2007-08-28 10:28:42

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус"- працяг


У 1964 годзе біскуп Сіповіч прыняў кандыдатам да сьвятарства Рабэрта Тамушанскага, амэрыканца беларускага паходжаньня ў трэцім пакаленьні. Сваёй “беларускасьцю” ён быў забавязаны дзядом, якія прыехалі ў Амэрыку на мяжы XIX i XX стагодзьдзяў. Яны паходзілі з самага заходняга кутка Беларусі, дзе, нягледзячы на перасьлед, захаваліся рэшткі Вуніі. Яны размаўлялі па-беларуску, але, не атрымаўшы фармальнай адукацыі, ня ведалі гэтага i называлі сваю мову “простай”. У пошуках сваіх “каранёў” Рабэрт паступіў да ўкраінскіх айцоў базылянаў, але адчуваў, што гэта не зусім тое, чаго шукаў. Першы раз ён пачуў, што размаўляе па-беларуску, ад нейкага ўкраінскага сьвятара. Рабэрту пашанцавала пазнаёміцца з айцом Францішкам Чарняўскім. Той накіраваў яго да біскупа Сіповіча, які знайшоў для Тамушанскага месца ў сэмінарыі ў Кэнігштайне ў Нямеччыне. Увесну 1964 году Рабэрт Тамушанскі ўжо распачаў там навуку.
Улетку 1964 году на продаж выстаўляўся дом побач з Домам сьв. Кірылы. Біскуп Сіповіч пастанавіў купіць яго, у першую чаргу для разбудовы інтэрнату. 2 верасьня 1964 году ён зрабіў у сваім дзёньніку наступную зацемку: «Дзень “гістарычны” для інтэрнату школы сьв. Кірылы Тураўскага: дагаварыўся са сп. Лямб адносна куплі ягонага дому, 39 Holden Road N12. За гэты дом перш запрасіў сп. Лямб 12 тысяч фунтаў, старгаваліся на 10 тысяч». Дом набылі ў пачатку 1965 году, атрымаўшы пазыку ад Ўэстмінстэрскай дыяцэзіі.
14 верасьня 1964 году пачыналася трэцяя сэсія Паўсюднага Сабору, таму напярэдадні біскуп Сіповіч вярнуўся ў Рым. Першым на парадку дня стаяла абмеркаваньне праекту дэкрэту пра Ўсходнія Цэрквы, i біскуп Сіповіч 19 верасьня выступіў перад Саборам з прамоваю. Зрабіўшы агульныя заўвагі да праекту, ён скончыў наступным чынам: «У канцы дакінем пару слоў аб значэньні каталіцкіх Усходніх Цэркваў дзеля здабыцьця еднасьці. Успомненым цэрквам, ганебнымі прасьледваньнямі даведзеным да малое колькасьці сваіх вернікаў, робіцца закід нейкага празэлітызму. Падобны закід можна пачуць нават з вуснаў каталікоў, што, шукаючы новых спосабаў паяднаньня, пагарджаюць мінуўшчынай. Сёньня мы ўсе тут, кіраваныя Сьвятым Духам, шукаемо лепшага, i мы, каталікі ўсходняга абраду ёсьць перакананыя, што наш удзел у злучэньні хрысьціян мае вырашальнае значэньне»126. Гэтак біскуп адказаў некаторым заходнім каталіцкім “экумэністам”, якія глядзелі на каталіцкія ўсходнія цэрквы як на перашкоду ў зносінах з усходнімі цэрквамі, не зьяднанымі з Апостальскім Пасадам. Ён пасьля атрымаў віншаваньні ад некаторых айцоў Сабору, у тым ліку ад украінскага біскупа з Аргентыны Сапэляка, грэцкага з Атэнаў Якінтаса Гада i ангельскага біскупа Лідсу Патрыка Дўаера.
У 1964 годзе справа ўкраінскага патрыярхату зноў выплыла наверх. Біскуп Сіповіч пісаў 29 кастрычніка ў сваім дзёньніку: «Учора ў час паседжаньняў спаткаўся ў саборы сьв. Пятра з прал. П. Татарыновічам, які атрымаў дазвол прысутнічаць на паседжаньнях генэральных сэсіяў. Гутарым аб кіеўскім патрыярхаце. Б(іску)п Сапэляк мне сказаў, што Я. Д. Мітр. Сьліпый жадае падаць просьбу Папе Паўлу VI у справе кіеўскага патрыярхату. Пытаў такжа мяне, ці я падпісаў бы ад імя беларускага духавенства падобную просьбу. Вельмі паважная справа, таму я павінен парадзіцца з усімі беларускімі сьвятарамі. Пралат Татарыновіч уважае, што мы беларусы не павінны падпісываць падобнай просьбы».
11 лістапада біскуп Сіповіч зноў вяртаецца да той самай тэмы: «Учора Я. Д. Сапэляк даў мне да прачытаньня ліст да Айца Сьв. Паўла VI, які шмат украінскіх біскупаў падпісала, у справе ўтварэньня Кіева-Галіцкага Патрыярхату. Падаюцца розныя рацыі: такі патрыярхат дапаможа аб’яднаць усіх украінцаў у адной веры; аб гэтым патрыярхаце думалі Мітрап. Руцкі разам з Магілам... украінцаў каталікоў больш чым усходнікаў усіх разам, a ўкраінцы дагэтуль патрыярхату ня маюць... Omnibus perpensis (разважыўшы ўсё. – А.Н.) я ня буду падпісываць дзеля наступных прычын: 1) Ліст-просьба да Папы зусім не бярэ пад увагу Беларусі i яе царкоўнага строю. Беларусь мае права такжа на патрыярхат. 2) Чаму Кіева-Галіцкі Патрыярхат меў бы абымаць украінскія цэрквы ў Зл. Штатах Амэрыкі, у Канадзе i г.д. Не разумею, чаму абсяг патрыярхату мае выходзіць за межы пэўнай тэрыторыі. 3) Сяньня, калі ані аднаго б(іску)па няма ў цэлай Украіне, тварыць патрыярхат, калі не наіўна, дык прынамсі дзіву годным! 4) Toe, што ёсьць irreale (нерэальнае. – А.Н.), ня трэба прасіць... 5) У лісьце да Папы падаецца выясьненьне слоў Урбана VIII: Per vos, Rutheni, convertendum esse Orientem (праз вас, рускія, будзе навернуты Ўсход). Пасьля слова “Rutheni” y дужках падаецца “Ucraini”. Гэта непраўдзіва. Адзін раз пры іншай нагодзе ўспамінаюцца беларусы, але быццам пераходам».
Трэцяя сэсія Сабору прыняла дэкрэт аб літургічных мовах, які дазваляў ужываць у богаслужэньнях усе нацыянальныя мовы. Дэкрэт датычыў вернікаў рымскага (лацінскага) абраду, дзе дагэтуль абавязковай літургічнай мовай для ўсіх была лацінская. Шмат хто сустрэў гэты дэкрэт з энтузіязмам, іншыя – з засьцярогамі. Па нейкім часе ўсе народы мелі ўжо літургічныя тэксты ў сваёй мове. Усе, апрача беларусаў. У Беларусі каталіцкія сьвятары зразумелі дэкрэт па-свойму i замянілі лацінскую мову ў богаслужэньнях на... польскую. Безумоўна, трапляліся выняткі, сярод ix – айцец Уладыслаў Чарняўскі, марыянін, які перад вайною вучыўся ў Друйскай гімназіі, а пасьля 1939 году працягваў навуку ў Летуве i такім чынам пазьбегнуў польскага ўплыву. У сваёй парафіі ў Вішневе ён вёў пастырскую працу, прамаўляў казані, гутарыў з парафіянамі па-беларуску. Пачынаючы з 1965 году ён паступова замяняў у Імшы i іншых богаслужэньнях лацінскую мову на беларускую. За гэта іншыя сьвятары цураліся яго i вінавацілі ў тым, што ён... дапамагае камуністам нішчыць Каталіцкую Царкву. 5 кастрычніка 1965 году біскуп Сіповіч «атрымаў тэкст беларускі, падрыхтаваны ў БССР праз кс. Ул(адзіслава) Ч(арняўскага) для рытуалу. Тэкст адносіцца да хросту i сужэнства. Трэба тэкст паправіць, але даволі добра апрацаваны. Ён мае быць выдрукаваны тымчасам у літоўскім рытуале». Гэты запіс паказвае на супрацоўніцтва між айцом Чарняўскім i летувіскімі царкоўнымі ўладамі. Біскуп Сіповіч даведаўся пра Чарняўскага ад летувіскіх біскупаў, якія прыехалі на Сабор. Пасьля між імі наладзілася наўпроставая сувязь. У кампэтэнцыю біскупа Сіповіча не ўваходзіла займацца каталікамі рымскага абраду, дый яшчэ ў Беларусі. Тым ня менш як сьвятар i беларус ён лічыў сваім маральным абавязкам зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы ім. Таму 18 лістапада 1964 году ён зьвярнуўся да архібіскупа Самaрэ зь Дзяржаўнага Сакратарыяту з прапановай прызначыць біскупа-беларуса рымскага (лацінскага) абраду для Беларусі з тытулам апостальскага адміністратара. Кандыдатам на пасаду ён прапанаваў айца Ўладыслава Чарняўскага.








All the contents on this site are copyrighted ©.