2007-10-02 14:10:42

Сьвет першых хрысьціянаў- працяг


У нашай мінулай гутарцы мы казалі аб місіянарскай дзейнасці апосталаў і асветнікаў славян, якімі па праву лічацца два браты грэкі, Святыя Кірыл і Мяфодзій. У 863-м годзе, калі яны прапаведвалі ў Маравіі, на землях сёняшняй Славакіі, мараўскі князь Расціслаў, яго пляменнік Расціслаў ды іншыя прынялі ад іх хрост. Браты вялі багаслужбу на славянскай мове, мелі багаслужбовыя кнігі на славянскай мове. Усё гэта вабіла да сябе людзей і давала Кірылу і Мяфодзію перавагу над нямецкімі місіянерамі. Апошнія паскардзіліся ў Рым і Папа Мікалай І (858-867), у 867 годзе, патрабаваў іх да сябе. Калі браты былі на шляху ў Рым, Папа памёр, і яго спадкаемца Папа Адрыян ІІ (867-872), які шукаў саюза з Канстанцінопалем, прыняў Кірыла і Мяфодзія дружалюбна. Да таго ж яны прынеслі ў Рым рэшткі Святога Папы Клімента І, які памёр у выгнанні на паўвостраве Крым напрыканцы І-га стагоддзя.
Папа Адрыян ІІ ухваліў як апостальскую працу братоў, так і іх славянскі пераклад Святога Пісьма. 14 лютага 869 года, ва ўзросце 42-х гадоў, Кірыл памёр у Рыме. Мяфодзій жа вярнуўся ў Маравію. Але ў той час там ішла міжусобная вайна паміж князем Расціславам і яго пляменнікам Святаполкам, таму Мяфодзій рушыў у суседняе славянскае княства Панонію, дзе правіў князь Коцэл. Гэты князь таксама жадаў, каб на яго зямлі веру Хрыстову насаджалі славянскія прапаведнікі, таму ён не толькі радушна прыняў Мяфодзія, але і накіраваў просьбу ў Рым да Свяцейшага Айца, каб высвяціць Мяфодзія ў сан архіепіскапа Панонскага. Папа Адрыян ІІ выканаў просьбу і калі Мяфодзій прыбыў у Рым, высвяціў яго на архіепіскапа Панонскага і Мараўскага. Адзначым, што ўсё гэта адбывалася да падзелу Цэркваў.
У сане архіепіскапа Мяфодзій працягваў сваю апостальскую працу: ён прапаведваў, высвячаў святараў з мясцовых славянаў як для Паноніі, так і для Маравіі, засноўваў школы і заканчваў пераклад Святога Пісьма на славянскую мову.
Але нямецка-лацінскае духавенства, якое лічыла Маравію і Панонію сваім здабыткам, не магло абыякава глядзець на тое, што Мяфодзій засноўвае нацыянальну славянскую Царкву з абрадамі Ўсходняй Царквы. Нямецкія біскупы сабраліся на сабор у Паноніі (цяпер гэта землі Венгрыі), паклікалі туды архіепіскапа Мяфодзія і, пасля розных зневажанняў, заключылі яго ў кайданы і адправілі ў затачэнне ў адзін з манастыроў у Швабіі. Пасля гэтага, нямецкія біскупы напісалі ліст да Папы Рымскага Яна VІІІ у якім абвінавацілі Мяфодзія ў ерэсі, за тое, што ён у багаслужбе карыстаецца не лацінскай ці грэцкай мовамі, а грубай славянскай, ды ўводзіць абрады Ўсходняй Царквы. У няволі, цяжка пакутуючы, Мяфодзій прабыў амаль тры гады.

Толькі перамогі над немцамі новага валадара Маравіі князя Святаполка, прымусілі нямецкіх біскупаў вызваліць архіепіскапа Мяфодзія ў 874 годзе. Пасля гэтага ён зацьвердзіў сваё месца зноў у Маравіі. Але нямецкія біскупы па пакінулі яго ў спакоі. Па іх інтрыгах Папа Рымскі ў асобым пасланні да мараваў адмяніў славянскую літургію, дазволіўшы толькі казанне на славянскай мове. Але архіепіскап Мяфодзій асабіста адправіўся ў Рым і так горача абараняў славянскую багаслужбу, што Папа адмяніў сваё патрабаванне; толькі Евангелле трэба было чытаць на лацінскай ці грэцкай мове. У 880-м годзе Мяфодзій вярнуўся з Рыма ў Маравію, дзе працаваў яшчэ пяць гадоў. Там ён і памёр 6 красавіка 885 г.
Перад смерцю Мяфодзій прызначыў сваім спадкаемцай свайго ж вучня Гаразда. Але ўжо ў апошнія гады жыцця Мяфодзія, князь Святаполк, заключыўшы саюз з нямецім каралём Арнульфам, дапусціў у Маравію нямецкае духавенства і ў 880 годзе біскупам горада Нітра, што ў сёняшняй Славакіі, стаў Вікінг, немец па паходжанні. Калі Мяфодзій памёр, гэты біскуп, са згоды князя Святаполка, пераследваў Гаразда і ўсіх вучняў Мяфодзія і, урэшце, выгнаў іх з Маравіі. Яны выдаліліся ў Балгарыю. А ў Маравіі, з тых часоў, багаслужба пачалася па лацінску, былі ўведзены абрады Заходняй Царквы, якая залежала ад Рымскага пасаду. Славянская багаслужба і абрады Ўсходняй Царквы захаваліся толькі ў нямногіх месцах. А хутка, у 908 годзе, Мараўская дзяржава пала пад зброяй чэхаў і венграў, якія падзялілі яе паміж сабою.
Яшчэ пры Мяфодзіі Хрысціянства пранікла ў Багемію, як тады называлася Чэхія. Багемскі князь Барывой са сваёй жонкай Людмілай былі ахрышчаны Мяфодзіям у Велеградзе ў 874 годзе, але праз пэўны час іх забілі іх жа родныя, якія былі язычнікамі. Ужо ў другой палове Х-га стагоддзя, пры князе Балеславе ІІ Дабрачынным, Хрысціянства распаўсюдзілася па Багеміі ў лацінскай традыцыі.
У гэты час Хрысціянства ва ўсходнім абрадзе трывала замацавалася ў Балгарыі, што потым мела вялікае значэнне для лёсу ўсходніх славянаў і асабліва для Кіеўскай Русі, якая ў 988 годзе, пры князе Ўладзіміры, прыняла Хрысціянства. Ва ўсходнім, візантыйскім абрадзе прынялі Хрысціянства і сербы. А вось суседні з імі народ – харваты, такія ж славяне, гістарычна спавядалі веру Хрыстову ў лацінскай традыцыі.
Імёны Кірыла і Мяфодзія сталі сімвалам культурнай еднасці і самастойнасці славян. Назва старажытнай славянскай азбукі “кірыліца” паходзіць ад імя Кірыла. Браты фактычна сталі стваральнікамі літаратурнай стараславянскай мовы, зразумелай тады ўсім славянскім народам. У Беларусі пра дзейнасць Кірыла і Мяфодзія ведалі ўжо з ХІ стагоддзя праз творы Чарнарызца Храбра “Аб пісьменах” і праз жыцці Кірыла і Мяфодзія, якіх лічаць святымі і Каталіцкая і Праваслаўныя цэрквы.







All the contents on this site are copyrighted ©.