2007-10-06 08:47:28

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус


Папа, навучаны горкім досьведам Дэрбіньі, не хацеў рабіць нічога таемна ад сьвецкіх уладаў, нават калі гэтыя ўлады – ня толькі сьвецкія, але i савецкія. Зь іншага боку, ён не хацеў прасіць ix. Гэта нядвухсэнсоўна патлумачылі біскупу Сіповічу ў Дзяржаўным Сакратарыяце 15 красавіка: «Доўга гутарым з монс. Мантальва аб справах уладжаньня Царквы ў БССР. Сяньня ён мне сказаў, што Айцец Сьв. уласнаручна (con proprio pugno) напісаў “Annunciare, non chiedere” (паведаміць, не прасіць). Гэтакая лінія паступаньня айца Ўладыслава Чарняўскага ў адносінах да савецкае ўлады. Атрымаўшы ён ліст ад Кард. Чыканьяні, павінен паведаміць аб гэтым савецкія ўлады, але не прасіць іхнай апрабаты».
У тым часе ў Ватыкане рыхтаваліся да сустрэчы папы зь міністрам замежных справаў СССР Андрэем Грамыкам. Біскуп Сіповіч спадзяваўся, што на перамовах будзе ўзьнімацца пытаньне апостальскага адміністратара ў Беларусі. Ён падрыхтаваў мэмарыял “Considerationes de Negotiis Ecclesiae Catholicae Ritus Latini in Bielorussia ordinandas” (Заўвагі, як упарадкаваць справы Каталіцкай Царквы лацінскага абраду ў Беларусі) i перадаў яго 16 красавіка ў Дзяржаўны Сакратарыят. Папа прыняў Грамыку 27 красавіка. Біскуп Сіповіч напісаў у сваім дзёньніку: «Спадзяюся, што ў гутарцы з Грамыкам была парушаная i справа Апостальскай Адміністрацыі ў Беларусі». 30 красавіка манс. Мантальва сказаў біскупу Сіповічу: «Газэты шмат пішуць аб спатканьні Айца Сьв. з Грамыкам, а мы тут ведаем толькі тое, што было на стале ў Айца Сьв. перад гэтым спатканьнем. Паміж іншым – сказаў – была i справа Апост. Адміністрацыі ў Беларусі згодна з тым, што я пісаў у “Considerationes...”». Пазьней, 2 верасьня, кардынал Сьліпый сказаў біскупу Сіповічу, быццам “ca спатканьня Папы з Грамыкам нічога ня выйшла”. Кардынал, які меў у той дзень аўдыенцыю ў папы, спытаўся ў яго, што чуваць з назначэньнем Адміністратара Ап. для Беларусі? Папа адказаў: «Учора гутарыў з монс. Казаролі аб тым, як трэба рабіць». Такім чынам, на справу апостальскага адміністратара не забыліся, хоць i рухалася яна паволі.
6 кастрычніка 1966 году біскуп Сіповіч меў доўгую гутарку з архібіскупам Антоніё Самарэ зь Дзяржаўнага Сакратарыяту. Той раіў склікаць паседжаньне камісіі “Pro Russia”, запрасіўшы яшчэ некалькі асобаў збоку, каб разгледзець справу i знайсьці спосаб яе паскорыць. Біскуп Сіповіч застаўся ня вельмі задаволены i сказаў, што пара ўжо зьмяніць назву камісіі. Самарэ не пярэчыў, але заўважыў, што цяпер ня час i што “важная справа, а не назовы”. На гэтым і пагадзіліся. 17 кастрычніка адбылося паседжаньне ў Дзяржаўным Сакратарыяце. Вось як апісаў яго біскуп Сіповіч: «Прысутныя: Ix Дастойнасьці біскупы Самарэ, Дэль’Аква, Брыні, Віллебрандс, Бразыс і Сіповіч. Монс. Мантальва сакратаром за аддзельным столікам. Я. Д. Самарэ выясьняе мэту зборкі: разважыць патрэбы вернікаў каталікоў лацінскага абраду ў Савецкім Саюзе, асабліва справу Апостальскага Адміністратара для Беларусі. Усе прысутныя згаджаюцца, што даўней створаная (1926 г.) Commissio pro Russia павінна быць пашырана i яе назоў неадпаведны, але каб рабіць справу больш дыскрэтна, пакуль што лепш ня рухаць гэтай камісіі... Я. Д. Самарэ інфармуе аб Апост. Адміністратару ў Беларусі, пасьля перадае слова біскупу Сіповічу. Гэты адчытвае (па лаціне) апошні ліст айца Ул. Чарняўскага i кажа, што цяпер ідзе толькі аб тое, якім спосабам назначыць яго Ап. Адміністратарам i кансэкраваць Біскупам, каб пасьля ён мог спаўняць свае абавязкі? Монс. Самарэ зьвяртаецца да монс. Віллебрандс з пытаньнем, ці мог бы ён гэта выканаць, выехаўшы пад іншым прэтэкстам у Маскву. Монс. Дэль’Аква кажа, каб айца Чарняўскага заклікаць у Рым. З гэтым усе згаджаюцца».
19 лістапада манс. Мантальва быў на вячэры ў біскупа Сіповіча. Як Сіповіч запісаў у сваім дзёньніку, «адносна назначэньня айца У. Чарняўскага Адміністратарам Беларусі, ён высказаўся, што часам мае сумнівы, ці не зашмат праз асьцярожнасьць зацягваецца гэта справа».
30 студзеня 1967 году папа прыняў старшыню Вярхоўнага Савету СССР (або, як яго называлі на Захадзе, “прэзыдэнта”) Падгорнага. Пад час аўдыенцыі, паводле газэты L’Osservatore Romano, закраналіся “пытаньні рэлігійнага жыцьця i прысутнасьці Каталіцкай Царквы на землях Савецкага Саюзу”. Сіповіч напісаў у сваім дзёньніку: «Спадзяваймося, што Папа помніў у той хвіліне i пра Беларусь i пра Апостальскага Адміністратара на Беларусі». Тая газэта паведамляла, што, «як доказ асаблівай павагі i жывой прыхільнасьці да Вялікага Расейскага Народу (A manifestazione della sua speciale stima e del suo vivo affetto per il Grande Popolo Russo), Яго Сьвятасьць Павал VІ зрабіў спадару Прэзыдэнту Падгорнаму падарунак». Біскуп Сіповіч так камэнтаваў гэтыя словы: «Крыху фальшыва звучыць у L’Osservatore Romano сказ “А manifestazione...” “Il Grande Popolo Russo” – быццам жыўцом узята з савецкіх газэт. Сам Падгорны – украінец i галава Савецкага Саюзу, а не прадстаўнік “del grande popolo Russo” (вялікага расейскага народу. – А.Н.)».
1 лютага біскуп Сіповіч зноў сустрэўся з манс. Мантальвам, які паведаміў, што запрашэньне айцу Чарняўскаму ўжо выслалі. З гэтае нагоды біскуп запісаў у дзёньніку: «Я запытаў у Монс. Монтальво: “Хто падпісаў запросіны для айца Чарняўскага?” Адказаў: “Кард. Чыканьяні”». Між іншага, тым часам айцец Чарняўскі атрымаў пасаду кансультара Кангрэгацыі Абрадаў (Congregatio Rituum). Прызначэньне зусім не фіктыўнае, бо айцец Чарняўскі ўжо тады сур’ёзна займаўся перакладам лацінскіх літургічных тэкстаў на беларускую мову. Да таго ж яно магло дапамагчы яму атрымаць дазвол на выезд у Рым.
28 лютага 1967 году ў Рым прыехалі летувіскія біскупы, a зь імі прыяцель айца Чарняўскага пралат Крывайціс зь Вільні. Той расказаў, што айцец Чарняўскі атрымаў лісты i запрашэньне з Рыму. На ягоную думку, як запісаў біскуп Сіповіч у дзёньніку, «на выезд яму пакуль што не дазволяць». Відаць, айцец Чарняўскі раскрыў камусьці плян зрабіць яго адміністратарам. Крывайціс «зьвярнуў яму ўвагу, што дрэнна робіць, бо хутка даведаюцца палякі, i будзе яшчэ больш перашкодаў».
Але было ўжо запозна. Біскуп Сіповіч піша ў сваім дзёньніку 29 сакавіка: «Звоніць да мяне позна вечарам пралат Татарыновіч i кажа: “Чаму затойваеце ад мяне сакрэты?” Пытаю, якія? Ён кажа, што атрымаў ліст з Польшчы ад кс. Барысэвіча, які піша, што ўжо разышліся слыхі, што назначаны Адміністратарам Беларусі а. Ул. Чарняўскі, друйскі марыянін, i што мае быць высьвячаны на Біскупа Менскага ў красавіку гэтага году! Доўга пасьля гэтай гутаркі не магу заснуць».








All the contents on this site are copyrighted ©.