2007-10-22 15:00:59

Хрысцiяне веры эвангельскай заклiкаюць малiцца за ахвяраў сталiнскiх рэпрэсiй.


Хрысцiяне-эвангелiсты Беларусi заклiкаюць малiцца 28 кастрычнiка аб прабачэннi народа за грахi камунiзма, - паведамляе хрысцiянскi iнфармацыйны цэнтр “Эвангельская Беларусь”.
У гэты ж дзень Праваслаўная Царква ў Беларусi ўшаноўвае новамучанiкаў, якiя пацярпелi за веру ў гады камунiстычнага тэрора.
На працягу 2007 года эвангельскiя хрысцiяне краiны малiлiся i працягваюць малiцца за беларускi народ. Нагода для малiтваў i пастоў – 70-годдзе вяршынi камунiстычных рэпрэсiй. У цэрквах розных дэнамiнацый гучаць казаннi аб духоўнай iснасцi камунiзма, у ахвяру якой прынесена жыццё мiльёнаў людзей, каб падобнае нiколi не паўтарылася.
28 кастрычнiка аб’яўлена Днём агульнанацыянальнай малiтвы. У гэты дзень дзясяткi тысяч хрысцiянаў будуць прыпамiнаць час рэпрэсiй i тэрора i прасiць Пана аб прабачэннi.
70 гадоў таму Беларусь перажыла трагiчны перыяд сваёй гiсторыi, развязаны адным з самых безчалавечных рэжымаў, якi калi-небуць iснаваў на нашай планеце. У ахвяру духу камунiзма было прынесена жыццё 1,5 мiльёнаў жыхароў Беларусi.
На працягу 1937 – 1938 гадоў было арыштавана не меней за 400.000 чалавек. Большасць з iх нiколi не вярнулiся да дому. За адну жудасную ноч 29 кастрычнiка 1937 года толькi мiнскiм аддзяленнем НКВД было растраляна каля 100 прадстаўнiкоў беларускай iнтэлiгенцыi.
Гэты хаўтурны юбiлей заслугоўвае асаблiвай увагi. З улiкам таго, што цяпер зноў некаторыя спрабуюць сказiць сутнасць падзеяў тых дзён i надаць людзям, якiя арганiзавалi гэта беззаконне, гераiчны воблiк.
Iгнаруючы вопыт недалёкай мiнуўшчыны, сёння зноў пры магутнай дзяржаўнай дапамозе аднаўляюцца дзiцячыя i маладзёвыя арганiзацыi з пракамунiстычнай iдэялогiяй. Але ж патрыятызм i камунiзм – гэта не тое самае!
Зямля Беларусi палiтая крывёй нявiнных ахвяраў камунiстычнага рэжыма. Толькi праз зразуменне вiны i пакаянне, мы, як народ, можам спадзявацца на Божую дапамогу ў адраджэннi Беларусi.







All the contents on this site are copyrighted ©.