2007-09-11 15:18:25

Сьвет першых хрысьціянаў- працяг


Сёння мы працягнем гаворку аб распаўсюджванні Хрысціянства за межамі Рымскай імперыі, аб тым, як вера пранікала на землі Еўропы. Адбывалася гэта ў ІV-V стагоддзях і ў асноўным было ў арыянскім навучанні. Тое навучанне пайшло ад святара з Александрыі Арыя, які адмаўляў трыадзінства Бога і падпарадкоўваў Ісуса Богу-Айцу. Першы Сусветны Царкоўны сабор у Нікее 325 года, асудзіў арыянства як ерэсь, але распаўсюдзілася яно значна, на доўгі час і было нават прычынай крывавых бітваў. Напрыклад племя вандалаў, якое перайшло ў Гішпаніі і Афрыку і заваявала яе паўночныя вобласці ў 429-м годзе, упарта трымалася арыянства. Вандалы страшна пераследвалі прававерных хрысціянаў Карфагенскай Царквы, пакуль у 533-м годзе імператар Юстыніяна не паслаў туды сваё войска пад началам Вялізарыя, які знічтожыў іх валадарства ў Афрыцы, а разам з тым і арыянства.
Племя бургундаў, якое пасялілася на пачатку V-га стагоддзя з паўднёвай Галіі (сёняшняя Францыя), часткова прынесла з сабою арыянскае Хрысціянства з берагоў Рэйна, дзе прынялі яго, часткова ад вестготаў, але напрыканцы V-га стагоддзя, пад уплывам старажытных Цэркваў паўднёвай Галіі, яны далучыліся да сусветнага Хрысціянства.
Франкі, пад кіраўніцтвам свайго караля Хлодвіга, у канцы V-га стагоддзя занялі паўночную Галію і заснавалі там сваю дзяржаву. Усе яны былі язычнікамі. Хрысціянства распаўсюдзілася паміж імі пры пасрэдніцтве бургундскай прынцэсы Клацільды, на якой жаніўся кароль Хлодвіг у 492-м годзе. Доўгі час Клацільда запэўнівала свайго мужа прыняць Хрысціянства, але той не згаджаўся, хаця і дазваляў сваёй жонцы не толькі спавядаць веру Хрыстову, але і ахрысціць сваіх сыноў. Аднойчы малодшы сын моцна захварэў, і Хлодвіг ужо прадказваў яго смерць, але, па малітве Клацільды, дзіця выздаравела. Гэта моцна паўплывала на караля, як паўплывалі і расказы каралевы аб цудах, што адбываюцца пры магіле біскупа Турскага Марціна, які памёр каля 400-га года. Для Хлодвіга гэта былі сведчанні сілы хрысціянскага Бога.
У 496-м годзе Хлодвіг пачаў вайну з алеманамі, адным з нямецкіх плямёнаў. Перавага была не на яго баку, войска франкаў было ў вялікай небяспецы. Безвынікова клікаючы на дапамогу сваіх багоў, кароль урэшце ўспомніў аб Хрысціянскім Богу і даў абяцанне хрысціцца, калі ён атрымае перамогу. Хлодвіг перамог, і ў тым жа 496-м годзе прыняў хрост у Рэймсе ад арцыбіскупа Рэмігія, якога паклікала каралева Клацільда. За Хлодвігам ахрысціліся і ўсе яго падданыя. Але прыняўшы хрост, франкі ў сапраўднасці заставаліся язычнікамі, што не дзіўна. Так было ў многіх народаў, якім новы Бог нічым не перашкаджаў і займаў у іх вераваннях сваё месца разам з іншымі багамі.
Толькі ў наступныя стагоддзі, калі ў Францыі былі заснаваныя манастыры і школы, франкі канчаткова былі адукаваныя Хрысціянствам.
Не простымі шляхамі вера Хрыстова пранікала на Брытанскія астравы. Паўднёвая частка вострава, дзе жылі брыты, была заваявана рымлянамі яшчэ ў палове І-га стагоддзя да Нараджэння Хрыстова. На працягу некалькіх стагоддзяў валадарства рымлянаў там замацоўвалася. Таму, яшчэ ў ІІІ-м стагоддзі, разам з рымскім валадарствам, пранікла сюды і Хрысціянства з паўднёвай Галіі, або нават з Малой Азіі, і мела значную колькасць паслядоўнікаў сярод мясцовых жыхароў. А вось жыхары паўночнай частцы Велікабрытаніі, пікты і скотты, ды таксама жыхары Ірландыі, не мелі ніякага паняцця аб Хрысціянстве. Сваім навяртаннем да веры яны абавязаныя Святому Патрыку.
Ён быў брытанцам, нарадзіўся ў хрысціянскай сям’і ў 370-м або ў 380-м годзе. У юнацтве Патрык трапіў у палон да ірландцаў і пражыў сярод іх шэсць гадоў. Потым, праз дзесяць гадоў пасля вяртання на радзіму, яго ўзялі ў палон піраты і прадалі ў Галію, дзе яго выкупілі хрысціянскія купцы. Двукратны палон і вызваленне, якое Патрык лічыў Божай дапамогай, абудзілі ў ім імкненнепрысвяціць сябе служэнню Богу, што ён і зрабіў, калі вярнуўся на радзіму. Прыняўшы біскупскі сан ад брытанскіх біскупаў, прыкладна ў 432 годзе, Патрык адправіўся прапаведваць Евангелле ў Ірландыю. Ведаючы мову і звычаі ірландцаў, ён там меў надзвычайны поспех. Шмат ірландцаў пачуўшы яго пропаведзі прынялі хрост. Каб замацаваць Хрысціянства, Патрык заснаваў у Ірландыі некалькі манастыроў, якія былі школамі для народа; манахам жа ён даў усе сродкі да рэлігійнай адукацыі: вынайшоў ірландскую азбуку, завязаў зносіны з Брытанскай і Гальскай Цэрквамі, выпісваў адтуль кнігі. Пасля доўгай апостальскай дзейнасці, Святы Патрык памёр каля 460-га года, пакінуўшы пасля сябе замацаваную Ірландскую Царкву з мітраполіяй у горадзе Армах. Манахі заснаваных ім манастыроў давершылі адукацыю Ірландыі, у першай палове VІ стагоддзя яна ўжо была хрысцяінскай краінай.
Місіянеры, якія выходзілі з ірландскіх манастыроў, распаўсюджвалі Хрысціянства і ў суседняй Шатландыі. Паміж імі асабліва быў вядомы манах Калумба, які ў 563-м годзе прыйшоў прапаведваць Слова Божае ў паўночную Шатландыю да скоттаў. Ахрысціўшы аднаго з шатландскіх князёў з усім яго народам, Калумба заснаваў на адным востраве манастыр, з якога потым хрысціянская адукацыя стала распаўсюджвацца па ўсёй Шатландыі.
Між тым у палітычным стане Вялікабрытаніі адбыліся змены, якія вельмі моцна паўплывалі на распаўсюджванне Хрысціянства па тых землях. Але далей на гэтую тэму мы пагаварым праз тыдзень, у гэты ж самы час.
 







All the contents on this site are copyrighted ©.