2007-08-17 12:32:12

Сьвет першых хрысьціянаў


У першыя тры стагоддзі Хрысціянская Царква толькі часткова пранікала за межы Рымскай імперыі; барацьба з рымскім язычніцтвам за сваё існаванне прымушала хрысціянскае грамадзтва збіраць усе свае сілы ў адным месцы, менавіта ў Рымскай імперыі. Але, калі барацьба скончылася падзеннем язычніцтва і Рымская імперыя зрабілася хрысціянскай дзяржавай, Царква атрымала магчымасць выступіць за межы імперыі. Вельмі рознымі былі шляхі, якімі Хрысціянства пранікала ў язычніцкія краіны. Хрысціянскія купцы па гандлёвых справах наведвалі язычніцкія краіны і заносілі туды сваю веру; хрысціяне, якія траплялі ў палон да язычнікаў, але адукавалі іх святлом Евангелля; язычнікі, якія траплялі ў палон да хрысціян, знаёміліся з Хрысціянствам і, вяртаючыся на радзіму, часта распаўсюджвалі яго сярод сваіх суайчыннікаў.
Былі яшчэ і манахі-падзвіжнікі, якія сяліліся ў пустынях на межах Рымскай імперыі, або нават у язычніцкіх краінах, і сваім святым жыццём абуджалі ў язычніках павагу да Хрысціянства і прымушалі прыймаць яго. Акрамя манахаў былі і прапаведнікі Евангелля. Яны з апостальскай бясстрашнасцю ішлі ў няведамыя мясціны, як тады казалі “у краіны варвараў” і засноўвалі там Цэрквы. У самой імперыі главы Цэркваў і манархі засноўвалі місіі для навяртання язычнікаў. Хрысціянства ішло і праз дынастычныя шлюбы, калі прынцэсы-хрысціянкі выходзілі замуж за язычніцкіх каралёў, або князёў, тыя таксама часта станавіліся хрысціянамі, а потым і іх падданыя. Тыкім чынам, у другі перыяд Царква распаўсюдзілася па многіх язычніцкіх краінах Афрыкі, Азіі і асабліва Еўропы.
У Афрыцы першымі прынялі Хрысціянства абісінцы або эфіопы. Апосталам Эфіопіі быў Святы Фруменцій. Каля 340-га года, яшчэ ў юнацкім узросце, ён разам са сваім дзядзькам Меропіям і братам Эдэсіям, вандравалі на караблі і прысталі да берага Абісініі. Мясцовыя жыхары забілі мараплаўцаў, акрамя двух братоў. Іх прывезлі да цара Чагема, які, убачыўшы іх адукаванасць, аднаго прызначыў казначэям, а другога пісьмаводцай. Прыблізна ў 342-м годзе, пасля смерці цара, яго ўдава папрасіла братоў займацца справамі кіравання той краіны, пакуль яе сын не дасягне паўналецця. Калі ж той стаў дарослым, ён адпусціў іх.
Эдэсій стаў святаром, а Фруменцій, калі прыехаў у Александрыю, пазнаёміў Патрыярха Афанасія са станам спраў у Абісініі. Патрыярх, пасля адпаведнай падрыхтоўкі, высвяціў Фруменція на біскупа. У Абісінію той ужо вярнуўся з некалькімі святарамі. У хуткім часе ён навярнуў у Хрысціянства дзвух сыноў цара Чагема, якія валадарылі разам і распаўсюдзіў веру сярод тубыльцаў. Святы Фруменцій паклаў пачатак перакладу Святога Пісьма і багаслужбовых кніг на абісінскую мову.
Жыхары Каўказа прынялі Хрысціянства часткова в ІV-м, часткова ў VІ стагоддзі. Так, напрыклад, у Іверыі, на зямлі сучаснай Грузіі, мясцовыя жыхары, іверы, пакланяліся агню і шанавалі дввух багоў. Аднойчы да іх у палон трапіла хрысціянка Ніна, верагодна манашка, якая паходзіла з Грэцыі. Па яе малітвах вылечалася дзіця а потым і царыца Іверыі. Сам цар, аднойчы заблукаўшы ў лесе, памаліўся хрысціянскаму Богу і паабяцаў пабудаваць храм, калі паспяхова трапіць дамоў. Сваё абяцанне ён пачаў выконваць і адначасова, па парадзе Святой Ніны, адправіў пасольства да імператара Візантыі Канстанціна з просьбай аб пасланні ў Іверыю, сёняшнюю Грузію, біскупа і духавенства. Просьба была выканана, а цар і царыца Іверыі рабілі ўсё дзеля навяртання сваіх падданых у Хрысціянства. У 457-м годзе Канстанцінопальскі Патрыярх Анатолій прызначыў арцыбіскупам у Грузію грэка Пятра, даўшы яму тытул каталікоса ўсёй Іверыі.
Ад івераў Хрысціянства паступова распаўсюдзілася паміж іншымі плямёнамі Каўказа. Так, у 520-м годзе цар лазаў і цанаў Цат, прыбыў у Канстанцінопаль і звярнуўся да імператара Юстына І-га з просьбай аб хросце. Хутка і яго народы прынялі веру Хрыстову. У 541-м годзе Візантыйскі імператар Юстыніян Вялікі паслаў святароў да язычнікаў-абхазаў, і ў Пітыунце (цяпер гэта горад Піцунда), была зацьверджана біскупская катэдра.
Апосталам Арменіі быў Грыгорый, якога за прапаведніцкую дзейнасць называлі асветнікам. Ён быў грэкам і паходзіў са знакамітай сям’і, якая была роднай сем’ям цароў Персіі ды Арменіі. Спрэчкі і войны вымусілі яго прыехаць у Кападокію, дзе ён стаў хрысціянінам і ажаніўся. Але жонка памярла і Грыгорый, вярнуўшыся ў Арменію, паступіў на службу да цара Тырыдата. У хуткім часе, за спавяданне Хрыста, Грыгорыя пачалі пераследваць а потым, па загадзе цара, яго кінулі ў глыбокі і нячысты роў з пачварамі і змеямі. Там ён правёў 14 гадоў, карміла яго нейкая ўдава. Адтуль яго дасталі, калі лютасць цара Тырыдата ўжо стала вар’яцтвам. Святы Грыгорый ацаліў цара і навучыў яго хрысціянскай веры. Атрымаўшы сан святара ад біскупа Кесарыі Лявонція, ён ахрысціў не толькі армянаў, але і мноства суседніх плямёнаў. Перад сваёй канчынай Святы Георгій выдаліўся на маўчанне ў пустыню, пакінуўшы спадкаемцай свайго сына, вядомага ў царкоўнай гісторыі Святога Арастана. Справу Святога Грыгорыя завершыў адзін з яго патомкаў Ісак Вялікі, які заснаваў мноства цэркваў, манастыроў і народных школаў. Ён жа падрыхтаваў цэлае пакаленне святароў і паклаў пачатак армянскай багаслоўскай літаратуры. Пад час барацьбы Хрысціянскай Царквы з ерасямі ў ІV-м і першай палове V-га стагоддзя Армянская Царква заставалася вернай агульнай хрысціянскай навуке. Але ў другой палове V-га стагоддзя яна аддзялілася з прычыны прыняцця монафізіцтва.   







All the contents on this site are copyrighted ©.