2007-08-23 14:40:40

28 жніўня Царква шануе святога Аўгустына, а напярэдадні - святую Моніку, ягоную маці, што сваімі малітвамі навярнула сына. У Остыі - старажытным Міжземнаморскім порце, а цяпер гістарычна-курортным прыгарадзе Рыма, адкрыліся ўрачыстасці ў касцёле Santa Monica, дзе й захоўваюцца яе мошчы.


Тут многа юнакоў і дзяўчат штодня."Моладзь 21 стагоддзя можа шмат чаму вучыцца ў Аўгустына Гіпонскага, які жыў на пераломе 4-5 стагоддзяў"- тлумачыць пробашч остыйскай царквы айцец Сальваторэ Танцыло.
Біскуп Гіпонскі стаўся Нябесным ахоўнікам Остыі толькі 3 гады таму назад, пасля ініцыятывы вернікаў гэтага прадмесця Рыма і пад духоўным кіраўніцтвам культурна -рэлігійнага аб'яднання святога Аўгустына. Яго члены нанова адкрываюць багатую на актуальныя духоўныя адказы спадчыну старажытнага дзеяча. Галоўным прадметам ягонага роздуму была праблема зла і стаўлення да яго. Асноўная праца - "Споведзь" - як бы маніфест пошуку праўды маладым чалавекам.
Перад мікрафонамі нашага Радыё пробашч касцёла Святой Монікі сцвярджае:" Моладзь мае вялікую магчымасць чэрпаць у св. Аўгустына вечныя каштоўнасці. Ён прапануе вопыт высьпявання і пераўтварэння ўласнага жыцця. Моладзь ва ўсе часы - у працэсе розных штурханняў і перакосаў, дарэмнай страты сіл і духоўнага вагання, хаосу, які св. Аўгустын перажыў асабіста. "Споведзь" - гэта выяўленне любові ў розных яе сферах, бо, на думку старажытнага багаслова, "Чалавек ёсць тым, што любіць". Нязменна асаблівасць гэтага святога - любоў да дружбы, шчырасць сяброўства . Менавіта ў гэтым мае патрэбу і сённяшняя моладзь. З гэтай тэмай спалучаны пошук шчасця, да якога імкнуцца ўсе маладыя людзі ва ўсе часы"- сцвердзіў парах. Святкаванні завершацца ў Дзень святога - 28 жніўня ў касцёле Каралева Міра св.Імшой, якую ўзначаліць дэкан калегіі кардыналаў рымскай Царквы к.Анжэло Содано.
( Даведка. Аўгустын Аўрэлій нарадзіўся ў 354 годзе ў Паўночнай Афрыцы ў сям'і рымляніна-паганіна Патрыцыя і хрысціянкі Монікі, якая прысвяціла сваё жыццё малітвам аб навяртанні сына. У маладосці праводзіў распутнае жыццё і паддаваўся ўплывам розных ерэсей. У Медыялануме -цяперашнім Мілане- пасля размоў са святым Амброзіем і чытання тэкстаў святога Паўла, Аўгустын перажыў навяртанне да хрысціянскае веры, прыняў хрост. У далейшым стаў святаром, потым – біскупам Гіпона, доктарам Царквы -Памёр у 430 годзе. Яго казанні і сачыненні залічаны да найлепшых спраў непадзеленага хрысціянства.Праваслаўныя называюць яго Свяціцелям. Ягонаму пяру належыць надзвычай вялікая колькасць твораў (захавалася 83 з 93 напісаных) пераважна філасофскага, тэалагічнага, маральна-этычнага характару. Але найбольш папулярнымі з усяго напісанага ім сталі творы «Пра дзяржаву Божую» і «Споведзь». У першым Аўгустын накрэсліў шлях хрысціянскай гісторыялогіі, паказаўшы гісторыю чалавецтва як змаганне «дзяржавы Бога» і «дзяржавы Сатаны». «Споведзь» – гэта першая з захаваных аўтабіяграфіяў у еўрапейскай літаратуры. У гэтым творы ён з незвычайнай шчырасцю апавядае пра сваё духовае жыццё ад дзяцінства і хросту ў 387 г., апісвае гісторыю свайго навяртання, спыняючыся пры гэтым і на важных філасофска-тэалагічных пытыннях.)








All the contents on this site are copyrighted ©.