2007-09-04 13:50:53

Сьвет першых хрысьціянаў- працяг


У мінулы раз мы закранулі тэму жорсцкага супрацьстаяння хрысціянскіх дзяржаваў захопнікам з Усходу і Поўдня. Пятае стагоддзе ад Нараджэння Хрыстова не было спрыяльным для развіцця Царквы ў Еўропе. З-за ўнутраных супрацьстаянняў, войнаў, а таксама пад ударамі плямёнаў готаў і вандалаў паў Рым. Неаднойчы, у гэты час, ён быў абрабаваны і разбураны, як і амаль уся Італія. Лангабарды, бургунды, франкі ды іншыя рабілі спусташальныя паходы. Знішчаліся цэлыя гарады і вёскі. Гінулі пастыры Царквы, іх паства, рабаваліся і разбураліся храмы. Цэрквы на Заходзе неслі вялікія страты і ўся Еўропа жыла пад страхам нападу гунаў і іх владара Ацілы.
VІІ стагоддзе было вельмі небяспечным ўжо для Візантыйскай імперыі. Персы, авары, балгары а потым арабы няспынна рабілі напады на гэтую хрысціянскую краіну. У 636 годзе менавіта арабы нанеслі паразу войску імператара Іраклія І (610-641), потым заваявалі Сірыю, Персію, Палестыну і Егіпет. Пройдзе яшчэ пяцьдзесят гадоў, і ў іх руках апынецца ўжо ўся Паўночная Афрыка. У 70-я гады VІІ стагоддзя арабы стварылі магутны флот, які быў сур’ёзнай пагрозай для Візантыі, негледзячы на тое што Візантыя мела самую страшную зброю на моры, так званы “грэцкі агонь” (гаручая сумесь на падставе нафты, салітры і нягашанай вапны). У многім дзякуючы гэтай зброі Візантыя захавала яшчэ на стагоддзі сваё існаванне.
Заваяванні арабаў-мусульманаў былі вельмі хуткімі і бязлітаснымі. У хрысціянскіх странах яны вынішчалі ўсё што сустракалі на шляху. Тры слаўных патрыярхаты – Александрыйскі, Антыахійскі і Ерусалімскі былі знічтожаны, ад іх захаваліся толькі назвы. Прайшоўшы ў 707 годзе па паўночнай Афрыцы, арабы-мусульмане поўнасцю знічтожылі слаўную Карфагенскую Царкву. У 710 годзе, на доўгія стагоддзі, яны захапілі Гішпанію і накіраваліся ўжо ў сучасную Францыю, а менавіта ў Галію, але там, у 732 годзе, іх запыніла войска франкскага валадара Карла Мартэла.
Паўсюль хрысціянскія храмы рабавалі і спальвалі; хрысціянаў прымушалі прыймаць вучэнне Мухамеда, а калі тыя адмаўляліся, то іх пазбаўлялі ўсіх правоў і забіралі як рабоў. Можна сказаць, што ўжо з тае пары пачала існаванне адзіная ісламская нацыя, так званая “умма”, якая не прызнавала дзяржаўных межаў і нацыянальных інтэрэсаў, пачатак ёй паклаў прарок Мухамед, які праведваў брацкі вобраз жыцця для сваіх аднаверцаў. Але толькі для аднаверцаў. Напрыканцы VІІІ стагоддзя Візантыйская імперыя павінна ўжо была плаціць даніну арабам-мусульманам. Праўда, у другой палове Х стагоддзя грэцкі ваявода, а потым імператар, Нікіфар Фокà, разбіў арабаў на востраве Крыт і адабраў у іх шмат гарадоў у Азіі. Але ў ІХ і Х стагоддзях на ўсім Міжземным моры валадарылі толькі арабскія піраты.
Арабы-мусульмане і плямёны варвараў, сваімі амаль пастаяннымі нападамі аддавалі агню і мячу цэлыя хрысціянскія вобласці. Знічтажаліся школы, мастацкія і навуковыя творы. У часы заваявання арабамі Паўночнай Афрыцы, па загаду халіфа Амара была спалена знакамітая Александрыйская бібліятэка, адбылося гэта ў 642 годзе. Халіф сказаў, што ўся чалавечая мудрасць знаходзіцца ў Каране, а калі чагосці няма ў Каране, то гэтага і непавінна быць. Готы і, асабліва, вандалы, ды іншыя варварскія народы сваімі спусташальнымі набегамі на Заходнюю Еўропу прывялі шматлікія краіны фактычна да духоўнага заняпаду.
Трэба сказаць, што з падзення Рымскай імперыі ў 476 годзе, пачалося ўзвялічванне ролі Рымскіх Пàпаў. Калі па ўсёй Італіі валадарылі варварскія народы, яны заставаліся адзінымі прадстаўнікамі правапарадку і абаронцамі народа. Калі імператар Юстыніян, двор якога знаходзіўся ў Канстанцінопалі, выгнаў з Італіі готаў, ён адначасова абмежаваў імкненне пàпаў да незалежнасці. Але калі Візантыя не змагла абараніць Італію ад лангабардаў, то высокае палажэнне пàпаў аднавілася ў разуменні народа. Паступова і самі візантыйскія імператары с павагай адносіліся да магутнасці пàпаў. У адрозненні ад становішча Царквы ў Візантыі, дзе па імператарскіх загадах звяргаліся патрыярхі Канстанцінопальскія, незалежнасць Рымскага Пàпы зацвярджала думку аб главенстве ў Царкве Рымскага біскупа. Менавіта пàпы былі абаронцамі хрысціянскай навукі ў VІІ стагоддзі, пад час манафеліцкай ерэсі і ў VІІІ стагоддзі, калі па ўсёй Візантыйскай імперыі ішла смута іканаборства. Пàпы нават рашуча непавінаваліся Візантыйскім імператарам-іканаборцам.
Менавіта ў гэтыя часы ўзвысілася новая хрысціянская дзяржава – Франкія, з якой Святы Пасад меў добрыя адносіны. Па парадзе Папы Захарыя (741-752) каралём Франкскай дзяржавы стаў Піпін. Калі лангабарды занялі Равэнскі экзархат, які належыў Візантыі, Папа Рымскі Стэфан ІІ (752-757) паклікаў на дапамогу караля Піпіна, які ў два паходы вынудзіў лангабардаў, пакінуць усе заваяванні. Кароль заявіў, што адняў гэтыя землі для Святога Апостала Пятра і падпісаў адпаведную грамату ў якой аддаваў гэтыя землі Рымскай Царкве. Тая грамата была пакладзена на труну Святога апостала. Папа стаў валадаром тых земляў, а кароль Піпін стаў апекуном і рымскім патрыцыям. Візантыйскі імператар Канстанцін V Капронім, вядомы як іканаборца, дарэмна патрабаваў вяртання гэтых земляў, адабраць іх ён не меў сілы, бо быў заняты барацьбой з арабамі і сваімі праваслаўнымі падданымі. Такім чынам падарунак караля Піпіна паклаў у 755 годзе пачатак свецкай улады біскупаў Рыма.
З гэтага часу пачалося замацаванне іх улады ў Заходніх Цэрквах, напрыклад, афрыканскай, гішпанскай ды іншых, дзе Рымскі біскуп здаўна карыстаўся вялікім аўтарытэтам, як спадкаемца Апостала Пятра. Ужо да пачатку ІХ стагоддзя ва ўсіх Заходніх Цэрквах Папу Рымскага лічылі вярхоўным галавою і суддзёю Царквы.







All the contents on this site are copyrighted ©.