2007-08-21 16:08:19

З нашага цыклу "Сьвет першых хрысьціянаў"- працяг


У мінулы раз мы гаварылі аб тых складаных часах, калі Хрысціянская Царква выйшла за межы Рымскай імперыі, зрабіўшы свае першыя крокі па землях Афрыкі і Азіі, у такія краіны, як сёняшнія Эфіопія, Грузія і Арменія. Вядома, што ўжо пачынаючы з ІІ-га стагоддзя Хрысціянства пранікла ў Персію. Гэта быў вельмі неспрыяльны час. Там панаваў культ пакланення агню – старажытная рэлігія Зораàстра. Магі дапамагалі ўраду, а хрысціян лічылі здраднікамі нацыянальнай рэлігіі і такім чынам здраднікамі самой краіне. Становішча ўскладнялася яшчэ і тым, што Персія часта ваявала з Рымскай імперыяй, з якой хрысціяне былі звязаныя. Пераследванні хрысціянаў пачаў персіцкі цар Сапор ІІ. У 343-м годзе для хрысціянаў ён павялічыў падаткі, а калі нехта не мог заплаціць яго адразу закоўвалі ў кайданы, каралі смерцю. Пачаліся разбурэнні хрысцінскіх храмаў, канфіскацыя маёмасці і забойствы. Смерцю быў пакараны біскуп Сімяон разам са сваім духавенствам.
Больш спакойныя часы змяняліся новымі пераследваннямі, пакуль у 422-м годзе біскуп Амідскі Акакій, са згоды духавенства, прадаў царкоўныя залатыя і срэбраныя сасуды для выкупа палонных, узятых рымлянамі. Калі Пярсідская Царква ўкланілася ў нестарыянства – ерэсь, якая адмаўляла боскасць Хрыста да хросту і называла Багародзіцу “Хрыстародзіца” – з-за чаго ў V-м стагоддзі былі спынены зносіны з Візантыяй, пярсідскі ўрад зрабіўся больш цярпімым у адносінах да Царквы. Яшчэ больш трывалым становішча хрысціян стала з 651-га года, калі Персію пакарылі арабы-мусульмане з сучаснай Саудаўскай Аравіі.
Дарэчы, Хрысціянства было і там, яшчэ з апостальскіх часоў. У ІІІ-м стагоддзі там прапаведваў вядомы хрысцінскі багаслоў і філосаф Арыген (каля 185–253/254). Веру туды прносілі хрысціяне, якія ўцякалі ад пераследванняў у Рымскай імперыі. Каля 320-га года асвечана хрысціянствам было племя гамерытаў або савеяў ва Ўсходняй Аравіі. У 354-м годзе Візантыйскі імператар Канстанцый ІІ накіраваў у Аравію Феафіла, індуса па паходжанні, які хаця і быў закладнікам у Канстанцінопалі, але быў высвечаны на епіскапа. Мясцовы цар дазволіў яму пабудаваць храмы ў сталіцы Дафары, у гарадзе Армуз пры Пярсідскім заліве і ў Адэне (цяпер гэта Йемен), важным горадзе-порце каля выхада ў Чырвонае мора. У распаўсюджванні Хрысціянства епіскапу Феафілу перашкаджалі габрэі, якія жылі там у вялікай колькасці. Падзвіжніцкае жыццё хрысціянскіх пустыннікаў і манахаў, якія жылі на межах Палестыны і Аравіі, мела ўплыў на вандруючыя аравійскія плямёны. Вядомы прэпадобны Іларыён, які прапаведваў у Сірыі з 329 года і заснаваў хрысціянскую грамаду паміж сарацынамі, у племені гасанідаў. Ужо ў 373 годзе там быў епіскап Майсей, які паходзіў з сарацынаў.
На пачатку V-га стагоддзя падзвіжнік Ефімій навярнуў у Хрысціянства правадыра аднаго аравійскага племені, які прыняўшы імя Пётр, стаў першым епіскапам для паходных Цэркваў. Вялікую прапаведніцкую ролю адыграў прэпадобны Сімяон Стоўпнік, які 80 гадоў правёў на слупé, павучаючы розных жыхароў і вандроўнікаў тых мясцін. Памёр ён у 459-м годзе ва ўзросце 103 гадоў. З ІV-га стагоддзя манахі гары Сінайскай плённа займаліся місіянерствам і з таго часу ў Аравіі некаторыя вандруючыя плямёны былі хрысціянскімі.
Тым часам у Еўропе, па-за межамі Рымскай імперыі, Хрысціянства перш за ўсё распаўсюджвалася паміж народамі германскага племені. Так, у ІV-м і ў V-м стагоддзях Хрысціянства прынялі готы, вандалы, свевы, бургунды, лангабарды. Нажаль тое Хрысціянства было ў форме арыянства. Тое навучанне пайшло ад святара з Александрыі Арыя, які адмаўляў трыадзінства Бога і падпарадкоўваў Ісуса Богу-Айцу. Першы Сусветны, або Экуменічны сабор, які адбыўся ў Нікее ў 325-годзе, асудзіў арыянства як ерэсь, але яно мела яшчэ вельмі доўгае жыццё.
Племя готаў, якое жыло за ракой Дунай і было падзелена ракой Днестр на остготаў і вестготаў, яшчэ ў ІІІ-м стагоддзі блізка падыходзіла да межаў Рымскай імперыі і рабіла частыя набегі. Здаралася, што яны ўводзілі ў палон хрысціян, сярод якіх былі і духоўныя асобы. Палонныя і пазнаёмілі готаў з Хрысціянствам, стварыўшы сярод іх невялікую Царкву. І як вынік, на ўжо ўзгаданым намі, Першым Сусветным саборы 325-га года ў Нікеі прысутнічаў готскі біскуп Феафіл, які таксама падпісаў саборныя веравызнанні. У другой палове ІV стагоддзя для распаўсюджвання Хрысціянства паміж готамі шмат папрацаваў готскі біскуп Улфіл, патомак палонных хрысціян, які займаў біскупскую катэдру на працягу 40 гадоў (348-388). Ён вынайшоў готскую азбуку і пераклаў Святое Пісанне на готскую мову.
Калі з Азіі прыйшлі гунны і пачалі выганяць готаў, вестготы папрасілі імператара Валента дазвол на пасяленне ў межах Рымскай імперыі ў Фракіі, пры ўмове прыняцця ўсімі імі Хрысціянства, што і адбылося ў 376-м годзе. З-за таго, што імператар Валент быў арыянінам, то і Хрысціянства вестготаў было з арыянскім навучаннем, якое і зацьвердзілася ў іх. Калі ж вестготы выдаліліся за межы Рымскай імперыі, яны прынеслі арыянскае хрысціянства ў Гішпанію, дзе ў 415-м годзе заснавалі сваю дзяржаву. Толькі ў 589-м годзе на Саборы ў горадзе Талéдо, яны адмовіліся ад арыянства. Ад вестготаў Хрысціянства з арыянскім навучаннем перайшло і да іх супляменнікаў остготаў. Калі ў 492-м годзе яны авалодалі Італіяй, то арыянства яны прынеслі і сюды. Хаця ў 553-м годзе, пры імператары Юліяне І-м, іх валадарства ў Італіі скончылася, але яны перадалі арыянскае хрысціянства язычнікам лангабардам, якія спавядалі яго да VІІ стагоддзя.







All the contents on this site are copyrighted ©.