ўсіх да малітвы за Лібан, каб людзі адказныя
за будучыню гэтае краіны здолелі супольнае дабро паставіць па-над асабістыя інтарэсы. Затым
Папа надзяліў на ўсіх сваё Апостальскае Блаславенства.