2007-09-18 12:38:25

Сьвет першых хрысьціянаў-- працяг


У мінулы раз, разказваючы аб першых кроках Хрысціянства ў Вялікабрытаніі, мы прыпыніліся на тым, што ў палітычным стане гэтай краіны адбыліся змены, якія моцна паўплывалі на распаўсюджванне Хрысціянства ў тых землях.
На пачатку V-га стагоддзя амаль зусім пакінулі свае брытанскія валадарствы. Але ім на змену ў 449-м годзе з матэрыка прыйшлі ваяўнічыя англасаксы. Яны авалодалі паўднёвай часткай Вялікабрытаніі і заснавалі там сем каралеўстваў. Англасаксы былі язычнікамі, яны затрымалі рапсаўсюджванне Хрысціянства па Вялікабрытаніі і моцна прыгняталі брытаў-хрысціянаў. Толькі больш чым праз стагоддзе англасаксы пачалі прыймаць Хрысціянства. Напрыканцы ІV стагоддзя кароль Этэльберт, які валадарыў адным з англасаксонскіх каралеўстваў Кент, ажаніўся з хрысціянскай прынцэсай Бертай, якая паходзіла з франкскага роду.
З гэтай нагоды Рымскі Папа Грыгорый Вялікі (590-604) адправіў у Брытанію місію, якую ўзначаліў аббат Аўгусцін. Пры садзеянні каралевы Берты місіянерам удалося навярнуць у Хрысціянства самога караля Этэльберта, а за ім пачалі хрысціцца і яго падданыя. Пасля гэтага аббат Аўгусцін адправіўся ў Франкскае каралеўства і быў там высвечаны на біскупа, а вярнуўшыся ў Брытанію, зацьвердзіў сваю катэдру ў Кенце. З Кента хрысціянства пранікла і ў іншыя англасаксонскія каралеўствы, дзе таксама былі зацьверджаны біскупскія катэдры.
Трэба сказаць, што да навяртання англасаксаў паміж старжытнымі жыхарамі Вялікабрытаніі распаўсюджвалася Хрысціянства з абрадамі Ўсходняй Царквы. Калі ж ўжо хрысціліся англасаксы, то гэты ўжо было па абрадах і ўстановах Рымскай Царквы. Такім чынам у Вялікабрытаніі стварыліся дзве Царквы – старажытна-брытанская і новаанглійская, якія доўгі час не мелі зносінаў паміж сабой. Абрадавыя разнасці, а таксама нацыянальная нянавісць брытаў да прышэльцаў-захопнікаў англасаксаў, яшчэ больш аддалялі старажытнабрытанскую Царкву ад новаанглійскай. Толькі напрыканцы VІІ стагоддзя ўсталяваліся больш мірныя адносіны паміж гэтымі Цэрквамі, але канчатковае іх аб’яднанне адбылося разам з аб’яднаннем старажытных жыхароў Вялікабрытаніі з англасаксамі.
У Германію Хрысціянства пранікла яшчэ ў часы Рымскага валадарства; у ІІІ і ІV стагоддзях, па Рэйну і Дунаю, у гарадах заснаваных з рымскіх ваенных пасяленняў, ужо было некалькі біскупскіх катэдраў. Але з перасяленнем народаў, у V і VІ стагоддзях, там амаль не засталося і слядоў Хрысціянства. Новыя спробы распаўсюджвання веры ў Германіі пачаліся напрыканцы VІ стагоддзя, часткова з боку франкаў, але галоўным чынам праз брытанскіх і англасаксонскіх манахаў-місіянераў.

На працягу VІІ стагоддзя яны заснавалі ў розных мясцовасцях Германіі некалькі Цэркваў. Аднак паміж гэтымі Цэрквамі не было адзінства, – у адных былі абрады і ўстановы старажытна-брытанскай Царквы, у іншых – Рымскай Царквы, да і самое Хрысціянства было яшчэ не трывалым, бо заставалася шмат язычнікаў як сярод простага народу, так і сярод князёў. Англійскі манах Вінфільд, які потым прыняў лацінскае імя Баніфацый, у першай палове VІІІ стагоддзя давершыў справу місіянарства ў Германіі. Перш чым туды ісці, ён ў 718 годзе адправіўся ў Рым, каб папрасіць у Папы блаславення на распасюджванне Хрысціянства ў саюзе з Рымскай Царквою. Папа Грыгорый ІІ (715-731) блаславіў яго, – і Баніфацый пачаў сваю місіянерскую дзейнасць спачатку ў Фрысландыі, а потым у Цюрынгіі і Гессэне. У Цюрынгіі яму ўдалося навярнуць у Хрысціянства дзвух заможных князёў і заснаваць там першы манастыр.
Пасля такога поспеху Папа Грыгорый ІІ паклікаў Баніфацыя ў Рым і ў 723 годзе высвяціў яго на біскупа Германіі. У гэтым сане ён яшчэ з большым запалам прыняўся за распаўсюджванне Хрысціянства. У самых глухіх месцаў біскуп Баніфацый засноўваў манастыры і касцёлы, выклікаў з Англіі манахаў і манашак для навучання народа. У 732 годзе, ужо Папа Грыгорый ІІІ (731-741), узвёў яго ў сан арцыбіскупа Германскага і прызначыў вікарыям апостальскага пасаду, даручыўшы яму высвячаць у Германіі столькі біскупаў, колькі будзе патрэбна. З таго моманту Баніфацый пачаў займацца аб’яднаннем германскіх Цэркваў пад уладай Папы. Паступова, пры садзеянні франкскага ўраду, пад уладай якога была і Германія, ён дасягнуў таго, што ўсе біскупскія катэдры Германіі ва ўсіх германскіх Цэрквах, што былі заснаваныя яго папярэднікамі паза саюзам з Рымскай Царквою, прызналі верхавенства Папы Рымскага. У 745 годзе Баніфацый зацвердзіў сваю архібіскупскую катэдру ў горадзе Майнц і адтуль кіраваў усёю Царквою ў Германіі. У 754 годзе ён адправіўся ў Фрысландыю, каб падтрымаць там Царкву, што апынулася ў складаным стане паміж язычнікамі. Але фрызы сустрэлі яго варожа і ў 755 годзе забілі арцыбіскупа разам з яго спадарожнікамі. І ўсё ж, хутка пасля Баніфацыя, Хрысціянства было замацавана і ў Фрысландыі.
Да канца VІІІ Хрысціянства было распаўсюджана па ўсёй Германіі. Дольш за ўсе германскія народы яго не прыймалі саксы. Яны ненавідзелі Хрысціянства як веру франкаў і вялі супраць іх няспынную барацьбу за сваю незалежнасць. Толькі пасля трыццацігадовай вайны, знакаміты франкскі кароль Карл Вялікі змог замірыць саксаў і моцай зброі прымусіў іх прыняць Хрысціянства, адбылося гэта ў 803 годзе.
Як бачым, рознымі шляхамі вера Хрыстова распаўсюджвалася і замацоўвалася сярод народаў і плямёнаў Заходняй Еўропы. Заставалася яшчэ яе ўсходняя частка, дзе жылі славяне. Але гэта ўжо будзе тэмай нашай наступнай гутаркі.







All the contents on this site are copyrighted ©.