2007-09-08 15:44:20

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус- працяг


У першым тыдні лістапада ў працы Сабору надарыўся перапынак. 30 кастрычніка ў Рым на запрашэньне біскупа Сіповіча прыехалі вучні інтэрнату сьв. Кірылы. Наступнага дня, у нядзелю, на біскупскай Літургіі вучні сьпявалі, а Рабэрт Тамушанскі атрымаў дыяканскія сьвячаньні. У сераду 3 лістапада хлопцы былі на агульнай папскай аўдыенцыі ў базыліцы сьвятога Пятра. У астатнія дні яны аглядалі Вечны Горад.
Прыйшоў дзень 7 сьнежня. Біскуп Сіповіч запісаў у дзёньніку: «Сяньня мае быць адклікана ў Рыме i ў Канстантынопалі анатэма з 1054 году! Ці ж на пачатку Сабору мог хто падумаць, што да гэтага прыйдзе!?» Як вядома, у 1054 годзе адбыўся трагічны разрыў між Рымам i Канстантынопалем. Незагоенай ранай ён баліць і да нашых дзён. Адкліканьне анатэмаў сталася першым крокам, каб залячыць гэтую рану. Далей біскуп працягвае: «Гадз. 10.20. біскуп Вільлебрандс чытае па-француску дакумэнт, якім адкідаюцца i перакасоўваюцца экскамунікі Папскага легата Кард. Гумбэрта супраць Патрыярха Керулярыя, i Патрыярха i яго Сыноду супраць Рымскай Царквы. Шматлікія Айцы ўзварушаныя да сьлёз, i я такжа. Доўгія апляўзы. Homilia a S. Patre, h.10.50–11.20. “Immensus erga homines amor – nota huius Concilii”» (Прамова Сьвятога Айца a гадз. 10.50–11.20; «Бязьмежная любоў да людзей – рыса гэтага Сабору». – А.Н.).
У сераду 8 сьнежня 1965 году, на сьвята Бязьвіннага Зачацьця ў рымскім абрадзе, на плошчы Сьвятога Пятра адбылося ўрачыстае закрыцьцё Сабору з папскай Імшою i пасланьнямі Айцоў Сабору да розных групаў людзей – да ўладароў, інтэлігенцыі i вучоных, артыстаў, жанчын, бедных, хворых i тых, што церпяць, работнікаў, моладзі. Біскуп Сіповіч напісаў: «Бог даў вялікую ласку гэтаму сьвету: Сабор. Айцы Сабору, a перадусім Папа Павал VI, усё зрабілі, каб скалыхнуць гэты сьвет, каб прыблізіць яго да Бога, каб паказаць яму шлях Хрыста. Ці сьвет захоча пачуць голас Сабору? Голас Царквы? Думаю, што шматлікія знойдуцца людзі добрай волі i пойдуць за голасам Царквы».
Біскуп Сіповіч прыехаў з Рыму ў Лёндан у нядзелю 19 сьнежня ўвечары. Ён якраз пасьпеў на Калядную ялінку ў інтэрнаце сьв. Кірылы, дзе апрача вучняў сабралася шмат лёнданскіх беларусаў. Сярод розных падарункаў быў адзін асаблівы для айца Гарошкі – паведамленьне пра наданьне яму годнасьці архімандрыта.
Раздзел: Між Масквой і Варшавай
Сабор скончыўся, i цяпер перад Царквой стаяла заданьне выканаць ягоныя пастановы ў сваім нутраным жыцьці, у дачыненьні да іншых цэркваў i да ўсяго сьвету.
Біскуп Сіповіч, які браў актыўны ўдзел у працы Сабору i розных ягоных камісіяў, мог цяпер знайсьці больш часу для іншых справаў. Як генэрал марыянаў, ён усё яшчэ мусіў жыць у Рыме i рабіць кананічныя візытацыі марыянскіх асяродкаў у розных краінах. У 1966 годзе, ад 22 лютага да 20 сакавіка, ён адведваў марыянскія кляштары ў Бразыліі i Аргентыне. У 1968 годзе правёў чатыры месяцы, ад 7 траўня да 9 верасьня, у падарожжы вакол сьвету. Ягоны шлях вёў з Рыму празь Лёндан у Злучаныя Штаты Амэрыкі, Новую Зэляндыю, Аўстралію, Індыю, Сьвятую Зямлю i зноў у Рым. Ад 15 лютага да 21 сакавіка наступнага году ён быў зноў у Паўднёвай Амэрыцы, у Бразыліі (Рыа-дэ-Жанэйра, Сан-Паўлё, Бразылія, Курытыба, Порта-Алегрэ) i Аргентыне (Буэнас-Айрэс, Разарыё, Кордаба). Афіцыйнай мэтай паездак выступалі марыянскія справы, але, дзе магчыма, біскуп Сіповіч наведваў таксама беларусаў. Такім чынам, у 1968 годзе, апрача Нью-Ёрку, Чыкага, Кліўлэнду i Дэтройту, дзе бываў раней, ён першы раз меў нагоду сустрэцца зь беларусамі ў Лёс-Анджэлесе. У Аўстраліі пазнаёміўся зь беларусамі ў Сыднэі, Мэльбурне, Адэляйдзе i Пэрце. У Бразыліі, Аргентыне i Новай Зэляндыі ён наведаў паасобныя беларускія сем’і.
Хоць абавязкі ў марыянскім законе патрабавалі вялікай увагі, але біскуп Сіповіч мог цяпер часьцей бываць у Лёндане. А між тым Марыян Гаўз з інтэрнатам сьв. Кірылы i нованабытым домам зь вялікай канфэрэнцыйнай заляй стаў значным рэлігійным i культурным асяродкам. Вучні інтэрнату сьв. Кірылы ўносілі нешта новае i сьвежае ў жыцьцё беларускага асяродзьдзя ў Лёндане. Ад 1964 году аднавіў свой рэгулярны выхад часопіс Божым шляхам. Ажывілася дзейнасьць Англа-Беларускага Таварыства. Ад 1965 году пачаў выходзіць, у вялікай меры дзякуючы ініцыятыве i нястомнай энэргіі сакратара Таварыства Г. Пікарды, навуковы часопіс на ангельскай мове The Journal of Byelorussian Studies (Часопіс беларусазнаўства), a ў 1966 годзе зладзілі першы “Курс лекцыяў зь беларускай культуры” (А Course of Lectures on Byelorussian Culture). Ангельская паэтка Вера Рыч, верная парафіянка Марыян Гаўз, заахвочаная а. Гарошкам i зь ягонай дапамогай, распачала працу над анталёгіяй беларускай паэзіі ў перакладзе на ангельскую мову, якая выйшла пад назовам Like Water, Like Fire (Як вада, як агонь) у 1971 годзе.
У 1966 годзе біскупу нарэшце ўдалося “выцягнуць” з Польшчы яшчэ аднаго беларускага марыяніна – айца Фэлікса Журню, сябра Сіповіча з Друі i Вільні. Пасьля высяленьня беларускіх марыянаў з Друі айцец Журня застаўся ў Польшчы. Там у 1943 годзе ён і атрымаў сьвятарства. Чалавек вялікай дабрыні i перакананы беларус, ён адзіны зь беларускіх марыянаў у Варшаве трымаў сувязь зь беларускім таварыствам i чытаў Ніву, газэту беларусаў у Польшчы, што выходзіла ў Беластоку. Нягледзячы на благое здароўе i вельмі слабы зрок, яго ніколі ня бачылі бязьдзейным. Ён пачаў рэгулярна пісаць у Божым шляхам i стаў вельмі вартасным памочнікам айца Германовіча. Айцец Журня быў рымскага (лацінскага) абраду. Для яго зрабілі “лацінскую” капліцу ў доме сьв. Пятра (39 Гольдэн Роўд).
3 сьнежня 1966 году ў Кэнігштайне біскуп Сіповіч высьвяціў на сьвятара дыякана Рабэрта Тамушанскага. Неўзабаве новы сьвятар прыехаў у Лёндан i адслужыў сваю першую Літургію ў капліцы сьв. Пятра i Паўла ў нядзелю 18 сьнежня. Біскуп Сіповіч прызначыў айца Рабэрта намесьнікам айца Надсана, тады кіраўніка інтэрнату сьв. Кірылы. Малады век (яму было 28 гадоў), музычныя і моўныя здольнасьці рабілі айца Рабэрта незаменным у працы з моладзьдзю.










All the contents on this site are copyrighted ©.