2007-09-29 10:50:54

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус- працяг


Такім чынам, нягледзячы на ўсе палітычныя i сацыяльныя перамены, ня кажучы ўжо пра велізарныя зрухі ў Царкве, выкліканыя Саборам, сярод народаў сьвету адных беларусаў пазбавілі магчымасьці слухаць Слова Божае i славіць Усявышняга на роднай мове. Адзіны праменьчык надзеі сьвяціў у Вішневе, дзе працаваў марыянін айцец Уладыслаў Чарняўскі (1916–2001). Скончыўшы Друйскую гімназію ў 1937 годзе, пасьля навіцыяту ён працягваў вучыцца ў Летуве, пасьля сьвячаньняў у 1944 годзе працаваў там нейкі час сьвятаром. Аднак яго прыцягвала Беларусь, i ў 1953 годзе ён пераехаў на Бацькаўшчыну, асеўшы на ўсё жыцьцё ў Вішневе, што каля Валожыну. Перад Калядамі 1965 году ён пісаў біскупу Сіповічу: «Працую на гэтым месцы 12 год. Перабраўся з Літвы на Беларусь, бо хацелася хаця раз у жыцьці (ня думаў доўга жыць) прагаварыць да народу родным слаўцом. Так сяк прывык да людзей, a яны прывыклі да мяне і зразумелі. Маю на думцы сьвятарскую працу i беларускасьць. Сьпярша крывіліся і ўсяк гаварылі, але не ад сябе, але ад тых, што ix палохалі. З часам пабачылі, што нічога страшнага, што можна гаварыць у касьцеле i слухаць аб Богу па беларуску». У сваёй працы ён сутыкаўся з мноствам перашкодаў ад савецкіх уладаў, але найбольш ад сваіх братоў-сьвятароў. У лісьце за 26 лютага 1966 году ён разважае: «Некаторыя духоўнікі (выхадцы са шляхты) арыентуюцца i далей на Варшаву i Беласток, ды праводзяць гэту лінію ў сваёй пастырскай працы, тым самым калечаць i нішчаць нацыянальную сьведамасьць i пачуцьці i дастойнасьць нашых родных братоў i сясьцёр веручых, i гэтак калечаць ix духова. Яны бо пазбаўлены магчымасьці маліцца i слухаць Слова Божае на роднай мове. У свой час i я многа перацярпеў, пачынаючы як-што маліцца i навучаць на беларускай мове».
Біскуп Сіповіч упершыню пачуў пра айца Чарняўскага ад летувіскіх біскупаў, якія прыехалі ў Рым на Сабор. У сярэдзіне 1965 году яму ўдалося наладзіць зь ім лістоўную сувязь. Але яшчэ раней, 18 лістапада 1964 году, у гутарцы з архібіскупам Антоніо Самарэ зь Дзяржаўнага Сакратарыяту, ён узьняў справу апостальскага адміністратара для Беларусі i прапанаваў кандыдатам а. Чарняўскага.
У Дзяржаўным Сакратарыяце да прапановы біскупа Сіповіча паставіліся сур’ёзна. Адказным за справу прызначылі мансіньёра Габрыеля Мантальву (Gabriel Montalvo), маладога прафэсійнага ватыканскага дыплямата. Пасьля вывучэньня пытаньня, што заняло даволі шмат часу, Дзяржаўны Сакратарыят згадзіўся на прапанову Сіповіча. 6 сьнежня 1965 году айцу Чарняўскаму выслалі ліст, падпісаны дзяржаўным сакратаром кардыналам Амлета Чыканьяні з запытаньнем, ці ён згодзіцца быць, калі дазволяць умовы, апостальскім адміністратарам для Беларусі. Не атрымаўшы ад айца Чарняўскага адказу (здаецца, адрас быў недакладны), 20 сьнежня яму выслалі другі ліст таго ж зьместу. Дарэчы, абодва лісты ён атрымаў 28 сьнежня.
Атрымаўшы лісты, Чарняўскі не сьпяшаўся з адказам. Толькі 26 лютага напісаў ён біскупу Сіповічу: «28/ХІІ 65 атрымаў адразу 2 аднолькавыя пісьмы з Рыма, ад Эксцэленцыі Яго Сьвятасьці Сакратара кардынала Чыканьяні з прапановаю заняць становішча апостальскага адміністратара на Беларусі для каталікоў лацінскага абраду – калі на гэта пазволяць умовы. Гэтае пісьмо i прапанова былі для мяне вялікай нечаканасьцю... Усю ноч ня спаў, застанаўляючыся... Радаваўся магчымасьці дастойнай працы для веручых каталікоў свайго народа, але разам i трывожыўся адказнасьцю прынятага абавязку i магчымымі цяжкасьцямі ў гэтай працы... У сваім духоўным, рэлігійным жыцьці мы беларусы-каталікі напатыкаем многа розных перашкод з боку польскага духавенства, якія лічаць нас падпарадкаванымі сваёй правінцыі. З гэтае прычыны i гэтае назначэньне таксама спаткае вялікія цяжкасьці з боку эпіскапатаў Варшавы i Беластока, бо яны па ранейшаму хацелі б утрымаць status quo (так як ёсьць. – А.Н.) i ранейшую лінію ў адносінах да каталікоў беларусаў... Таму, каб пачатая справа Вамі мела посьпех для беларусаў-каталікоў, трэба каб як-небудзь з Вашай, Ойча, дапамогай падказаць Прымасу ў Варшаве i іншым яго біскупам, каб яны ня толькі не стаўлялі перашкод нам у гэтай справе, але i каб пры станоўчым рашэньні пытаньня аб адміністрацыі Касьцёла ў Беларусі падпарадкаваліся адміністрацыі і не перашкаджалі паступенна ўводзіць беларускую мову ў казаньні i літургію, як хочуць гэтага i рашылі Айцы Сабору. Калі гэта не правядзецца, то, нягледзячы на ўвядзеньне адміністрацыі – усё астанецца па старому. Я пакуль што думаю, а па атрыманьні Вашае, Ойча, рады па гэтай справе, дам адказ Эксцэленцыі Кард. Чыканьяні, Сакратару Яго Сьвятасьці».
У Рыме гэты ліст айца Чарняўскага ацанілі як згоду, хоць i ўмоўную, і на гэтай падставе Дзяржаўны Сакратарыят пачаў далейшыя захады. 2 красавіка біскупа Сіповіча выклікалі ў Сакратарыят. Там, як апісвае ён у сваім дзёньніку, манс. Мантальва паведаміў яму: «“Маю для вас добрую новасьць... У справе Апостальскай Адміністрацыі быў паінфармаваны Айцец Сьвяты Павал VI, i ён сказаў: La lettera mandata dal Segretario dello Stato a P. Carniauski si deve considerare come il fatto compiuto (ліст дзяржаўнага сакратара да a. Чарняўскага павінен разглядацца як зроблены факт. – А.Н.). Айцец Чарняўскі мае зьвярнуцца да адпаведных уладаў у Менск.” Пытаю: “Ці я маю яго аб гэтым паведаміць?” “Так” – кажа монс. Мантальва. Астаецца быць вельмі асьцярожным, пішучы да яго ліст. Трэба ўзяць пад увагу ня толькі, што яго мае чытаць i разумець а. Ул. Чарняўскі, але i ўлады савецкія. Айцец Сьвяты не ўважае за патрэбнае, каб а. Чарняўскі цяпер ехаў у Польшчу адведаць сваю сястру i марыянаў з Друі. Гэта можа спрычыніць у савецкіх уладаў розныя падазрэньні».








All the contents on this site are copyrighted ©.