2007-08-09 17:13:11

Кардынал Мартiно наведаў Уганду.


Адбыўся вiзiт кардынала Рэнато Рафаэлле Мартiно, кiраўнiка Папскай рады “Справядлiвасць i мiр” у Уганду. Пад час вiзiта ён заявiў, што магчыма Бенедыкт XVI° прыйме запрашэнне прэзiдэнта Уганды Йоверi Мусевенi наведаць гэту ўсходняафрыканскую краiну.
Мэта вiзiту кардынала Мартiно ў Уганду – прэзентацыя новай кнiгi “Компендiум Сацыяльнай дактрыны Каталiцкай Царквы” i дапамога маладым студэнтам-католiкам у правядзеннi Мiжнароднага спаткання.
Як паведамляе iнфармацыйнае агенства “New Vision”, проф. Джiлберт Букенья, вiцэ-прэзiдэнт краiны, заявiў, што прэзiдэнт Мусевенi папрасiў яго паўторна перадаць кардыналу Мартiно запрашэнне для Папы наведаць iх краiну.
“Прэзiдэнт Мусевенi рэдка ўсмiхаецца, але калi я расказаў яму аб нашым госце, ягоны твар прасвятлеў, i ён папрасiў мяне перадаць Папе Бенедыкту XVI° праз кардынала Мартiно запрашэнне наведаць Уганду, - сказаў сп. Букенья.
“Шчыра спадзяюся, што ў хуткiм часе мы будзем мець шчасце прыймаць у сябе яшчэ аднаго Папу”, - дадаў прэзiдэнт Мусевенi.
Свяцейшы Айцец Ян Павел II° наведаў Уганду ў лютым 1993 года.
Пад час прэзентацыi новай кнiгi кардынал Мартiно адзначыў, што кожнаму жыхару Уганды неабходна баранiць сваё права на жыццё i паважаць справядлiвасць i мiр, бо гэта мае вельмi важнае значэнне для садзейнiчання прымiрэнню ва ўсёй краiне.
Спадар Букенья сказаў, што “прачытаў некалькi раздзелаў гэтай кнiгi. Гэта жыццёва-важны дакумент, да якога павiнны звяртацца палiтыкi, бо яны адыгрываюць вялiкую ролю ў тым, што тычыцца прыняцця рашэнняў у краiне”.







All the contents on this site are copyrighted ©.