2007-08-27 11:41:46

У Казахстане праайшло спатканне каталiцкай моладзi.


У мястэчку Азёрнае, што знаходзiцца ў 500 кiлометрах ад сталiцы Казахстана, прайшла першая межрэгiянальная сустрэча моладзi Цэнтральна-Азiятскага рэгiёна. На яе сабралося каля 450 маладых вернiкаў з Узбекiстана, Таджыкiстана, Туркменiстана i Казахстана. Не было толькi прадстаўнiкоў Каталiцкай Царквы Кыргызстана.
Маладыя католiкi прыймалi ўдзел у Богаслужбах, канфярэнцыях i працэсiях. Арцыбiскуп Томаш Пета адкрыў спатканне, назваўшы яго “гiстарычным”. Богаслужбы праводзiлiся ў адмыслова пабудаванай для гэта юрте i на адкрытым паветры.
Тэма спаткання – “Марыя, навучы нас любiць”. Пад час яго абмяркоўвалiся, сярод iншага, адносiны памiж мужчынамi i жанчынамi.
Напрыканцы другога дня сустрэчы яе ўдзельнiкi здзейснiлi пяцiкiламетровую Крыжовую дарогу да статуi Панны Марыi, пад час чаго адгаворвалi Ружанцовую малiтву.
Пасёлак Азёрнае заснавалi этнiчныя палякi, якiя былi дэпартаваныя ў 1936 годзе з Украiны. Каб выжыць яны малiлiся да Багародзiцы. У 1941 годзе снег пачаў таяць 25 сакавiка, у свята Дабравешчання, у вынiку чаго каля мястэчка з’явiлася возера, якое праз кароткi час напоўнiлася рыбай. Гэта выратавала людзей ад голада ў гады II° Сусветнай вайны.
Удзельнiкi спаткання, святары i свецкiя вернiкi, здзейснiлi таксама дванадцацiкiламетровую Крыжовую дарогу да месца, дзе ў памяць аб ахвярах палiтычных рэпрэсiй, на ўзгорку пастаўлены вялiкi каменны крыж.
У свята Унебаўзяцця Багародзiцы ў Азёрнае прыехаў арцыбiскуп Станiслаў Рылко, Старшыня Папскай рады да спраў свецкiх вернiкаў, i арцыбiскуп Юзеф Веселоўскi, Апостальскi нунцый у Сярэдняй Азii.







All the contents on this site are copyrighted ©.