2007-08-20 09:44:43

У Новасiбiрску адзначылi Х° гадавiну пабудовы катэдры.


У Новасiбiрску прайшлi ўрачыстасцi, прысвячаныя 10-гадоваму юбiлею каталiцкай катэдры. Кардынал i пяць бiскупаў сабралiся напрыканцы тыдня ў гэтым сiбiрскiм горадзе, каб прыняць удзел у святкаваннях.
9 жнiўня ў Новасiбiрску пачала сваю працу юбiлейная пастырская канфярэнцыя, прысвячаная 10 гадавiне асвячання катэдры. Па запрашэнню Старшынi Бiскупскай канфярэнцыi Расii бiскупа мясцовай дыяцэзii Язэпа Верта ў канфярэнцыi прынялi ўдзел усе святары i законнiкi мясцовай дыяцэзii, 20 катэхiзатараў, а таксама свецкiя вернiкi.
Галоўнай падзеяй урачыстасцяў стала Святая iмша, якую ўзначалiў 12 жнiўня кардынал Рoжэ Этчегарай – Старшыня Папскай рады “Справядлiвасць i мiр”. Кардыналу саслужылi: Апостальскi нунцый у Расii арцыбiскуп Антонiо Меннiнi; бiскупы Клеменс Пiккель; Кiрыл Клiмовiч i Мiкалай Мессмер, а таксама шматлiкiя святары. Арцыбiскупа Тадэвуша Кандрусевiча прадстаўляў яго пасланец – генеральны вiкарый а. Анджэй Сцякевiч.
На Богаслужбе прысутнiчалi не толькi католiкi з Новасiбiрска i iншых гарадоў, але i прадстаўнiкi iншых хрысцiянскiх канфесiй – праваслаўныя, пратэстаны, а таксама прадстаўнiкi ўладаў. Святар Нoвасiбiрскай дыяцэзii зачытаў прывiтальнае пасланне арцыбiскупа Новасiбiрскага i Бердскага Цiхана, былi таксама зачытаны прывiтальныя словы губернатара Нoвасiбiрскай вобласцi i мэра горада.
Наша даведка: Першы малiтоўны дом быў пабудаваны ў Новасiбiрску (тады ён называўся Нованiкалаеўск) у 1902 годзе. У 1909 годзе быў асвячаны касцёл. Гэты храм быў закрыты ў 1938 годзе. 19 сакавiка 1993 года было пачата будаўнiцтва новага касцёла, якi быў потым прысвячаны Пераўтварэнню Пана i стаў катэдрай дыяцэзii. У аснову фундамента быў закладзены камень, якi ўзялi з магiлы апостала Пятра.
10 жнiўня 1997 года катэдральны сабор Пераўтварэння Пана быў урачыста асвячаны бiскупам Язэпам Вертам у прысутнасцi тагачаснага Апостальскага нунцыя ў Расii арцыбiскупа Джона Букоўскага, 10 бiскупаў з розных краiнаў свету, болей за 100 святароў i вялiкай колькасцi вернiкаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.