2007-09-14 14:45:11

Парафіяльная ўрачыстасьць у менскай Архікатэдры


12 верасня 2007г. у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адзначалася свята тытулу касцёла. На працягу дня адбываліся ўрачыстыя святыя Імшы, адну з якіх цэлебраваў Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка.
Разам з ім удзел у гэтай Эўхарыстыі ўзялі сакратар Апостальскай Нунцыятуры ксёндз пралат Ежы Міраслаў Цудны, святар з Аўстрыі Якаб Фёрг, святары з мінскіх і навакольных парафій, клерыкі і дыяканы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама вернікі з розных парафій сталіцы.
Урачыстасці папярэднічала духоўная падрыхтоўка, якою стала 40-гадзіннае набажэнства. Вернікі на працягу трох дзён прыходзілі ў касцёл, каб маліцца перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і такім чынам рыхтаваць свае сэрцы да свята.
У гэты дзень шмат вернікаў прыйшло ў Архікатэдру, каб ушанаваць дарагое для іх Імя Марыі. Падчас гаміліі біскуп Антоні Дзям’янка звярнуўся да гісторыі свята. Сваімі каранямі яна сягае да часоў, калі Еўропа пакутавала ад турэцкай навалы. У 1683 годзе турэцкія войскі пачалі асаджаць Вену, і тады на дапамогу прыйшлі войскі з суседніх дзяржаваў, каб абараніць ад мусульманаў хрысціянскую Еўропу. Сярод тых, хто спяшаўся на дапамогу асаджаным, быў і кароль Рэчы Паспалітай Ян ІІІ Сабескі. Перад тым, як вырушыць у паход, і потым, падчас ваенных дзеянняў, ён заўсёды звяртаўся ў малітвах да Маці Божай і даручаў Ёй лёс Еўропы.
Перад вырашальнай бітвай 12 верасня 1683 года Ян ІІІ Сабескі звярнуўся да сваіх рыцараў са словамі: «Наперад, бо намі апякуецца Маці Збаўцы! Няхай нашым знакам будзе Найсвяцейшае Імя Марыі!». У выніку бітвы туркі былі пераможаныя, але Ян Сабескі не лічыў гэта заслугай арміі. У лісце да Папы, распавядаючы пра бітву пад Венай, ён так перафразаваў знакаміты выраз Юлія Цэзара: «Прыйшлі, убачылі, Бог перамог».
Слава гэтай перамогі, здабытай праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, хутка распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе. Менавіта таму мінская катэдра, пабудаваная крыху пазней, у 1710 годзе, была кансэкравана пад тытулам Найсвяцейшга Імя Марыі.
Завяршаючы казанне, біскуп Антоні Дзям’янка заахвоціў прысутных не саромецца вымаўляць Імя Марыі часта ў штодзённых малітвах, малітоўных ускліканнях, таму што гэта таксама дапамагае ў дарозе да святасці. «Няхай Марыя, Зорка мора, праводзіць нас да пераможнага канца», — такімі словамі завяршыў біскуп сваю гамілію.
І як Марыя дапамагла калісьці выратаваць Еўропу ад турэцкіх войскаў, як заступалася за Касцёл на Беларусі ў часы пераследу і адраджэння, так і сёння Яна дапамагае кожнаму, хто з даверам звяртаецца да Яе ў патрэбе і вымаўляе Найсвяцейшае Імя Марыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.