2007-08-18 13:22:01

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус- працяг


Раздзел: «Быць усім для ўcix» (Гл. 1 Кар 9:22)
Біскуп, як пераемнік апосталаў, кіруе даручанаю яму часткаю Царквы Хрыстовае. Ён павінен быць бацькам, настаўнікам i пастырам свайго статку. Калі біскуп – законьнік, дык ён аўтаматычна складае зь сябе ўсе абавязкі ў законе i ня можа займаць у ім ніякай пасады без адмысловага дазволу вышэйшых царкоўных уладаў. Старыя i вядомыя законы – бэнэдыктынцы, францішканцы, езуіты ды інш. – далі Сьвятой Царкве шмат выдатных i сьвятых біскупаў, але тыя ніколі не займалі ніякага становішча ў законе. Марыяне зьяўляюцца выняткам: на працягу шасьцідзесяці гадоў (1909–1969) з шасьці іхных генэралаў тры былі біскупамі.
Пасьля прыезду біскупа Сіповіча ў Рым генэральная капітула працягвала сваю працу. У пятніцу 12 ліпеня сябры капітулы мелі аўдыенцыю ў Сьвятога Айца. Той, мяркуючы, што мае справу з палякамі, каб зрабіць ім прыемнасьць, – як зазначыў біскуп Сіповіч у сваім дзёньніку, – прывітаў ix словамі “Niech będzie pochwalony Jezus Chrystus” (Слава Ісусу Хрысту).
Так пачаліся шэсьць цяжкіх гадоў у жыцьці біскупа Сіповіча. У дадатак да ўдзелу ў Саборы ён мусіў амаль штодня займацца марыянскімі справамі, таму ў яго заставалася вельмі мала часу для беларусаў. Гэта ўжо адчувалася, калі ён 12 жніўня першы раз пасьля свайго абраньня прыехаў у Лёндан. Месяц у Англіі мінуў у разборы нязладак польскіх марыянаў i фінансавых цяжкасьцяў летувіскіх. Прайшла таксама сходка беларускіх марыянаў. I хоць там разглядаліся справы Місіі, сьвятара не-марыяніна не запрасілі.
Біскуп Сіповіч вярнуўся ў Рым 22 верасьня 1963 году. Праз тыдзень, 29 верасьня, распачала працу другая сэсія Сабору, якая доўжылася да 4 сьнежня. Біскуп Сіповіч быў на ўсіх яе паседжаньнях, а таксама на паседжаньнях камісіі для законьнікаў. На гэтай сэсіі ён пазнаёміўся з двума прадстаўнікамі Расейскай Маскоўскай Патрыярхіі, айцамі Баравым i Ілічам, якія аказаліся... беларусамі.
Кожнай раніцы, перад пачаткам працы Сабору, адбываўся ўрачысты ўваход з Эвангельлем, якое пасьля клалі на алтар. У суботу 14 кастрычніка гонар уваходу з Эвангельлем выпаў біскупу Сіповічу, які пакінуў наступнае апісаньне ў дзёньніку: «Сяньня меў вялікі гонар зрабіць уваход на пачатку сэсіі Сабору са сьв. Эвангельлем. Мне асыстуюць прат. Ул. Салавей i a. Кастусь Маскалік... Я маю епітрахіль, манцію, амафор, крыж айца арх. Абрантовіча i панагію. Ідзе з намі папскі цырыманіер i два сьвечаносцы. Цяжка апісаць уражаньне. Сьвятое эвангельле – гэта слова жывое Госпада Хрыста i сымбаль самога Хрыста. Мы – дзеці i слаўнага i гаротнага беларускага народу. Бог аднак у сваім міласердзі не забывае i нас. Сяньня маем гонар сьведчыць, што мы жывём i прыймаем удзел у найвялікшай падзеі сяньняшніх дзён, у Экумэнічным Саборы. Учора знайшоў у адным з нашых марыянскіх сховішчаў прыгожы крыж айца Абрантовіча. Ён мне мілы дзеля розных прычын, але дзіўна, што акурат цяпер я яго знайшоў i сяньня першы раз нашу ў час Сабору. Калі бяз волі Божай волас не спадае з галавы, дык i крыж ня мог знайсьціся без Яго волі. Шчыра дзякую i малю Заступнікаў Беларускага Народу i нашых патронаў марыянскіх прашу дапамагчы мне споўніць ува ўсім Божую волю».
За тры дні да гэтага, 11 кастрычніка, мітрапаліт Сьліпый першы раз прамаўляў на Саборы. Біскуп Сіповіч запісаў галоўныя пункты ягонай прамовы: «Перш дзякуе Тройцы Прасьвятой, Маці Божай, усім Айцом за малітвы, дзякуючы якім ён можа быць прысутны тут на Саборы. Успамінае, што на іншых саборах – пачынаючы ад Нікейскага I (sic!) – ад імя ўкраінцаў прысутнічалі біскупы... пачынае выясьняць, што ён разумее пад імем Collegii Episcoporum (калегіі біскупаў. – А.Н.). Infallibilitas Papae et Episcoporum est a Christo (непамыльнасьць Папы i біскупаў ёсьць ад Хрыста. – А.Н.)... У канцы зьвяртаецца да Сабору з просьбай, каб украінская старадаўняя сталіца Кіеў быў паднесены да годнасьці патрыярхату». Біскуп Канстантыні адказаў мітрапаліту Сьліпому, што «ані прыматы, ані кардыналы, ані патрыярхі ня ёсьць de jure divino (з Божага ўстанаўленьня. – А.Н.), i таму ня трэба аб ix гаварыць у трактаце дагматычным». Гэта была першая, але не апошняя згадка пра ўкраінскі патрыярхат.
У царкве i ў сьвеце адбывалася столькі важных i цікавых падзеяў, a беларусы ня мелі свайго рэлігійнага часопісу. Зьніч айца Татарыновіча, нягледзячы на шмат выдатных якасьцяў, у вялікай ступені выяўляў індывідуальнасьць рэдактара. Адчувалася патрэба аднавіць Божым шляхам, які пад рэдакцыяй айца Гарошкі карыстаўся заслужана добрай славай сярод чытачоў. Аднак айцец Гарошка, хоць i часта гаварыў пра гэта, заставаўся нерашучым, быццам сам зьняверыўся ў сваіх сілах. Тады айцы Германовіч i Надсан вырашылі самі ўзнавіць выданьне. Біскуп Сіповіч ухваліў праект, падтрымаў ідэю i айцец Гарошка. Пастанавілі выдаваць часопіс як двухмесячнік пачынаючы з 1964 году.
Тут варта прыгадаць, што, апынуўшыся на Захадзе, айцец Германовіч не марнаваў часу. У 1962 годзе выйшла кніга ягоных успамінаў з часоў зьняволеньня ў савецкіх вязьніцах i лягерох Кітай–Сібір–Масква. Яна мела вялікі посьпех i перакладалася на польскую (1966), летувіскую (1969) i італійскую (1969) мовы. 22 лютага 1973 году Ўладыка Чэслаў на прыватнай аўдыенцыі ў папы Паўла VI падараваў яму італійскі пераклад кнігі. Другая кніга, Князь i лапаць, выйшла ў 1964 годзе – гэта вершаваная аповесьць пра лёс сям’і беларускіх эмігрантаў у ЗША, якія пасьля вайны паверылі савецкай камуністычнай прапагандзе i вярнуліся на Бацькаўшчыну.
Айцец Германовіч, нягледзячы на свой век, аказаўся выдатным рэдактарам. Ён умеў зрабіць часопіс цікавым для ўсіх i прыцягнуць да супрацоўніцтва новых аўтараў. Апрача артыкулаў рэлігійнага характару, у ім друкаваліся матар’ялы, часта зусім новыя, на культурныя тэмы, напр. “Гісторыя беларускай царкоўнай музыкі” Г. Піхуры або “Беларускія буквары ХVІ–ХVІІ стст.” А. Надсана ды інш. Божым шляхам стаў таксама афіцыйным органам біскупа Сіповіча. У ім друкаваліся ягоныя пастырскія лісты, справаздачы з Сабору i г. д.








All the contents on this site are copyrighted ©.